У духу гэтай Божай любові, паслухмяная закліку Сына, Яна прыняла ў апостале Яне нас усіх як сваіх дзяцей” (Angelus, 1999). Марыя вызваляе нас ад незлічоных небяспек, якіх не змаглі б пазбегнуць самастойна. Яна ахвяруе чалавеку ўсё, што “захавала ў сваім сэрцы”. У Марыі знаходзім першы знак надзеі. Звяртаемся да Яе, калі адчуваем сябе згубленымі, калі хочам выпрастаць кірунак жыцця, а таксама калі згасае вера ў нашых сэрцах. Просім Яе заступніцтва, калі перажываем драму адзіноты, ізаляцыі і пакінутасці ў сувязі з пануючай пандэміяй каронавіруса. Маці Божая з’яўляецца вернай надзеяй на збаўленне, якая ззяе сярод жыццёвых цяжкасцей.
Сёлетні май не такі, як заўжды. У нашых парафіях не будзе традыцыйных урачыстасцей Першай св. Камуніі, а моладзь не зможа прыняць сакрамант канфірмацыі. Усё гэта адбудзецца крыху пазней... У нашых святынях значна менш людзей, менш пажылых, адданых жанчын, якія абаранялі Божае і святое. Не ва ўсіх будзе магчымасць кожны дзень збірацца ў касцёлах або каля прыдарожных капліц. Некаторыя застануцца ў сваіх “хатніх касцёлах”, каб там з верай і любоўю ўглядацца ў Маці Бога, ушаноўваць Яе. Кожны пакліканы вызнаваць сыноўскую любоў, вучыцца ў Найсвяцейшай Маці прыгожаму ладу жыцця і прасіць аб апецы. Кожны мае права “ўзяць Яе да сябе”.
Задача для нас – прыняць Марыю як сваю духоўную Маці. Бярэм Яе да сябе ў плоскасці нашага розуму – калі пазнаём Яе, бачым у святле веры вялікую годнасць Марыі як Маці Бога-Чалавека, калі ўсведамляем вялікую ролю, якую адыграла ў жыцці Хрыста і якую выконвае як Маці Касцёла. Мы павінны таксама ўзяць Марыю да сябе ў плоскасці сэрца, палюбіўшы Яе як найлепшую Маці. Гэтая любоў будзе праяўляцца ў актыўным служэнні Ёй, у радасным святкаванні марыйных урачыстасцей, у ахвотным удзеле ў марыйных набажэнствах і паломніцтвах у Яе санктуарыі. Нам таксама трэба ўзяць Марыю да сабе ў плоскасці свайго жыцця, г. зн. пераймаць Яе ў радасным служэнні Пану Богу.
Дарагія Чытачы!
Будзем жыць у свядомасці таго, што Марыя бяспечна правядзе кожнага, хто даверыцца Ёй, праз мірскую пілігрымку ў вечную Айчыну. Дзякуйма Ёй за тое, што з’яўляецца нашай Маці, і за тое, што заўсёды на баку чалавека!