Падарожжа па святых месцах

З жыцця Касцёла

У жніўні бягучага года наш пробашч кс. Здзіслаў Пікула арганізаваў для парафіян двухдзённую экскурсію па знакамітых касцёлах Беларусі. Група вернікаў у складзе 45-ці чалавек наведала 8 гістарычных помнікаў архітэктуры, якія ахоўваюцца дзяржавай.
У 1-шы дзень мы наведалі Будслаў, дзе атрымалі бласлаўленне на шчаслівае падарожжа. Упалі ў касцёле ніцма, давяраючы свой шлях Маці Божай у цудоўным абразе. Затым адправіліся ў Мосар. Там нас здзівіла прыкасцёльная тэрыторыя, засаджаная рознымі дрэвамі, кустамі і кветкамі. Далей маршрут пралягаў да возера Нарач. Адпачыўшы, вырушылі ў Міхалішкі. Тут мелі прыпынак на начлег. Сардэчна ўдзячныя мясцовым вернікам за шчодрую гасціннасць.
У 2-гі дзень падарожжа наведалі парафію Варняны, дзе чвэрць стагоддзя служыў наш пробашч. Парафіяне сустракалі былога душпастыра з вялікай радасцю, са слязьмі на вачах. Затым мы прыбылі ў Гервяты. Не хопіць слоў, каб перадаць усю прывабнасць гэтага маляўнічага месца! Касцёл проста патанаў у разнастайнай зеляніне. Перад тым, як зайсці ў святыню, разам з нашым пробашчам памаліліся на магіле яго сябра, былога мясцовага душпастыра кс. Леаніда Несцюка. У Астраўцы нас сардэчна прывітаў кс. дэкан Юзаф Багдзевіч. Ён з гонарам распавёў групе пра гісторыю тутэйшай святыні.
    Апошнім прыпынкам на нашым шляху стаў Гудагай.
    У мясцовым касцёле кс. Здзіслаў адправіў св. Імшу, паблаславіўшы групу на добрую дарогу дадому.
    Вернікі засталіся вельмі задаволены падарожжам, падчас якога маглі разам адпачыць, а галоўнае – духоўна ўзбагаціцца. Бязмежна ўдзячныя за гэта пробашчу кс. Здзіславу Пікулу! Няхай Бог аддзячыць яму за ахвярную душпастырскую працу.