Няхай Тваё Імя будзе праслаўлена!

Актуальна - З жыцця Касцёла

О Пані мая, Святая Марыя!
Тваёй ласцы асаблівай ахове і Тваёй Міласэрнасці, сёння, кожны дзень і ў гадзіну маёй смерці, душу і цела мае аддаю. Усе мае надзеі і радасці, усе ўціскі і недамаганні, жыццё і канец майго існавання Табе даручаю, каб дзякуючы Тваім заслугам усе мае ўчынкі былі выкананы і накірованы паводле Тваёй і Твайго Сына волі. Амэн
Звыш 300 гадоў Вастрабрамская Божая Маці з’яўляецца асаблівай Заступніцай літоўскай, беларускай і польскай земляў. Прыгожае адлюстраване Найсвяцейшай Марыі Панны са злёгку схіленай галавой у арэоле з дванаццаці зоркаў і шматлікіх праменняў схіляе да роздуму і малітвы. Далікатная стройная постаць Багародзіцы з прыадкрытымі вачамі і скрыжаванымі на грудзях далонямі абуджае любоў і давер. Несамавітая лагоднасць, задуменнасць, асалода і адначасова глыбокая павага выпраменьваюцца з гэтай выявы.
Не існуюць правераныя дадзеныя пра паходжанне гэтага абраза і пра яго аўтара. Дапускаюць, што ён быў намаляваны ў першыя гады XVII стагоддзя і быў змешчаны на адной з дзевяці брамаў Вільні, якую празвалі Мядніцкай ці Вострай.
ostrobramska2
Вастрабрамская Божая Маці бачыла шмат трагедый вільнянаў. У XVII, XVIII стагоддзях Вільню займалі шведская і руская арміі, часта апусташалі сталіцу пажары. Вільняне верылі, што ад апошняга спусташэння горада зберагла апека Вастрабрамскай Пані. Падчас вялікага пажару ў 1706 г. Яна ўсцерагла кляштар кармелітаў перад знішчэннем. Калі ў 1708 г. адзін з рускіх салдатаў паспрабаваў украсці сярэбранае адзенне з абраза, то ён быў скінуты на мур і трагічна загінуў. Гэтыя і іншыя цуды і ласкі складаюць змест т. зв. Вастрабрамскіх Гадзінкаў дзеля ўшанавання Найсвяцейшай Марыі Панны, Маці Міласэрнасці. З 1735 г. у лістападзе пачалі адзначаць свята Апекі Найсвяцейшай Маці. У 1761 г. быў занатаваны першы цуд. З таго часу ў капліцы пачалі з’яўляцца шматлікія воты як знакі атрыманых ласкаў. У 1828 г. на фасадзе капліцы быў змешчаны надпіс на польскай мове: “Маці Міласэрнасці! Мы аддаём сябе пад Тваю апеку!” Па загаду акупацыйных уладаў гэты надпіс быў напісаны па-лацінску: “Mater Misericordiae sub Tuum praesidium confugimus”.
{mosimage}   Вастрабрамскую Божую Маці называюць Маці Міласэрнасці. Гэты тытул мае глыбокі тэалагічны сэнс. У энцыкліцы пра Божую Міласэрнасць Божы слуга Ян Павел II піша, што Марыя, становячыся Маці Уцелаўлёнага Сына, адчула (выключным чынам) Божую Міласэрнасць, але адначасова акупіла свой удзел у аб’яўленні Божай Міласэрнасці ахвярай сэрца. Таму Марыя – гэта Тая, якая цалкам ведае таямніцы Божай Міласэрнасці. Яна накіроўвае свае міласэрныя вочы да турботаў кожнага засмучанага чалавека і выпрошвае ласку. Пастаянна Бог спачувае чалавеку цераз мацярынства Марыі Панны. Яна як Упрашальная Усемагутнасць, Маці Літасці, Пасрэдніца Усіх Ласкаў і Маці Міласэрнасці, перапоўнена чуллівасцю да людзей, да іх няўмеласці, мізэрнасці і слабасці, заўжды выбягае насупраць засмучаным сваім дзецям.
Марыя аб’яўляе свету міласэрную любоў, асабліва плённа прыбліжае яе людзям. Яна паказвае, якую вялікую сілу мае міласэрнасць. Так адбываецца таму, што гэтыя аб’яўленні (як растлумачвае Божы слуга) “асноўваюцца ў Багародзіцы на асаблівай успрымальнасці мацярынскага сэрца, на асаблівай уражлівасці, на асаблівай здольнасці дайсці да ўсіх, якія прымаюць ад Маці найлягчэй менавіта гэтую міласэрную любоў”.
{mosimage}{mosimage}   У слове маці заключана найбліжэйшая сувязь Марыі з намі. Гэта менавіта мама з’яўляецца самай блізкай асобай у жыцці кожнага чалавека. Маці Хрыста робіць гэта самым дасканалым чынам. Яна, адорваючы нас любоўю і раздаючы міласэрнасць, указвае нам шлях, якім і мы павінны ісці. Марыя стала найбольшай (з асяроддзя людзей) пасрэдніцай Божай Міласэрнасці. Тое, што Божая Міласэрнасць ахапіла Яе цалкам, прызнаецца ў словах: “Бо зрабіў Мне вялікае Магутны, і святое імя Яго, і міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне тым, што баяцца Яго” (Лк 1, 49 – 50).
Па прыкладу Марыі, Маці Міласэрнасці, мы павінны станавіцца сведкамі Божай Міласэрнасці. Заўжды і ў кожным месцы мы павінны сачыць за сваімі словамі і чынамі. Кожны дзень нам трэба мець адкрытыя вочы і сэрца на патрэбы іншага чалавека. Няхай жа нашыя словы нікога не раняць, але будуць суцяшэннем у цяжкія хвіліны. Няхай свята Божай Маці Міласэрнасці будзе нагодай да глыбокага роздуму над тым, ці нашае штодзённае жыццё годна Божых дзяцей, якія адчуваюць няспынна Божую Міласэрнасць.
Ракой плыве пашана да Вастрабрамскай Маці ў яе санктуарыі ў Вільні. Там гэты культ нарадзіўся, зросся з жыццём і пабожнасцю мясцовага люду, набраў характэрныя мясцовыя непаўтаральныя рысы, якія з’яўляюцца адлюстраванем рэчаіснасці. Гэта адчуваецца, калі мы знаходзімся ў Вострай Браме і бачым людзей, якія моляцца ў капліцы, на лесвіцы ці нават на вуліцы, а асабліва, калі мы ўключаемся ў сумесную малітву. Плывуць да трона Маці Міласэрнасці малітвы вернікаў розных нацыянальнасцяў. Для ўсіх Вастрабрамская Пані з’яўляецца Маці Міласэрнасці.