V Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці прайшоў у Гродне

З жыцця Касцёла

Сёлета свята, якое было арганізавана пры парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, праходзіла пад дэвізам “Хачу быць місіянерам радасці”. У “краіну радасці” ў гэты дзень прыбыло каля 2 тысяч дзяцей з усёй Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама дзеці з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Арганізатары падрыхтавалі для ўдзельнікаў мноства разнастайных сюрпрызаў і забаўляльную праграму. Таксама ў праграме былі розныя спартыўныя спаборніцтвы.
    Цэнтральным пунктам Дня дзіцяці была святая Імша, якую цэлебраваў кс. бп Аляксандр Кашкевіч у інтэнцыі ўсіх дзяцей дыяцэзіі. V Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці скончыўся абрадам рассылання маленькіх місіянераў у свет. Прадстаўнікі кожнай парафіі атрымалі з рук біскупа Аляксандра запаленыя свечкі і пасланне, у якім было напісана: “Місіянер – гэта той чалавек, які выязджае ў далёкія краіны, каб расказваць людзям пра Бога, дзяліцца радасцю і міласэрнасцю, як Пан, дапамагаць у цяжкую хвіліну. Місіянерамі бываюць святары і манаскія сёстры, але таксама можам быць і мы, кожны з нас. Мы можам гэта рабіць нават сёння, нават зараз, кожны наш дзень несці Езуса ў сэрцы іншых людзей”.