Сёння гэтак жа, як і ў мінулыя часы, наша ўвага звернута да Марыі, Маці Адвэнту. Гэта Яна была абрана Богам, каб стаць дастойнай Маці Збаўцы свету з самага пачатку, яшчэ да таго, як “паўсталі горы, і вада мела свае межы”. Як гаворыць Святы Айцец Францішак, “Марыя была дзяўчынай з Назарэта – невялікай вёскі ў Галілеі, на ўскраіне Рымскай Імперыі, а таксама на перыферыі Ізраіля. Нягледзячы на гэта, Пан скіраваў на Яе свой погляд, каб стала Маці Яго Сына”. Таму Багародзіца была захавана ад першароднага граху. У напамін пра гэтую праўду 8 снежня ў Касцёле святкуецца ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
†
Пасля Звеставання Маці Божая стала жывым табернаклем, у якім пачаў жыць Усемагутны. Яго любіла, праслаўляла і дзякавала, што злітаваўся над грэшным чалавецтвам і даў Збаўцу, якога нарадзіла для свету ў стайні Віфліема. У таямніцы Звеставання Божая любоў аб’ядналася з любоўю Марыі, а плодам гэтай любові быў Езус. Маці Божая, якая насіла Яго пад сваім сэрцам, жадае, каб кожны з нас таксама прыняў Хрыста.
У традыцыі вернікаў перыяд перад святамі Божага Нараджэння мае вельмі глыбокі марыйны характар. Штодня раніцай падчас Адвэнту цэлебруецца раратняя св. Імша ў гонар Маці Божай. На алтары запальваецца дадатковая свечка, якая сімвалізуе Панну Марыю. На пачатку літургіі ў касцёле цёмна – гараць толькі свечкі і ліхтарыкі, прынесеныя дзецьмі і дарослымі. Святло ўключаецца пасля акту пакаяння, да спеву “Хвала на вышынях Богу”. З вялікай любові да Усемагутнага кожны з нас таксама можа стаць той светлай душой, якая здольна несці людзям Езуса. Але для гэтага павінны разам з Маці Божай песціць Хрыста ў сваіх сэрцах і з радасцю чакаць нараджэння Збаўцы, удзельнічаць у падрыхтоўцы Яго аб’яўлення ў свеце.
Марыя, пакорлівая “слуга Пана”, была і заўсёды застанецца жывым сімвалам вечных чаканняў свету на прышэсце абяцанага Месіі. Яна падтрымлівае нас у падарожжы да Божага Нараджэння, таму што вучыць, як плённа перажываць перыяд Адвэнту ў чаканні Збаўцы: не так важная знешняя пастава, як унутраная. Пра гэта і будзе наступнае апавяданне.
Гісторыя здарылася ў адной маленькай іспанскай вёсцы на пачатку ХХ стагоддзя. У мясцовым касцёле ля алтара стаяла статуя Маці Божай. Нязграбна вылепленая з гліны, пафарбаваная ў стракатыя колеры. Пробашч, які быў занепакоены ўнутраным убранствам касцёла, хацеў замяніць гэтую статую, але парафіяне не згаджаліся. Казалі: “Мадонна не надта прыгожая, але гэта наша Мадонна”.
І вось наступіла свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Згодна са звычаем, у гэты дзень на вуліцы вёскі выходзіла працэсія з Найсвяцейшым Сакрамантам. Людзі спявалі песні, неслі харугвы, фігуры. Статуя Багародзіцы была вельмі цяжкай, таму яе везлі на вазку, запрэжаным канём. Вазок быў хісткім. Не найлепшай выдалася дарога. У дадатку да ўсяго пачаўся дождж. Святар паскорыў крокі, народ – за ім. Раптам усе заціхлі. Пачуўся спалоханы крык: “О, Мадонна! Мадонна!”. На выбоістай дарозе вазок падскочыў, і статуя Маці Божай рассыпалася на кавалкі. І тут на вачах прысутных адбылося дзіўнае відовішча. Сярод разбітых кавалкаў гліны паўстала прыгожая статуя Марыі, зробленая са срэбра, аздобленая каштоўнымі камянямі. Усе стаялі ашаломленыя. Гэта ж цуд! З вялікай павагай статую Маці Божай перанеслі ў касцёл.
Пробашч адразу напісаў пра гэтае здарэнне біскупу. Хутка прыйшоў адказ: “Каля ста гадоў таму адзін багаты чалавек ахвяраваў у вашу парафію каштоўную статую Маці Божай. Але неўзабаве для вернікаў насталі цяжкія часы. Касцёлы абрабоўвалі, разбуралі алтары, фігуры. І тады парафіяне «схавалі» статую Маці Божай. Як можаце здагадацца, людзі абляпілі яе глінай, распісалі стракатымі колерамі. А калі статуя разбілася, то вярнула сабе першапачатковы выгляд”.
Каб крочыць за Езусам, мы павінны па прыкладзе Марыі імкнуцца быць прыгожымі, перадусім, унутрана. Гэта вельмі падабаецца Богу.
Заданне: разам з бацькамі падрыхтуй у доме маленькія яслі і падчас Адвэнту кладзі ў іх папяровыя сэрцы, дзе будуць запісаны здзейсненыя Табой добрыя ўчынкі. Гэтымі сэрцамі на свята можаш упрыгожыць ялінку. |
|
Чакаем Тваіх “чаму”, якія можаш дасылаць на адрас рэдакцыі. На пытанні заўсёды гатовыя адказаць салезіянкі са Смаргоні.