Адпустовая ўрачыстасць у Пераломе – “калысцы” капуцынаў

З жыцця Касцёла

25 красавіка ў Пераломе каля Гожы (дэканат Гродна-Усход) адзначылі адпустовую ўрачыстасць у гонар св. Юрыя. У гэты дзень у невялікай драўлянай капліцы адбылася св. Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Святыня ажывае два разы на год: у адпустовыя ўрачыстасці св. Юрыя і Найсвяцейшага Імя Марыі. У гэты дзень на свята прыбылі вернікі, для якіх гэтае месца важнае. Як адзначаюць яны самі, там асаблівым чынам адчуваецца Божая прысутнасць, а мясціны, дзе знаходзіцца капліца, спрыяюць засяроджанню і малітве. На ўрачыстасці прысутнічалі таксама браты капуцыны з Докшыцаў, бо Пералом – знакавае для іх месца, іх “калыска”. Менавіта тут на пачатку мінулага стагоддзя ўпершыню ў Беларусі з’явіліся прадстаўнікі Ордэна.
Гамілію падчас св. Імшы прамовіў пробашч парафіі ў Докшыцах а. Віталій Бандаронак OFMCap. Святар казаў пра тое, як важна адкрыцца на Бога, які заўсёды звяртаецца да чалавека, і заклікаў даручаць усе свае клопаты Пану, здольнаму нават самыя вялікія пакуты перамяніць у радасць.
    Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў мясцовым вернікам за іх прывязанасць да касцёла і вернасць Богу, а таксама за тое, што клапоцяцца пра святыню, прыгожую сваёй прастатой і сціпласцю. Біскуп прызнаўся, што часам прыязджае сюды “ціха”, каб памаліцца ў прыватным парадку і на ўлонні прыроды адпачыць ад штодзённых спраў і абавязкаў.