Хрост Пана

З жыцця Касцёла

Хрост Пана, Хрост Езуса Хрыста – гэтае свята ў хрысціянстве заканчвае перыяд Божага Нараджэння. У Рыма-каталіцкім Касцёле, як і Грэка-каталіцкім, яно прыпадае на нядзелю пасля ўрачыстасці Аб’яўлення Пана (Трох Каралёў).
    Святы Ян-Апостал называе месца, дзе павінен быць ахрышчаны Езус: “Гэта адбылося ў Бэтаніі за Ярданам, дзе Ян хрысціў” (Ян 1, 28). Як на даўнюю Заярданскую Бэтанію (таму што была таксама Перадярданская Бэтанія каля 3 км ад Ерузалему, дзе жылі Лазар з Марыяй і Мартай) указваецца сённяшні г.Chirbet el Medesz, дзе знаходзіцца паток, якія плыве ў Ярдан, у ім нават у спякотныя гады ёсць вада. Тут, паводле біблістаў, павінен быў хавацца Ілля. Тут жа праз 800 год пасля яго павінен быў выступаць перад народам Ян Хрысціцель. Зблізку Ярдан з’яўляецца вельмі плыткім. Менавіта сюдой праходзіў шлях з Усходу на Захад. Ян Хрысціцель выкарыстаў гэтую выгадную сітуацыю броду, каб абвяшчаць аб Месіі і падрыхтаваць людзей да Яго прыходу.
Гэтае месца прыцягвае пілігрымаў з усяго свету. Не перашкаджае гэтаму нават вострая сітуацыя, якая склалася ў палесцінскіх і ізраільскіх землях. У перыяд ад студзеня да кастрычніка 2010 г. амаль 210 тысяч паломнікаў з усяго свету наведала месца Хроста Пана ля берага ракі Ярдан. Ізраільскі бераг знаходзіцца ў зоне ваенных дзеянняў, але ўлады абяцаюць, што хутка гэтае месца будзе адкрыта для пілігрымаў.
    Першапачаткова свята Хроста Пана было ўстаноўлена ў літургіі ўсходняга Касцёла, таму што (нягледзячы на выразнае дакументальнае пацвярджэнне ў Евангеллях) хрост Езуса не меў у рымскай літургіі асобнага свята. Дэкрэтам Святой Кангрэгацыі Абрадаў з 23 сакавіка 1955 г. яно было ўстаноўлена на дзень 13 студзеня замест ранейшай актавы Epifanii, успаміну хроста Езуса. Паслясаборная рэформа літургічнага календара ў 1969 г. акрэсліла гэты дзень як свята Хроста Пана. Было прапушчана слова “успамін” і перасунуты яго тэрмін на нядзелю пасля 6 студзеня.
    Тэксты малітваў, якія звязаны са святам Хроста Пана, вельмі дакладна перададзены ў Бібліі. Яны падкрэсліваюць сувязь гэтага свята з урачыстасцю Epifanii г.зн. Аб’яўлення Пана. У гэтай падзеі католікі бачаць першае ў гісторыі свету з’яўленне ў бачнай постаці ўсёй Святой Тройцы: Бог-Айцец прамаўляе, Божы Сын знаходзіцца ў людской постаці, а Святы Дух з’яўляецца над Ім у выглядзе галубка (трынітарная epifania).
    З аднаго боку свята Хроста Пана аб’яўляе вернікам Езуса як любімага Божага Сына, пасланага Айцом у моцы Святога Духа для збавення чалавека, а з другога боку, накіроўвае ўвагу на рэчаіснасць хроста.
    Існуе літургічны загад, каб у Вялікую суботу прыбраць хрысцільню і паказаць людзям яе як калыску іх нараджэння для неба. З гэтай нагоды святар урачыста асвячае ваду для хрышчэння на вачах вернікаў.Разам са святам хроста Хрыста заканчваецца літургічны перыяд Божага Нараджэння. У Польшчы існуе даўні звычай заканчэння гэтага часу 2 лютым - святам Ахвяравання Пана (Грамнічнай Божай Маці). Таму да гэтай пары можна захаваць батлейку ў касцёле і спяваць калядныя песні.