Вы чытаеце апошні нумар газеты “Слова Жыцця” перад водпускам нашых працаўнікоў. Мы сустрэнемся з Вамі толькі восенню, у верасні, але гэта не значыць, што Вы павінны засмучацца, бо не здолееш агледзецца, як зялёныя дрэвы афарбуюцца ў жоўты, чырвоны і залаты колеры! Перад намі яшчэ адзін прыгожы летні месяц – жнівень. Праўда, ён – іншы, чым папярэднія два месяцы: ліпень і чэрвень: больш спакойны, але канікулы прадаўжаюцца і далей – і гэта самае важнае!
Дарагія сябры! Многія з Вас з пачатку лета планавалі сабе адпачынак: кудысьці паехаць, наведаць цікавыя мясціны, дзе не былі да гэтых пор. Мы жадаем, каб Вашыя планы і мары збыліся! Але самае важнае, каб кожны дзень Вы пражылі цікава, з карысцю для сябе і блізкіх. Калі ж ідзе дождж ці ёсць дрэннае надвор’е – не засмучайцеся, але лепш пагуляйце ў што-небудзь цікавае, пашукайце з сябрамі чагосьці новага, што б прынесла карысць Вашай душы, знайдзіце адказы на пытанні, якія даўно Вас турбуюць. Можна ж паказаць сваю кемнасць у віктарыне, ці зрабіць конкурс ведаў: няхай кожны падрыхтуе цікавыя пытанні і добрасумленныя на іх адказы, задасць пытанні калегам і сяброўкам, а тыя паспрабуюць на іх адказаць. Пагуляйце ў дамашні тэатрык: падрыхтуйце кароткае прадстаўленне на падставе якога-небудзь апавядання ці верша для дзяцей, а потым запрасіце сваіх бацькоў ці знаёмых, каб яны паглядзелі і ацанілі Вашыя старанні. Дарагія сябры! Сапраўды ў чалавека ёсць заўжды мноства ідэй і дастаткова толькі крыху жадання і фантазіі, а ў Вашых сэрцах ніколі не паселіцца нуда - страшная з’ява, бо як чалавек сумуе, то ў яго галаву прыходзяць нядобрыя думкі!