Адной з лепшых нагод, каб напісаць пра святарства, з’яўляецца ўрачыстасць пасвячэнняў прэзбітэрату. Здавалася б, што ў гэтым няма нічога новага для Гродзенскай дыяцэзіі, якая ўжо на працягу 20-ці гадоў чуе той Божы голас, які ўказвае маладым хлопцам дарогу да святарскага служэння. Абрады, якія суправаджаюць гэту ўрачыстасць: прадстаўленне і выбар кандыдата, прамова біскупа, пытанні, якія задаюць кандыдату, літанія да Усіх Святых – з’яўляюцца пацвярджэннем таго, што выбар кандыдата быў зроблены згодна з практыкай Касцёла. Затым – урачысты акт кансэкрацыі, пасля якога адбываецца намашчэнне святым крыжам, перадача патэны і келіха. Усё гэта з’яўляецца знакам намашчэння праз Святога Духа, які робіць паслугу маладых святароў плённай.
Безумоўна, гэты дзень – субота 28 мая – надоўга застанецца ў памяці нядаўна пасвечаных святароў і многіх з нас. У гэты дзень, падчас урачыстасці святарскіх пасвячэнняў, новыя прэзбітэры і ўсе прысутныя па-асабліваму пачулі з вуснаў пастыра дыяцэзіі ўрачыстыя словы малітвы пасвячэння: “Айцец Усемагутны, просім Цябе, дай гэтым Тваім слугам годнасць прэзбітэрату, аднаві ў іх сэрцах Дух святасці…”
У сваім пастырскім слове ксёндз біскуп прыгадаў новым святарам і ўсім прысутным словы папы Бэнэдыкта XVI, які ў Варшаве сказаў прысутным святарам: “Вернікі чакаюць ад святароў толькі аднаго: каб яны былі спецыялістамі па спатканні чалавека з Богам”. Якіх жа спецыялістаў атрымаў Гродзенскі Касцёл у 2011 годзе?
Гледзячы на нядаўна пасвечаных святароў, разумееш, што яны далучаны да святарства Хрыста. Менавіта да таго святарства, якое фарміруецца праз штодзённую працу асабістай малітвы, праз шчырасць у сакрамэнце пакаяння і адкрытасць у духоўным кіраўніцтве, праз добрыя адносіны з кіраўніцтвам і актыўны ўдзел у супольным жыцці, навучанні і рэкалекцыях. Гэта толькі некаторыя формы дзейнасці будучага святара – спецыяліста па зразуменні свайго паклікання. Але найбольш важнае – гэта пачуць той голас Хрыста, які заклікае: “Пайдзі за мной”. Для ўсіх святароў святарства – гэта Хрыстос і сэнс жыцця.
Хвіліны святарскіх пасвячэнняў – самыя прыгожыя хвіліны для новых прэзбітэраў і іх родных. Часцей за ўсё цяжка адразу зразумець тое, што здарылася хвіліну таму. Толькі што пасвечаныя святары не ў стане апісаць сваё шчасце. Адзін з маладых ксяндзоў успамінае: “Гэта штосьці надзвычайнае. На працягу шасці гадоў у семінарыі я ўвесь час думаў пра тое, калі ўжо стану святаром. Бо так сапраўды на працягу гадоў фармацыі ў семінарыі чалавек тужліва чакае пасвячэння. На першым і другім курсах, перад тым, як апрануць сутану, часта пытаешся: “Божа, колькі яшчэ засталося гадоў і месяцаў?”. А ўжо потым час ляціць вельмі хутка. Я дагэтуль не магу паверыць, што ўжо стаў ксяндзом”.
Святарства немагчыма зразумець да канца. Усё святарскае жыццё дадзена святару, каб паглыбляць і нанова адкрываць у сабе гэты вялікі дар паклікання да служэння Касцёлу і людзям. Гэтым святарствам святар на працягу ўсяго свайго жыцця дзеліцца з чалавекам, якога сустракае на сваім шляху. Кожны з нас таксама далучаны да святарскага жыцця новапрэзбітэраў. Ва ўсім гэтым трэба памятаць аб пэўных вельмі важных рэчах. Па-першае, святарства – гэта дар і таямніца. Самым вялікім няшчасцем у наш час з’яўляецца тое, што, гаворачы на тэму святарства ці святара, чалавек забываецца, што гэта дар, але і таямніца. Таму мы не можам ведаць усяго пра святароў ці святарства, аднак, на жаль, часам паддаемся такой спакусе і асуджаем канкрэтных людзей ці святарства ўвогуле, робячы з сябе “экспертаў па святарах”.
Па-другое, бяда так званых “экспертаў” у тым, што яны забываюць дадаць да слова “святар” слова “чалавек”. Бо святар – гэта ж чалавек. Чалавек, які адкрывае ў сабе вялікую патрэбу абвяшчаць Евангелле. Чалавек, які здзяйсняе святыя сакрамэнты. Чалавек, які ёсць знакам Божай прысутнасці сярод нас. Таму ніводзін ксёндз не пазбаўлены недахопаў ці слабасцяў і змагаецца з імі, як кожны з нас.
Сёлетняя святарская ўрачыстасць была, як заўсёды, прыгожай. На тварах усіх прысутных панавала вялікая радасць, а ў сэрцах – супакой, што на жніве Гродзенскай дыяцэзіі хапае працаўнікоў. Гэты супакой дае вялікую надзею на тое, што праз працу і малітвы гэтых трох маладых святароў яшчэ многія людзі спаткаюцца з Богам, што ў Беларусі будзе ўсё менш людзей, абыякавых да Бога.
У нядзелю новапрэзбітэры дзяліліся радасцю святарскага жыцця ў сваіх родных парафіях. Я ўпэўнены, што гэтая радасць застанецца ў нашых маладых “спецыялістаў па спатканні чалавека з Богам” ажно да канца святарскага жыцця.