Жыццё Святой Сям’і было ціхім, простым і ўбогім. Яе шчасце заключалася не ў багацці, раскошы і высокім палажэнні ў грамадстве, а ўнутры сэрцаў, у любові і адказнасці адзін за аднаго. Ні Езус, ні Марыя, ні Юзаф не адчувалі сябе адзінокімі, паколькі мелі непахіснае ўсведамленне таго, што яны патрэбныя адзін аднаму. Былі ўпэўненыя, што будуць разам у добрым і ў дрэнным.
Такая штодзённая святасць дасяжная для кожнай сям’і! Каб Бог пасяліўся сярод нас, дастаткова толькі паверыць: тым, што можа выратаваць чалавека, з’яўляецца любоў. І калі будзем будаваць сваё жыццё на гэтай вызначальнай каштоўнасці, Усемагутны абавязкова аб’явіць сваё аблічча ў нашых сем’ях.
Дарагія Чытачы!
Няхай на першым месцы ў нашых сем’ях будзе збаўчая воля Хрыста. Бацькі сем’яў, углядайцеся ў постаць св. Юзафа, каб сваю жонку і дзяцей заўсёды ўспрымаць як Божы дар. Жонкі і маці, па прыкладзе Марыі, паслухмянай Юзафу, прызнавайце і шануйце аўтарытэт мужа. Дзеці, падобна Езусу, які з пакорай выконваў наказы сваіх зямных Бацькоў, паважайце маму і тату і будзьце ім паслухмянымі.
Усім сем’ям жадаю шчаслівага новага 2019 года, шчодрага на Божае бласлаўленне і ласкі!