Парафія ў Адэльску адзначыла 525-гадовы юбілей

З жыцця Касцёла

Урачыстая святая Імша з нагоды юбілею парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася 13 чэрвеня. Сваю родную парафію наведаў у гэты дзень Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У гаміліі падчас Імшы Мітрапаліт параўнаў Касцёл з лодкай, якой кіруе Хрыстос праз свайго намесніка на зямлі – Папу. “І калі мы давяраем сябе Хрысту, то можам быць упэўненымі, што Ён суцішыць буры і абароніць нас ад кожнай небяспекі”, – сказаў іерарх. Арцыбіскуп дадаў, што так было і з адэльскай парафіяй, асабліва ў часы праследаванняў у ХХ ст., калі там доўгія гады не было святара, атэістычная ўлада забараняла дзецям наведваць касцёл.
    “Сёння мы дзякуем нашым продкам за запрашэнне і прыняцце Хрыста ў гэтай адэльскай зямлі 525 гадоў таму. Дзякуем мінулым пакаленням за трыванне ў веры, абарону яе падчас праследаванняў і перадачу маладым пакаленням адэльчан”, – сказаў арцыбіскуп.
Іерарх нагадаў, што з адэльскай зямлі выйшлі многія святары, чатыры біскупы. Мітрапаліт пажадаў, каб адэльская парафія і далей заставалася “вернай Богу і традыцыям нашых продкаў, месцам пасвячэння Богу чалавечых сэрцаў”. Пасля Імшы зноў адбылася працэсія вуліцамі мясцовасці, падчас якой у цэнтры Адэльска быў асвечаны васьмітонны камень, які быў адмыслова ўсталяваны да 525-годдзя парафіі. Гэты камень упрыгожаны выявай герба Адэльска, на якім з аднаго боку змешчана выява св. Антонія, а з другога – выява касцёла.
    Таксама з нагоды ўрачыстасці быў падрыхтаваны медаль ганаровага грамадзяніна Адэльска, якім быў узнагароджаны арцыбіскуп Кандрусевіч.