На зямным шары існуе мноства цудоўных рэчаў, якім радуецца вока і да якіх цягнуцца рукі. Некаторымі з іх мы нават спрабуем захапляцца на працягу ўсяго нашага жыцця. Людзі часта паўтараюць у такіх сітуацыях: “Гэта цуд!”, забываючыся, што для цуду не абавязкова патрэбна нешта выключнае і спецыяльнае, і не заўважаючы ў сваёй штодзённасці цуду ўласнага жыцця. Кожны з нас з’яўляецца цудам, а цудатворца – сам Бог, які стварыў чалавека па сваім вобразе і падабенстве. Цудам з’яўляецца нашае жыццё, цудам з’яўляецца тое, што робіць кожны з нас. Не трэба чакаць, пакуль здзейсніцца цуд. Мы штодзённа можам сустрэць на сваім шляху Езуса, які і з’яўляецца цудатворцам.
Але мы таксама сустракаем цудатворцаў сярод людзей. Гэта звычайныя людзі: настаўнікі, урачы, цырульнікі, простыя і звычайныя працаўнікі і г.д. Я – цуд, таму што Бог мяне любіць, любіць усіх людзей, усіх без выключэння. Любоў Езуса да нас неабмежаваная. Нават нашыя слабасці, памылкі, усякая нядбайнасць не абмяжоўваюць яе. Бог любіць мяне таксама, як Маці Тэрэзу і Яна Паўла II, пробашча і міністрантаў маёй парафіі, маладога чалавека і старэйшага, як любіць кожнага. Бог у нованароджаным Езусе адсланяе сваё аблічча на зямлі. Цуд Божага нараджэння здзяйсняецца ў кожным з нас тады, калі мы адказваем на Божую любоў. Гэты адказ вельмі нам патрэбны. Гэта цуд нашага зямнога жыцця, які вядзе нас да Бога. Не трэба думаць, што мы замалыя для цуду ці для таго, каб паўплываць на штосьці, што адбываецца навокал, бо змагаючыся з грахом і слабасцямі, мы становімся сведкамі цуду асабістага навяртання. †