Ці ўплывае абранае імя на далейшы лёс дзіцяці?
Зваротная сувязь -
Задай пытанне
Абранае для дзіцяці імя не ўплывае на яго лёс, які залежыць толькі ад адкрытасці чалавека на Божую ласку, але яно мае вялікае значэнне.
†
Перш чым даць дзіцяці імя, варта даведацца, як гэта рабілі людзі Бога ў часы патрыярхаў і прарокаў, а таксама як было з наданнем імя Езусу і апосталам. У старажытнасці дзіця атрымлівала імя па бацьках або дзядулях і бабулях. Некаторыя імёны мелі рэлігійны характар і адносіліся да нейкага боства, а імёны нявольнікаў часта ўказвалі на тэрыторыю, з якой яны паходзілі. Часам імёны выяўлялі пэўную рысу характару, якую бацькі хацелі б бачыць у свайго сына ці дачкі.
Таксама не ўсе імёны даваліся пры нараджэнні. Былі імёны, якія даваліся за канкрэтныя заслугі або звязаныя з прыняццем нейкай важнай пасады.
У Бібліі знойдзем шмат тэкстаў, дзе гаворыцца пра значэнне імён, якімі бацькі называлі сваіх дзяцей, і імён, якімі Бог называў сваіх слуг з моманту іх паклікання. Напрыклад, “ты Сымон, сын Яна; ты будзеш названы Кефас, што азначае «скала»” (параўн. Ян 1, 42), “і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго” (Mц 16, 18).
Сярод юдэяў існуе таксама погляд, што ў хвіліны надання імя ў чалавека ўваходзіць “вышэйшая душа”. Толькі тады Бог можа яго заклікаць і паслаць. Безыменныя маюць ускладненыя адносіны з Богам і людзьмі, бо як жа звярнуцца да іх, калі іх ніхто не назваў? Мідраш на Кнігу Эклезіяста кажа, што кожны мае тры імёны: першае даюць яму бацькі, другім называюць яго іншыя людзі, а трэцяе ён мусіць здабыць сам. Каб чалавек быў шчаслівы, ён павінен прыняць першае, прызвычаіцца да другога і адкрыць трэцяе.
Імя, дадзенае пры нараджэнні, з’яўляецца словам, якое распачынае малітву, а адкрытае пазней – ключом да неба.
Даючы імя свайму дзіцяці, бацькі распачынаюць яго асабістую малітву. Кажуць “А”, каб яно магло жыццём дадаць “Б”. Гэтая малітва – таксама іх найглыбейшыя жаданні наконт яго будучыні.
Згодна са старым звычаем, само дзіця прыносіць сваё імя ў свет. Дзень, калі яно нарадзілася, ужо мае сваё імя, і гэта імя святога, чый успамін Касцёл у той дзень адзначае.
Гэта, безумоўна, не з’яўляецца нейкай догмай. Ёсць бацькі, якія задоўга да нараджэння дзіцяці вывучаюць біяграфіі святых і разважаюць. Ёсць і такія, якія пакідаюць выбар імя для дзіцяці на апошнюю хвіліну.
Іншыя шукаюць больш арыгінальных натхненняў у назвах кветак (Ружа) і з’явах прыроды (Аўрора).
Варта памятаць, што, выбіраючы дзіцяці імя, не толькі выбіраем яму апекуна, але і распачынаем малітву да Бога, каб учыніў навароджанага тым, кім ён сапраўды ёсць, і каб ён не жыў толькі для сябе, а быў бласлаўленнем для іншых. Каб паўсюль яго імя прамаўлялася з удзячнасцю Богу за яшчэ аднаго добрага чалавека.