Хочам пашыраць свае гарызонты

Слова рэдактара

14-449-pdf byСёння канікулы саступаюць месца навуцы. Ужо праз некалькі дзён распачнецца новы школьны і катэхетычны год – час навучання, працы, здабывання ўменняў і навыкаў. “Усё мае свой час, і ёсць вызначаная гадзіна на ўсе справы пад небам” (Ках 3, 1).
    Самыя прыемныя дні ў годзе скончыліся разам з канікуламі. Мінуў час забаў і адпачынку, радасці і свабоды. Мы яшчэ доўга будзем успамінаць зялёныя лясы, рэкі, лугі і марскі пясок. Усё яшчэ жывуць у памяці незабыўныя ўражанні ад пешых пілігрымак, рэкалекцый, фармацыйных сустрэч і інш. Узмоцненыя духоўна, з адноўленай верай і запалам мы вяртаемся да сваіх штодзённых заняткаў.
Гледзячы на душпастырскія ініцыятывы, якія падчас сёлетніх канікул прапанаваў Касцёл, трэба згадзіцца, што дзеці і моладзь на выдатна здалі экзамен па рэлігійнасці. Паказалі, што не існуе канікул ад Бога. Наадварот, адпачынак з’яўляецца цудоўнай нагодай, каб засведчыць аб сваёй веры, паказаць іншым, што “Езус жыве”. Безумоўна, візіт у іншы касцёл, малітва ў новым месцы з незнаёмымі людзьмі пэўным чынам ажывілі нашу духоўнасць.
    Дарагі Малады Сябар!
    На парозе чарговага года здабывання новых ведаў, патрэбных для жыцця, падзякуй Пану Богу за шчаслівыя канікулы, гарачае сонца і павеў ветру. Бачачы ў люстэрцы свой загарэлы твар, памятай, што пасталеў. А гэта патрабуе ад Цябе мудрасці. Таму ўжо з першага дня навучання старайся працаваць так, каб атрыманыя веды дапамагалі Табе служыць людзям. У настаўніках, выхавацелях і бацьках адкрывай Езуса. Дзякуй Богу за таленты, а праз любоў да навукі выкарыстоўвай усе дары свайго сэрца.
    Жыццё прыносіць новыя задачы і перашкоды, таму існуе пастаянная патрэба інтэлектуальнага развіцця. Так як цягнік не можа стаяць на месцы, бо інакш пасажыры не дабяруцца да сваёй мэты, так і чалавек праз здабыванне ведаў павінен пашыраць свае гарызонты. “Будзем імкнуцца пазнаваць Пана” (Ос 6, 3). Няхай гэтыя словы стануць заахвочваннем для кожнага, каб мы імкнуліся глыбей пазнаваць нашага Пана Езуса Хрыста. Бог хоча, каб мы ведалі Яго і правялі з Ім цэлую вечнасць. Для таго Ён і паслаў на свет свайго Сына, каб кожны чалавек мог зразумець Яго і пазнаць асабіста. Толькі Езус можа надаць жыццю значэнне і мэту.
   
    Дзяцей, моладзь, бацькоў, настаўнікаў і выхавацеляў, святароў, манаскіх сясцёр і катэхетаў даручаем Найсвяцейшай Панне Марыі, каб Яна выпрасіла Божае бласлаўленне на новы навучальны і катэхетычны год.