Чым бліжэй да Марыі, тым бліжэй да Бога

Карані нашай веры

Св. Людвік Марыя Грыньён дэ Манфор – піянер марыйнай набожнасці і марыялогіі, каталіцкі пісьменнік.
Збаўленне свету пачалося праз Марыю, і праз Марыю яно павінна здзейсніцца”, – пісаў св. Людвік Марыя Грыньён дэ Манфор у “Трактаце аб сапраўдным набажэнстве да Найсвяцейшай Панны Марыі”. Гэты тэкст заставаўся неапублікаваным на працягу 130-ці гадоў. Калі ж ён убачыў свет у 1843 годзе, амаль адразу стаў адным з фундаментальных твораў марыйнай набожнасці.
Аўтар “Трактата” быў натхняльнікам для многіх пакаленняў вернікаў, якія абралі Найсвяцейшую Маці ў якасці сваёй Кіраўніцы. Адным з іх быў св. Ян Павел ІІ, які ў сваім гербе змясціў лозунг св. Людвіка “Totus Tuus” (Увесь Твой), які адносіцца да Марыі.
    Св. Людвік нарадзіўся ў мястэчку Манфор-сюр-Ме (Францыя) 31 студзеня 1673 года. Быў другім з 18-ці дзяцей у сям’і. Яго бацькі рабілі вялікі акцэнт на рэлігійным выхаванні сваіх дзяцей, таму чацвёра з іх пасля прынялі духоўны сан.
    З дзяцінства Людвік вылучаўся вялікай набожнасцю і рашучасцю. Пасля заканчэння мясцовай школы спачатку вучыўся ў езуіцкім калегіуме св. Томаса Бекета ў Рэне, а затым вывучаў тэалогію ў парыжскай семінарыі. У цэнтры сваёй духоўнасці Людвік паставіў культ Найсвяцейшай Панны Марыі і вернасць абяцанням хросту. Каб выразіць гэта, ён узяў другое імя “Марыя”, а да свайго прозвішча дадаў “Манфор” – ад назвы парафіі, у якой быў ахрышчаны.
   
    Народны місіянер
    Святарскае пасвячэнне прыняў у 1700 годзе, а затым усё сваё жыццё прысвяціў місіянерскай дзейнасці ў гарадскіх і сельскіх асяродках Францыі. Хадзіў з мястэчка ў мястэчка, прапаведуючы Божае слова. Меў дзівосны дар пераканання, таму яго місіі былі паспяховымі.
    Падчас сваіх падарожжаў Людвік правёў больш за 200 рэкалекцый і місій. Пакінуў пасля сябе шмат багаслоўскіх і аскетычных трактатаў. Быў заснавальнікам Таварыства Марыі і Кангрэгацыі Дачок Божай Мудрасці. Меў два захапленні: ратаванне людзей з няволі грахоў і клопат пра хворых. Таму ў якасці мэты вызначыў для сваіх духоўных дачок навучанне беднай моладзі, наведванне і догляд за хворымі ў бальніцах, прытулках і прыватных дамах, а таксама дапамогу ўсім, хто аб ёй просіць.
   
Літургічны ўспамін св. Людвіка Марыі Грыньён дэ Манфора прыпадае на 28 красавіка.

    Абаронца веры
    Французскае грамадства на мяжы XVII–XVIII стагоддзяў было паглынута духоўна-маральным крызісам. Адна яго частка схілялася да геданізму – жыцця, напоўненага задавальненнем, якое вяло да разбэшчанасці. Для іншых жа быў характэрны жорсткі, фармалістычны і змрочны маралізм, далёкі ад міласэрнай любові Бога. Гэтыя пошукі задавальнення і надзвычай строгі янсенізм былі двума полюсамі, якія фарміравалі тагачасных французаў.
    Св. Людвік бачыў у Крыжы крыніцу хрысціянскай мудрасці, якая вучыць чалавека бачыць і любіць у створаных рэчах праявы і сімвалы Бога; аддаваць перавагу веры перад ганарлівым розумам, веры і праведнаму розуму перад мяцежнымі пачуццямі, маральнасці перад распуснай воляй, духоўнасці перад цялеснасцю і вечнасці перад смяротнасцю. Аднак гэты палымяны прапаведнік хрысціянскай строгасці не меў нічога агульнага са змрочнай і строгай паставай, напрыклад, Кальвіна ці Янсенія. У св. Людвіка суровасць змякчалася глыбокай і надзвычай кранальнай адданасцю Маці Божай.
   
    Нявольнік Марыі
    Вялікае набажэнства да Багародзіцы – асаблівы знак набожнасці святога. Ён даручыў сябе Марыі ў выключную ўласнасць. У “Трактаце аб сапраўдным набажэнстве да Найсвяцейшай Панны Марыі” св. Людвік развіў і абгрунтаваў перавагі поўнага прысвячэння сябе Маці Божай. Ён падкрэсліваў, што Марыя з’яўляецца чыстым, непасрэдным каналам, па якім нашы малітвы ідуць прама да Бога. Яна збірае іх, перамяняе і перадае Айцу. “Найсвяцейшая Панна з вялікай любові да нас прымае ў свае дзявоцкія рукі дары, якія нясём Ёй са сваіх учынаў, і, надаючы ім цудоўнае ззянне прыгажосці, сама ахвяруе іх Хрысту. Такім чынам яны прыносяць Богу больш славы, чым калі б мы сваімі грэшнымі рукамі складалі Яму іх у ахвяру”, – напісаў аўтар у “Трактаце”.
    Св. Людвік Марыя Грыньён дэ Манфор пасля цяжкіх баёў з “князем гэтага свету” адышоў у вечнасць 28 красавіка 1716 года ва ўзросце 43 гадоў. За сваю бескампрамісную адданасць Хрысту і Марыі ён атрымаў узнагароду. Быў беатыфікаваны папам Львом XIII у 1888 годзе, а кананізаваны ў 1947 годзе папам Піем XII.