Моладзь Беларусі памалілася Ружанцам праз
З жыцця Касцёла
31 кастрычніка моладзь з Гродна, Мінска, Полацка і Магілёва правяла ружанцовую малітву праз Skype. Гэта ўжо пяты па ліку Ружанец, які праводзіцца моладдзю з выкарыстаннем сучасных сродкаў сувязі.
Першая такая малітва праходзіла ў гродзенскім катэдральным касцёле з выкарыстаннем мабільнай сувязі. Калі да гэтага ўдзельнікамі была моладзь гродзенскай дыяцэзіі, то ў гэты раз праз Skype маліліся маладыя католікі з усёй Беларусі.
Ружанец адбыўся 31 кастрычніка. Так каталіцкая моладзь у супрацьлегласць Хэлоўіну, які ўваходзіць у моду ў Беларусі, вырашыла паказаць перавагу веры ў жывога Бога.
Перад малітвай адбылася святая Імша з удзелам моладзі розных парафій Гродна і моладзі з душпастарства “OPEN”. †
Падчас Імшы, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, моладзь прынесла да алтара дары. Быў прынесены мабільны тэлефон як напамін пра тое, што праз віртуальныя зносіны губляюцца жывыя стасункі адзін з адным і з Богам; каралі як сімвал частага імкнення да прыгажосці знешняй, забываючы пра добрыя ўчынкі і ўнутраную прыгажосць; шалік – сімвал малітвы за тое, каб холад быў толькі на вуліцы, а не ў сэрцах; вада – сімвал жывой вады, якую дае Езус, і таго, што менавіта яна, а не матэрыяльныя рэчы, можа наталіць смагу чалавека ў свеце і зрабіць яго шчаслівым. Былі прынесены хлеб і віно – сімвал ахвярнасці Хрыста, у той час, калі людзі, думаючы толькі пра сябе, не заўважаюць патрэбы блізкіх і ігнаруюць запаведзь любіць бліжняга як самога сябе.
У Ружанцы ўдзельнічала моладзь з Гродна (пад кіраўніцтвам кс. Антонія Грэмзы), Мінска (пад кіраўніцтвам кс. Рамана Сушы), Полацка (пад кіраўніцтвам кс. Аляксея Асона) і Магілёва (пад кіраўніцтвам кс. Віталія Драздоўскага).
Удзельнікаў Ружанца прывітаў бікуп Аляксандр Кашкевіч. Таксама на малітве прысутнічалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.
Нягледзячы на невялікія збоі ў сувязі, малітва праз Skype адбылася. Прадстаўнікі кожнага горада маліліся і разважалі над сваёй таямніцай Ружанца. Разважанні чаргаваліся са спевам. У гэты вечар адчуваліся Хрыстовы запал і атмасфера адзінства.
Пасля заканчэння малітвы сваімі думкамі і ўражаннямі падзяліліся біскупы Алег Буткевіч і Аляксандр Яшэўскі, а на заканчэнне біскуп Аляксандр Кашкевіч блаславіў моладзь, якая, аднак, не спяшалася вяртацца дадому, а яшчэ паўгадзіны праслаўляла Бога спевам.