У гэтым нумары я хацеў бы расказаць Вам пра значэнне і род хрысціянскай святыні – гэта касцёл. Ён не з’яўляецца толькі звычайным будынкам, але перш за ўсё – Божым домам, інтэр’ер якога цераз розныя сімвалы прыадкрывае перад намі як бы невялічкую часцінку нябеснай хвалы. Касцёлам называецца таксама ўся чалавечая сям’я, якая вераць у Хрыста, якую, мой дарагі сябар, ствараем і ты, і я.
А каб прыняць удзел у св. Імшы ці ў іншых літургічных набажэнствах, кожны раз мы збіраемся ў касцёле ці, калі няма такой магчымасці, у іншым месцы, якое годна вялікіх Божых таямніцаў. Святыня і ўсе прадметы культу выглядаюць належным чынам, прыгожа, а цераз розныя знакі яны гавораць нам пра Божыя праўды. Святыня прысвечана Богу, таму сваім знешнім прыгожым выглядам яна дапамагае нам звяртацца сэрцам да вечных справаў. Гэта такое месца, дзе Творца выслухоўвае нашыя малітвы. У першыя стагоддзі хрысціянства касцёлы ўзводзіліся так, каб яны былі павернуты на ўсход, таму што ва ўзыходзячым сонцы людзі бачылі сімвал Змёртвыхпаўсталага Хрыста. На працягу стагоддзяў хрысціянскія святыні будавалі па-рознаму, напрыклад: з другой паловы XII ст. (гатыцкі стыль) у Францыі ўзводзілі вельмі высокія касцёлы. Гэтая стральчатасць святыні дапамагала вернікам узносіць угару сэрцы да Бога, а святло, якое прабівалася праз вялікія вокны і залівала святыню сваім шчодрым светам, сімвалізавала Хрыста – Святло свету.
†