Ці можна быць упэўненым, што людзі, далучаныя да ліку святых, сапраўды заслужылі гэта?

Зваротная сувязь - Задай пытанне

  Найперш, трэба разабрацца, што маем на ўвазе пад словам “святасць”. Святы – гэта не той, хто не мае ніякага граху, але хто жыве ў блізкіх адносінах з Панам і шукае Яго волю. На гэтым шляху заўсёды будуць цяжкасці і падзенні.
Калі чытаем гісторыі жыцця святых, можам заўважыць, як часта яны прыступалі да споведзі. Напрыклад, у “Дзённіку” св. Фаўстыны не аднойчы можна сустрэць, як яна крытыкуе сябе за слабасці і грахі. Але Бог любіць нас таму, што мы Яго дзеці, а не таму, што стараемся жыць правільна.
    Тут можна прывесці прыклад келіха, якім святар карыстаецца падчас св. Імшы. Начынне можа быць залатым, дарагім ці старадаўнім, але яго каштоўнасць не ў золаце і каштоўных камянях, а ў Крыві Хрыста, што ў ім знаходзіцца. Гэта яна робіць келіх святым. Наша чалавечае жыццё заўсёды будзе слабым і грахоўным, у ім заўсёды будуць цёмныя бакі. Але Кроў Хрыста нас абмывае, ачышчае і асвячае.
    Працэс далучэння кагосьці да ліку святых вельмі тонкі і працяглы. Касцёл уважліва вывучае ўсе бакі жыцця чалавека. Таму, калі мы глядзім на прызнанага Касцёлам святога, павінны разумець, што ў яго ёсць і другі бок, як у медаля – яго праца над сабой, нястомная малітва, пошук Божай волі і ласкі… Менавіта адсюль выходзіць плён, бачны іншым – дабрыня, справядлівасць, набожнасць, любоў, вера… Касцёл усё гэта аналізуе і ўказвае тым самым на святасць чалавека.
    Асоба, якая імкнецца да святасці, не будзе хаваць свой грэх глыбока ў скляпенні сэрца, а наадварот – дастане, каб Пан яго ачысціў.