Быць падобным да Бога

Слова рэдактара

 Кансэкраванае жыццё – гэта жыццё, прысвечанае Пану ў выключную ўласнасць, у глыбокай блізкасці для Бога і Яго Любові.
   Манахі, манахіні, а таксама асобы, якія жывуць у свецкіх інстытутах, – гэта простыя людзі, узятыя з нашых сем’яў і парафіяльных супольнасцей. Яны з любоўю адказалі згодай на голас Бога, робячы адважны выбар: адрачыся ў імя Айца і Сына, і Святога Духа ад радасці і клопатаў сямейнага жыцця, ад дару сужэнства, часам таксама ад прафесіі і ў шырокім сэнсе разуметай самарэалізацыі, ад усякага валодання на карысць жыцця паводле евангельскіх парад.
Яно абумоўлена жаданнем прыпадабнення да Хрыста чыстага, усім сэрцам, усёй душою і ўсім розумам звязанага з Айцом; убогага, які валодае тым, што належыць Богу, нічога не маючы ва ўласнасці, каб быць вольным, адкрытым на Провід і міласэрным да людзей;
    пакорнага, які праз поўную любові паслухмянасць заслужыў нам збаўленне.
    З упэўненасцю можна прызнаць, што не чалавек выбірае Бога, а Бог выбірае і заклікае чалавека. Ведаючы нас лепш, чым мы самі, Стварыцель заўсёды прапануе найлепшае. Разам з тым, пакідае людзям вольнасць, падказваючы чула і адначасова з глыбокай павагай.
    Трэба разумець, што няма “лепшага”, “горшага” ці “больш узнёслага” паклікання. Кансэкраваныя асобы былі выбраны Богам не з-за надзвычайных якасцей ці звышнатуральнай набожнасці. Запрашаючы пэўную асобу на манаскую паслугу, Пан перакананы, што такім чынам яна здолее дасягнуць падабенства з найлепшымі сярод людскіх Сыноў.
    Дарагія Чытачы!
   Молімся за ўсіх кансэкраваных асоб, якія служаць у нашым Касцёле, каб згодна са сваёй харызмай яны сведчылі пра любоў Бога да чалавека і ўласным жыццём узнаўлялі дух першай супольнасці вучняў Хрыста (параўн. Дз 4, 32). Молімся адзін за аднаго, каб выканалі волю Бога, бо ў ёй утоены скарб. У ёй знойдзем шчасце, нават калі наша жыццё напоўнена досведам вялікіх намаганняў і цярпення.
    Найважнейшай мэтай кожнага хрысціяніна з’яўляецца святасць. Рэалізуючы асабістае пакліканне, давайце разам імкнуцца да святасці, становячыся падобнымі да Бога!