Аднойчы – калі пастановім, што хочам жыць у адзінстве з Богам, шматразова – пасля кожнага падзення. Грэх – гэта збочванне з дарогі, якая вядзе ў вечнасць. Аднак Езус заўсёды дае нам чарговы шанс. Колькі іх мы атрымліваем за ўсё жыццё! І мала калі задумваліся, што кожны можа быць апошнім...
Бог аб’явіўся чалавеку як хтосьці самы блізкі, як Айцец і Сябар. Ён прагне засцерагчы сваё любімае дзіця ад чарговай раны; прагне шчырай, адкрытай і поўнай даверу сувязі з чалавекам, каб магчы яго аздараўляць. Аднак еднасць з Усемагутным немагчымая без адмаўлення ад граху.
Ніхто з людзей не нараджаецца вялікім грэшнікам. Становіцца ім, калі дазваляе д’яблу ўварвацца ў сваю душу і запанаваць у ёй. Прыгадаем лёс Адама і Евы: яны былі бязвіннымі, пакуль не паддаліся спакусе. Грэх толькі спачатку салодкі, як плод, сарваны з Дрэва Жыцця. Яго наступствы вельмі горкія, а часам нават атрутныя. Д’ябал, галоўны віноўнік беззаконняў, прагне для людзей толькі знішчэння. Шчасця ж чалавек можа дасягнуць толькі ў гармоніі з Богам.
Калісьці манахіня тлумачыла дзецям: “Чым бліжэй я падыходжу да акна і святла, тым больш плям бачу на сваім хабіце”. Так і з нашым навяртаннем і набліжэннем да Пана. Чым бліжэй мы да Яго, тым больш недасканаласцей у сабе заўважаем. Аднак гэта не павінна выклікаць нездаровыя згрызоты сумлення – мусіць узнікаць жаданне непахісна накіроўвацца да святасці з верай у гаючую Божую міласэрнасць.
Вялікі пост – гэта час пакаяння і барацьбы з грахом, час прызнання сваёй недасканаласці і асуджэння зла. Мы павінны знішчыць усіх бажкоў, якіх паставілі на сваім шляху да Бога, памятаючы, што не дастаткова пазбягаць зла, трэба таксама рабіць як мага больш дабра.
Дарагія Чытачы!
Няхай у сёлетні пакаянны перыяд нас умацуюць рэкалекцыі, велікапосныя набажэнствы, пост і міласціна, а таксама добра перажытая споведзь. Мейма адвагу кінуцца ў адкрытыя абдымкі Бога, даручаючы Яму ўсё сваё жыццё.