Папяльцовая серада – пачатак Вялікага посту

Дзіцячы куточак

У Папяльцовую сераду святар пасыпае галовы вернікаў попелам і паўтарае словы: “Кайцеся і верце ў Евангелле” або “Памятай, ты – прах, і ў прах вернешся”. Гэта сімвалізуе пакаянне, з якім хрысціянін павінен пачаць пост. Попел мае быць з пальмовых галінак, асвечаных у Вербную нядзелю мінулага года. Галіны спальваюцца, а сабраны попел асвячаецца. Агонь, які спальвае галіны вербаў, сімвалізуе агонь кахання, які ператварае ўсё грэшнае ў попел. Пасля літургіі Папяльцовай серады вернікі выходзяць са святыні з крыжыкам з попелу на ілбе, як бы несучы яго ў свет. А цяпер прапаную Табе прачытаць цікавае апавяданне пра попел, якое я некалі пачула.
Перад пачаткам Вялікага посту закрыстыянін выняў з шафы скрынку, у якой знаходзіўся попел, і высыпаў яго на сподак. Кожнае зярнятка попелу, здаецца, мела вялікае жаданне пагаварыць.
– Уф, нарэшце… Я больш не магло знаходзіцца ў гэтай срынцы, – прабарматала першае зярнятка попелу. – Ужо год мінуў з таго, як мы ўсе ляжалі на сподку. – Так, ты маеш рацыю. Мы былі настолькі шчыльна ўтрамбаваныя ў гэтай скрынцы, што заснулі, – сказала, пазяхаючы, другое зярнятка. – А адкуль ты прыйшло? – О, я было галінкай аліўкавага дрэва. А ты? – пацікавілася першае зярнятка.
– Шчыра кажучы, не ведаю. Я было малое і няўважлівае… Але ж давай паслухаем, што скажуць іншыя, – адказала другое зярнятка.
– Эй, прачніцеся! Раскажыце, з якіх дрэў вы паходзіце? – гучна спытала першае зярнятка.
І тут усе пачалі распавядаць, адкуль яны прыйшлі, як прыгожа выглядала расліна, часткай якой яны былі.
Раптам хтосьці заўважыў, што адно маленькае зярнятка нічога не распавядае, толькі ціхенька прытуляецца да іншых.
– Малое, а чаму ты нічога не кажаш? Як ты тут апынулася? – спытала першае зярнятка.
– Дрэва, з якога я паходжу, расло не ў такім прыгожым месцы, як вашыя. Я нарадзілася ў садзе побач з гэтым касцёлам, – сарамліва адказала ціхае зярнятка. – Так здарылася, што ў мінулым годзе не хапіла прынесеных галінак, каб упрыгожыць касцёл перад Вербнай нядзеляй. Тады адна жанчына пабегла да святара і прапанавала ўзяць галінкі з яе вербнага дрэва. Узрушаны святар пагадзіўся і пайшоў разам з ёю ў сад. Зразаючы галіны, жанчына пяшчотна прыгаворвала: “Прабач мяне, але я хачу ахвяраваць цябе для Бога”. У пэўны момант святар звярнуўся да яе: “Паглядзіце, я магу ўзяць гэтую прыгожую галінку? Панясу яе ў працэсіі”. Пагладжваючы галіну (а гэта было я), жанчына зрэзала яе і працягнула святару.
– Як прыгожа! – адазваліся зярняткі попелу.
Зерне засаромелася, а пасля адказала:
– Не зусім. Пасля працэсіі, што скончылася ў нядзелю, мяне паставілі з іншымі галінкамі, якія падрыхтавалі для спалення.
– Дык гэта ж добра! І тое ж самае здарылася з намі, – заўважыла першае зярнятка.
– Прабачце, ужо мінуў год, але я ніяк не магу пагадзіцца з гэтай сітуацыяй, яна здаецца мне няправільнай. Я не спала, як вы ўсе, плакала і – самае галоўнае – не ўбачыла іншых зярнятак попелу з маёй галіны, – усхліпваючы сказала зярнятка.
– Эй, мы тут! – адгукнулася адно вясёлае зярнятка попелу, якое было з той жа галінкі. – Замест таго, каб плакаць, лепш бы папрасіла нас усё табе патлумачыць.
– Дазволь, я растлумачу табе, якую ласку ты атрымала, – прапанавала першае зярнятка. – Усе галінкі, што знаходзіліся ў касцёле, былі спалены ў Велікодную ноч. Памятаеш пра гэта? Памятаеш, колькі там было людзей? Памятаеш, як святар узяў агонь, які мы зрабілі, каб распаліць Пасхальную свечку, якая з’яўляецца сімвалам уваскрослага Езуса? Памятаеш, што ад гэтай свечкі была запалена кожная свечка ў касцёле?
– Так, памятаю, але тады я не разумела, што адбывалася... Думала толькі аб тым, што была часткай прыгожага дрэва, – зноў сарамліва адказала ціхае зярнятка.
– Ты больш прыгожае цяпер, нягледзячы на тое, што з’яўляешся малюсенькім зярняткам попелу ад спаленай галінкі, – заўважыла першае зярнятка.
– На самой справе? З мінулага года я заўсёды адчувала віну, таму што нічога не вартае, нават у якасці хованкі для птушак, калі ідзе дождж, – са слязьмі прамовіла ціхае зярнятка.
– Усміхніся! Ведаеш, у тую ноч, калі быў запалены новы агонь як сімвал новага Святла, шматлікія зярняткі попелу пайшлі ў неба. Некаторыя “зніклі без вестак”, а іншыя, як мы, засталіся тут. Людзі пачакалі, пакуль вогнішча астыне, а затым сабралі ўсе зярняткі попелу і паклалі ў скрынку. Цяпер жа святар пасыпле нас на галовы шматлікім людзям і скажа: “Кайцеся і верце ў Евангелле”. Мы, дробныя зярняткі попелу, будзем шаптаць, што Святло ад Пана гарыць і асвятляе кожную думку. Такім чынам, мы ўсе шчаслівыя, бо з’яўляемся прыладай Бога: будзем рассейвацца над галовамі многіх добрых людзей. На пачатку мы былі галінкамі, а зараз з’яўляемся зярняткамі попелу, вельмі шчодрымі сведкамі Святла.
Пасля гэтых слоў усе зярняткі змоўклі. Кожнае пачало думаць аб тым, якое вялікае заданне даручыў ім Бог. І цешыліся, што ўжо праз момант яны апынуцца ў руках святара, а затым – на галовах вернікаў.
Маленькі Чытач, на пачатку Вялікага посту задумайся над сваім жыццём і заданнем, якое падрыхтаваў для Цябе Бог. Выкарыстай гэты час з карысцю.
   
    Заданне: Падумай разам з бацькамі, над чым Ты хацеў бы папрацаваць у час Вялікага посту, што хацеў бы змяніць у сваім жыцці. Зрабі пастановы і запішы іх на кожны тыдзень Вялікага посту, зрабіўшы адпаведны каляндар на ўсе 40 дзён.