Пэўны чалавек вельмі хацеў пазнаць Божы шлях, чаму свет выглядае так, як ён выглядае. Лёг пад дрэва і, разважаючы над гэтым, папрасіў у Бога даць адказ.
Перад ім з’явіўся анёл і сказаў:
– Пойдзем са мной, і я пакажу табе шляхі Пана.
Не вагаючыся, ён рушыў услед за анёлам. Па дарозе яны сустрэлі двух чалавек: дрэннага і добрага. Першы ўручыў залаты кубак другому. Анёл пачакаў, пакуль яны заснулі, узяў ад добрага кубак і занёс яго дрэннаму. Чалавек, які ішоў з анёлам, спытаў:
– Што ты робіш? Гэта ж крадзеж!
– Не задавай пытанняў, проста ідзі і глядзі, і ты пазнаеш шляхі Пана, – адказаў анёл.
І яны пайшлі далей да хаты аднаго бедняка. Калі той выйшаў з дома, анёл падпаліў яго. Раззлаваны чалавек, які ішоў з анёлам, абурыўся і рынуўся тушыць полымя, але анёл не дазволіў яму.
– Як можна было падпаліць дом гэтага небаракі! Ты павінен дапамагаць людзям, а не здзекавацца з іх! – крычаў чалавек.
– Ты сказаў, што хочаш ведаць Божы план, таму не перашкаджай, а проста ідзі далей, – спакойна сказаў анёл.
Хутка яны дасягнулі струменя і спыніліся перад мосцікам. Туды ж падышлі бацька з сынам. Калі яны зайшлі на мосцік, анёл перавярнуў яго так, што бацька і сын упалі ў ваду.
Цячэнне падхапіла дзіця, і яно патанула. Бацька вярнуўся дадому з болем у сэрцы.
– Не, досыць гэтага! Я цярпеў, калі ты абрабаваў справядлівага чалавека, калі падпаліў дом небаракі, але тое, што забіў нявіннае дзіця – ужо занадта! Ты не анёл, а дэман, – крычаў чалавек, здзіраючы капялюш з галавы анёла.
– Я анёл, пасланы Богам на зямлю, каб выканаць Яго волю і растлумачыць табе Божы шлях, – адказаў ён.
– Гэта няпраўда, Бог не такі! Ён, напэўна, не прымушаў цябе рабіць тое, што ты зрабіў, – крыкнуў чалавек.
– Добра! Я скажу табе, чаму дзейнічаў так у кожнай сітуацыі. У кубку, які ўзяў ад справядлівага чалавека, была атрута. Калі б я пакінуў яго, чалавек бы атруціўся. Злодзей, які хацеў атруціць праведніка, будзе пакараны за свае дзеянні. Бядняк, якому падпаліў дом, знойдзе на руінах вялікі скарб, які дазволіць яму квітнець да канца дзён. Мужчына, якога мы сустрэлі тут, каля струменя, быў дрэнным чалавекам. Ён не хацеў ведаць Бога і вёў бязладнае жыццё. Страціўшы свайго маленькага сына, які ўсё роўна апынецца ў Небе, ён навернецца да Бога і зменіцца. Так яны абодва будуць у Небе. Калі б я не зрабіў гэтага, абодва былі б асуджаныя. Ці гэтыя тлумачэнні, дапамаглі табе зразумець волю Бога?
Слухаючы гісторыі анёла з цікавасцю, чалавек зразумеў, што Бог бачыць усё па-іншаму, больш дасканала, чым людзі. Ён таксама зразумеў, што Бог мае лепшае рашэнне для ўсяго, хаця знешне гэта можа выглядаць вельмі балюча.
Дарагі Маленькі Чытач! Усе мы маем свае звеставанні. Так, як да Марыі, Бог і да нас пасылае анёла з цікавым паведамленнем. Гэтае паведамленне – праўда аб тым, што Бог вельмі нас любіць, і мае для кожнага свой план. Ён заўсёды робіць усё дзеля дабра чалавека, хоць часам гэтага не разумеем. Пэўныя падзеі ў жыцці могуць заставацца для нас загадкай. “Як гэта?”, “Гэта немагчыма!”, “Чаму я?” – часта кажам Богу. Марыя падчас Звеставання таксама ўсяго не разумела, але адказала анёлу: “Няхай мне станецца паводле твайго слова!”. Таму варта прасіць Марыю, каб мы маглі заўсёды з радасцю і даверам адказваць “так” на прапановы Бога.
Заданне: вывучы малітву “Анёл Панскі” і маліся ёю кожны дзень, каб лепш разумець, чаго ад Цябе хоча Бог.