Тэарэтычна мы не павінны сутыкацца з хамствам у святыні: людзі прыходзяць сюды з добрымі намерамі, адкрыта вызнаюць сваю веру ў самыя высокія ідэалы. Але кожны чалавек мае свой характар, рознае выхаванне і рознае (часам вельмі складанае) мінулае. Таму на практыцы, на жаль, часам здараюцца непрыемныя сітуацыі.
У падобных абставінах можа ўзнікнуць жаданне даць волю эмоцыям і таксама па-грубіянску адказаць крыўдзіцелю. Найлепшым дарадцам у такіх абставінах з’яўляецца сам Езус Хрыстус – найдасканальшы джэнтльмен. У Святым Пісанні можна знайсці шмат прыкладаў належных паводзін Збаўцы ў нягодных сітуацыях. Прыйшоўшы ў свет, Езус даў людзям новыя правілы жыцця: замест прынцыпу “вока за вока, зуб за зуб” прапанаваў адказваць на крыўду разуменнем і любоўю. У Хрыста неаднаразова здараліся вострыя сітуацыі з фарысеямі, вучнямі, але Ён ніколі не дазваляў эмоцыям узяць над сабой верх. Падобна і мы, калі бачым праяўленні несправядлівасці ў святыні, павінны спытаць сябе: “Што ў гэтай сітуацыі зрабіў бы Езус?”.†