Прыйдзі, Дух Святы!

Дзіцячы куточак

Прывітанне, Маленькі Чытач! Ты, напэўна, ужо ведаеш альбо нешта чуў пра Святога Духа. Прыйшоў час пазнаёміцца з Ім бліжэй. Святы Дух – хтосьці незразумелы для нашага розуму. Езус параўнаў Яго ўздзеянне на сэрца чалавека з лёгкім подыхам ветру: “Вецер вее там, дзе хоча, і голас яго чуеш, але не ведаеш, адкуль прыходзіць і куды ідзе. Так ёсць з кожным, хто нарадзіўся з Духа” (Ян 3, 8).
Ці бачыў Ты хвалі на моры? Ці бачыў, як сцяг лунае на флагштоку? Ці бачыў, як калыхаюцца лісточкі дрэва? Вядома ж, так. Менавіта вецер стварае хвалі, развейвае сцяг, калыхае лісце. А ці бачыў Ты сам вецер? Не. Мы толькі адчуваем яго прысутнасць. Часам гэта лёгкі ветрык, а часам рэзкі і моцны. Мы бачым яго ўздзеянне, але не бачым самога. Так і Святы Дух. Ён дзьме ў наша сэрца і гаворыць: “Упусці мяне, каб Я мог ачысціць, абмыць цябе, каб ты мог нарадзіцца звыш”.
    Святы Дух – гэта не нейкая невыразная сіла, якая носіцца ў паветры вакол зямнога шара. Ён з’яўляецца рэальнай Асобай, мае эмоцыі. Святы Дух – гэта Бог. Ён прысутнічае ўсюды ў адзін і той жа час.
    Найлепш можа раскрыць і паказаць нам, хто ж такі Святы Дух, Біблія. У Старым Запавеце пра Яго не вельмі шмат гаворыцца, у Новым – згадваецца мноства раз. Езус сказаў вучням, што пасля смерці і ўваскрасення вернецца на Нябёсы, але не пакіне сваіх паслядоўнікаў адных. Паведаміў, што прыйдзе Дух, які будзе дапамагаць ім.
    Вечарам таго дня, калі ўваскрос, Езус, звяртаючыся да апосталаў, сказаў: “Прыміце Святога Духа” (Ян 20, 22). Гэта азначае, што Бог нам дае свайго Духа як дар, падарунак, і просіць, каб прынялі Яго, не адмаўляліся, і каб перадавалі іншым. У гэтым заключаецца жыццё хрысціяніна. Мы быццам з’яўляемся інструментам у Божых руках.
    Людзі маюць у сваім распараджэнні розныя матэрыяльныя і інтэлектуальныя дары, якія яны пастаянна спрабуюць памнажаць і развіваць. Аднак часам памнажэнне багаццяў аднымі людзьмі выклікае збядненне іншых. Некаторыя дасягненні нават становяцца пагрозай для свету. Каб не згубіцца пры выкарыстанні зямных дабротаў, чалавеку патрэбны даброты духоўныя, якіх свет ніколі не зможа яму даць, таму што паходзяць ад Бога.
    Дары Святога Духа ажыўляюць нашы прыродныя багацці і накіроўваюць іх на службу ўсёй чалавечай супольнасці: Касцёлу і свету. Чым больш мы будзем адкрывацца на гэтыя дары, чым больш ахвотна будзем іх прымаць, тым больш багатыя будуць Яго плады ў нашым жыцці і тым больш плённа будзем дапамагаць свету ўзрастаць у любові. Аб гэтым сведчыць наступнае апавяданне.
    Аднойчы селянін па імені Ян араў поле і знайшоў жалезнае кола, да якога было прычэплена нешта цяжкае. Ён прасунуў вяроўку праз кола, запрог вала і выцягнуў з зямлі бронзавы звон. На поле хутка збегліся людзі. Усе дзівіліся знаходцы, і ніхто не мог растлумачыць, адкуль яна. “Гэта, напэўна, цуд”, – вырашылі сяляне, таму пастанавілі зрабіць для звана драўляную званіцу.
    Звон гучаў дванаццаць разоў на год, у кожнае вялікае свята. Яго чулі ва ўсіх навакольных вёсках. І той, хто чуў, станавіўся лепшым чалавекам: хто хваляваўся – забываўся пра турботы, хто застаўся адзін – не адчуваў адзіноты, хворыя лягчэй перажывалі пакуты, сумныя падбадзёрваліся, бедныя адчувалі сябе багатымі, а багатыя ўспаміналі пра бедных і дапамагалі ім. Гэты звон меў такую незвычайную моц. Пра цудоўны звон пачуў злы цар. “Такая рэч не для простых людзей, – сказаў ён. – Я забяру звон сабе”. Цар загадаў салдатам загрузіць яго на воз. Аднак валы не змаглі нават зварухнуцца з месца. Тады раззлаваны цар загадаў разбіць звон на тысячу кавалкаў: “Калі ён не хоча званіць для мяне, то ўжо ніколі больш не будзе званіць ні для кога!”. Асколкі разбітага звана пакрылі ўсё поле. А злы цар са сваімі людзьмі паехаў прэч.
    Наступнай раніцай Ян выйшаў у поле. Ён хацеў закапаць кавалкі звана ў зямлю, з якой той узяўся. Селянін разлічваў знайсці тысячу асколкаў. Але што ён убачыў? Поле было ўсыпана мноствам маленькіх званочкаў, ідэальна падобных адзін на аднаго. Мужчына сабраў іх і раздаў людзям. Цяпер ва ўсіх была радасць: кожны атрымаў па цудоўнаму званочку.
    Дарагі Маленькі Чытач! Кожны звон павінен мець сэрца, каб званіць. Чалавек павінен мець дух, каб мець жыццё ў поўні. Святы Дух нябачны, але Ён дзейнічае ў нашым сэрцы, дапамагае ў розных сітуацыях, каб былі добрымі і памяталі пра сталую прысутнасць Бога, дазваляе стаць часткай Божай сям’і, вызваляе душу ад страху, суцяшае, дае духоўныя дары. Гэта вельмі добра: мець Святога Духа. Таму трэба Яго заклікаць у малітве, каб безупынна сыходзіў на нас.
   
   Заданне: разам з бацькамі памаліся да Святога Духа і паспрабуй распазнаць, якія дары Ён Табе ўдзяляе.