Трэба ўсвядоміць, што ўчынкі могуць быць выразам любові да бліжніх, толькі калі выконваем іх з пакорай. Памятайма, што служэнне іншым – у канчатковым рахунку менавіта пра гэта ідзе гаворка – павінна наблізіць нас да Пана, які прыйшоў для таго, каб служыць, а не каб Яму служылі (параўн. Мц 20, 28).
Жадаючы добра падрыхтавацца да свят Божага Нараджэння, не варта засяроджвацца на неістотных рэчах. Гаворка пра хоць неаднойчы вельмі набожныя, але толькі дадаткі. У гонцы за дробязямі рызыкуем згубіць з поля зроку сапраўдны Гарызонт нашага жыцця, якім з’яўляецца Хрыстос.
Езус неаднойчы падкрэсліваў, што пакліканне кожнага чалавека – з’яднанне з Айцом. Бог стаў чалавекам, каб мы аднойчы маглі прыняць поўны ўдзел у Яго жыцці. Каб рэалізаваць гэтае пакліканне, мусім дазволіць, каб Евангелле пранікала ў нашыя сэрцы, а таксама распаўсюджваць яго сярод усяго стварэння. Гэта нялёгкая задача. Як засвойванне Добрай Навіны, так і яе распаўсюджванне адбываецца дзякуючы нястомным намаганням з боку чалавека. Аднак выраўніванне сцежак для Збаўцы – прынцыповая і вельмі важная справа ў жыцці кожнага хрысціяніна. У Адвэнце мы павінны ўзяцца за яе з новым запалам.
Дарагія Чытачы!
Памятайма, што наша канчатковая мэта – асягнуць збаўленне, якое з’яўляецца найбольшым дабром для чалавека. Быць збаўленым – значыць стаць удзельнікам Боскага жыцця, паглыбіцца ў любоў і шчасце самога Стварыцеля.