Бог поўны міласэрнасці

Дзіцячы куточак

Аднойчы пэўнаму чалавеку прысніўся сон, нібыта ідзе па пляжы з Хрыстом, а на экране ночы прадстаўлены ўсе дні яго жыцця. Азірнуўшыся назад, чалавек убачыў, што кожны дзень яго вандроўкі адзначаны слядамі дзвюх пар ног на пяску. Дзесьці ён заўважыў толькі адну нітку слядоў. Гэта былі самыя складаныя дні жыцця: дні найбольшых клопатаў, страхаў і цярпенняў. Тады чалавек спытаў:
– Пане, Ты абяцаў мне, што будзеш побач ва ўсе дні майго падарожжа. Дык чаму пакінуў мяне ў самыя складаныя моманты? І Пан адказаў:
    – Сын мой, ты добра ведаеш, што Я паабяцаў быць побач і не пакідаць цябе ні на хвіліну, таму што вельмі цябе люблю. Я стрымаў слова. У тыя дні, калі ты бачыш на пяску сляды толькі адной пары ног, Я нёс цябе на руках…
    Дарагі Маленькі Чытач! Гэтае кароткае апавяданне расказвае пра любоў Бога да нас, пра Яго апеку і пра тое, што Ён з’яўляецца бясконцай Міласэрнасцю для кожнага чалавека. Што такое міласэрнасць? Насамрэч, вельмі складанае паняцце. Можна сказаць, што міласэрнасць – гэта лякарства, якое прыдумаў Пан Бог, такая рэакцыя на зло, якая дае чалавеку самае неабходнае – любоў і дабрыню. Божая міласэрнасць – самая важная ўласцівасць Бога. Для таго, каб спазнаць яе, трэба вярнуцца да Усемагутнага, прызнаць свае памылкі і прасіць аб міласці. І тады Ён, багаты на міласэрнасць, выйдзе насустрач збалеламу і змучанаму чалавеку, каб сустрэць яго, як блуднага сына, і адарыць годнасцю дзіцяці Божага. Пра Божую міласэрнасць распавядала людзям св. Фаўстына Кавальская, якая жыла ў XX стагоддзі ў Польшчы. Яна размаўляла з Езусам і запісала Яго словы ў свой дзённік. Бог растлумачыў с. Фаўстыне таямніцу сваёй міласэрнасці і хацеў, каб усе людзі аб гэтым даведаліся.
    У “Дзённіку” с. Фаўстыны чытаем: “Увечары, калі я знаходзілася ў келлі, убачыла Езуса Хрыста, які быў апрануты ў белае адзенне. Адна Яго рука была паднята для бласлаўлення, а другая дакраналася да адзення на грудзях. Адтуль выходзілі два шырокія прамяні: адзін чырвоны, другі бледны. Моўчкі я ўважліва глядзела на Пана, мая душа была напоўнена пачуццём страху, але таксама і вельмі вялікай радасцю. Потым Езус сказаў: «Я хачу, каб было ўстаноўлена свята Міласэрнасці. Хачу, каб абраз, які ты намалюеш пэндзлем, быў урачыста асвечаны ў першую нядзелю пасля Вялікадня. Гэтая нядзеля павінна стаць святам Міласэрнасці. Я хачу, каб святары прапаведавалі пра Маю вялікую міласэрнасць да грэшных душ. Няхай грэшнік не баіцца прыблізіцца да Мяне. Мяне паліць агонь міласэрнасці. Я хачу выліць яго на душы людзей»” (параўн. Дз. 47–50).
    Папа Ян Павел II у 2000 годзе ўрачыста ўстанавіў свята Божай Міласэрнасці для Паўсюднага Касцёла. Адзначаецца яно ў ІІ Велікодную нядзелю. “Я хачу, – сказаў Езус, – каб свята Міласэрнасці было ўцёкамі і прытулкам для ўсіх душ, а асабліва для бедных грэшнікаў. У гэты дзень адкрыты глыбіні Маёй міласэрнасці, Я выліваю цэлае мора ласкаў на душы, якія набліжаюцца да крыніцы Маёй міласэрнасці. Тая душа, якая прыступіць да споведзі і св. Камуніі, атрымае поўнае адпушчэнне правін і караў. У гэты дзень адкрытыя ўсе Божыя каналы, па якіх сыходзяць ласкі; няхай не баіцца наблізіцца да Мяне ніводная душа, нават калі б яе грахі былі, як пурпур” (Дз. 699). Езус таксама навучыў с. Фаўстыну асаблівай малітве – Вяночку да Божай міласэрнасці.
    Дарагі Маленькі Чытач! Бог вучыць людзей быць міласэрнымі да кожнага чалавека. Тым самым мы становімся падобнымі да Бога. Гэта так узнёсла і звычайна адначасова… Кожны дзень прапануе мноства магчымасцей праявіць міласэрнасць, таму заклікаю ўсіх вас іх заўважаць і выкарыстоўваць.
   
   Заданне: разам з бацькамі памаліся Вяночкам да Божай міласэрнасці.