Юбілей 80-годдзя адзначыў у Жупранах кс. Юзаф Занеўскі SDB

З жыцця Касцёла

Урачыстая св. Імша падзякі за 80 гадоў жыцця салезіяніна кс. Юзафа Занеўскага адбылася ў парафіяльным касцёле свсв. апосталаў Пятра і Паўла ў Жупранах (дэканат Ашмяны).
Эўхарыстыю, у якой прынялі ўдзел біскупы, святары, манаскія сёстры і шматлікія вернікі, узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх, дзякуючы кс. Занеўскаму за шматгадовае ахвярнае святарскае служэнне ў дыяцэзіі, узвёў яго ў годнасць ганаровага каноніка Катэдральнага капітула Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Казіміра, каралевіча.
Кс. Юзаф Занеўскі нарадзіўся ў в. Заневічы каля Гродна.
    У вялікай сям’і, дзе было пяць сыноў і тры дачкі, будучы святар быў малодшым. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў таемна ў 1978 годзе ў Польшчы. Быў першым салезіянінам, які прыехаў у Беларусь, каб аднаўляць веру і несці Божае слова ў краіну, змучаную атэізмам.
    Служыў у Гродзенскай дыяцэзіі ў Гродне, Гервятах і Жупранах, а ў 1991 годзе па запрашэнні арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча пераехаў у Расію, дзе больш за 25 гадоў быў пробашчам маскоўскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Таму некаторыя называюць яго “апосталам Масквы”.