Касцёл аддае перавагу пахаванню цел, хоць і крэмацыю не адмаўляе. Патрабуе захоўвання праху ў святым месцы, забараняючы яго развейванне – чытаем у інструкцыі “Ad resurgendum cum Christo”, якую 25 кастрычніка бягучага года апублікавала ў Ватыкане Кангрэгацыя веравучэння. У дакуменце ўзгадваецца, што ўжо больш за паўстагоддзя Касцёл дазваляе крэмацыю астанкаў пры ўмове, што “гэты выбар не быў прадыктаваны воляй адмаўлення ад хрысціянскіх дагматаў, сектанцкім духам або нянавісцю да каталіцкай рэлігіі і Касцёла” (п. 1).
Пахаванне – найбольш адпаведная форма выражэння веры і надзеі ва ўваскрашэнне цела, якая адначасова падкрэслівае яго годнасць. Паводле ватыканскай інструкцыі, “Касцёл не можа дазволіць паставы і абрады, якія прадугледжваюць няправільнае стаўленне адносна смерці, што ўспрымаецца як канчатковае знікненне асобы або яе зліццё з маці-прыродай ці сусветам, як этап у працэсе рэінкарнацыі або канчатковае вызваленне з «турмы» цела” (п. 3). У дакуменце дадаецца, што пахаванне на могілках ці ў іншым святым месцы асабліва адпавядае спачуванню “паколькі такім чынам аказваецца большая пашана памерлым” (п. 4). Касцёл прызнае гэта ўчынкам міласэрнасці. Такі спосаб спрыяе памяці і малітве аб памерлых з боку сям’і і ўсёй хрысціянскай супольнасці. †