Біскупы з Гродна прынялі ўдзел ва ўрачыстасцях Маці Божай Будслаўскай

Актуальна - З жыцця Касцёла

2–3 ліпеня ў Будславе адбыліся традыцыйныя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай. Сёлета з-за нядаўняга пажару базіліка была зачынена, а цудадзейны абраз Найсвяцейшай Панны Марыі быў змешчаны на палявым алтары, каб усе пілігрымы мелі магчымасць ушанаваць яго і прадставіць Маці Божай свае просьбы.
У галоўнай св. Імшы, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, удзельнічалі таксама іерархі з Гродна: біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч i Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі. На Эўхарыстыі прысутнічалі некалькі тысяч вернікаў з усёй Беларусі і з-за мяжы.
У гаміліі Апостальскі нунцый адзначыў, што будслаўскі санктуарый з яго цудадзейным абразом на працягу стагоддзяў штогод натхняе мноства вернікаў з усёй краіны, даючы ім новую духоўную сілу для пераадолення жыццёвых цяжкасцей і ўсё большага набліжэння да Езуса Хрыста, Збаўцы свету і ўсіх людзей.
    Як дадаў прадстаўнік папы Францішка, гэты санктуарый “стаў жыватворнай крыніцай, што наталяла смагу ўсіх пакаленняў хрысціянскага народу непрамінальнымі каштоўнасцямі – каштоўнасцямі, якія натхняюць вернікаў станавіцца жывым Евангеллем для кожнага нашага бліжняга”.
    Па словах арцыбіскупа, ён, наведваючы Будслаў, асаблівым чынам моліцца за мір і згоду ў нашай краіне, каб з Божай дапамогай і праз заступніцтва Маці Божай Будслаўскай удалося пераадолець усе падзелы і ўсталяваць у краіне сапраўдную культуру братэрства і салідарнасці.