Чаму людзі моляцца?

Дзіцячы куточак

Штодня мы шмат часу прысвячаем размовам. Часцей за ўсё маем зносіны з блізкімі і сябрамі, выкарыстоўваючы мабільны тэлефон. На гэта трацім амаль увесь вольны тэрмін, з-за чаго можам забыцца пра галоўнае – размову з Богам. А для яе дастаткова толькі жадання сустрэцца з Панам на малітве...
   
    З глыбокай старажытнасці народы, якія жылі ў розных частках свету, адчувалі патрэбу ў зносінах з боствамі. Многія прыродныя з’явы (буры, маланкі, землятрусы, якія неслі ў сабе небяспеку) продкі лічылі праявай іх гневу, таму спрабавалі задобрыць нябачныя магутныя істоты. Яны, як здавалася старажытным людзям, валодаюць вялікай сілай і могуць дапамагчы (напрыклад, падчас палявання або вайны). Людзі маліліся да бостваў спевамі і загаворамі, часта пры гэтым прытанцоўваючы.
    Сёння пра навакольны свет вядома нашмат больш, чым у старажытнасці, існуюць навуковыя тлумачэнні многіх прыродных з’яў. Чаму ж вернікі цяпер моляцца?
Перадусім, трэба заўважыць, што хрысціяне (якімі мы з’яўляемся) звяртаюцца не да нейкіх незразумелых бостваў, а да адзінага Бога, які стварыў сусвет і надзяліў чалавека несмяротнай душой. Праз малітву людзі імкнуцца падзякаваць Пану за ўсё добрае, што Ён дае: дар любові і сяброўства, радасць і смех. Просяць Яго аб дапамозе ў штодзённых справах. Але не дзеля таго, каб Усявышні штосьці зрабіў за іх, а каб у саміх з’явіліся сілы і цярпенне для пераадольвання цяжкасцей. Каб усё адбылося так, як таго хоча Бог: па Яго волі, бо Усемагутны ніколі не пажадае свайму стварэнню благога. Людзі таксама моляцца за тых, хто трапіў у бяду або хварэе. Праз гэты ўчынак яны аказваюць духоўную дапамогу патрабуючым. Успамінаюць у малітвах памерлых, каб Бог дараваў ім усе грахі, учыненыя на зямлі, і адарыў вечным святлом на нябёсах.
   
    Молячыся, кожны чалавек становіцца дабрэйшым, святлейшым і чысцейшым душой.
    Чакаем Тваіх “чаму”, якія можаш дасылаць на адрас рэдакцыі.
   
    На пытанні заўсёды гатовыя адказаць салезіяне са Смаргоні.
   
Заданне:
    намаляваць руку, кожны палец якой будзе нагадваць пра групу людзей, за якіх неабходна памаліцца.