Сонечнае зацьменне

Дзіцячы куточак

Езус сказаў сваім вучням: “Прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму будзе адчынена”.
    (Мц 7, 7-8)
Увесь лес цешыўся цёплай і сонечнай раніцай. Птушкі захапляліся сонейкам, гучна спявалі яму свае вясёлыя песні, а матылькі і кветкі выхваляліся перад ім сваімі пярэстымі ўборамі. Усім хацелася, каб сонейка даўжэй заставалася на небе і не хавалася за аблокі. Раніцай у сонечных промнях усім было так прыемна і радасна, што ніхто ў лесе зусім не заўважаў ледзь чутныя ўсхліпванні ў густой траве. І толькі сонца раптам адчула, што да яго хтосьці звяртаецца ў малітве і чамусьці ўсім сэрцам просіць перастаць свяціць.
Гэтая малітва была такой моцнай, а просьба такой незвычайнай, што сонца спачатку нават трохі здзівілася, а потым адразу ж стала шукаць сваімі промнямі таго, каму было зусім не патрэбна святло. Нарэшце ў траве яно знайшло таго, хто ціха плакаў і прасіў сонца згаснуць. Гэта было маленькае савяня. Сонца накіравала на яго свае промні і стала непрыкметна слухаць думкі гэтага маленькага стварэння, каб даведацца, чаму яно не цешыцца, як усе астатнія, а наадварот, плача і ўпрошвае сонца не свяціць.
    Сонейка даведалася, што савяня раніцай згубіла сваю маму, што доўга клікала яе, але мама не прыходзіла. І на тое была свая прычына – днём, калі светла, совы зусім нічога не бачаць. Вось і стала савяня прасіць сонейка аб дапамозе. Сонейку стала шкада маленькага, да вечара яшчэ вельмі доўга чакаць, а без мамы вельмі кепска, ды і ліса ў любы момант можа знайсці птушаня і з’есці.
    Паклікала сонейка да сябе месяц і стала павольна хавацца за яго. Калі сонца схавалася цалкам, у лесе стала раптам цёмна, як уначы, нават зоркі на небе з’явіліся. Савяня перастала плакаць, узляцела з травы і вельмі хутка ў цемры знайшло сваю маму.
    Устрывожаныя птушкі перасталі спяваць і замоўклі. А матылькі сталі пытаць у кветак, чаму гэта сонца раптам вырашыла схавацца за месяц: няўжо яму не спадабаліся нашы прыгожыя крылы?
    Сонцу падабалася і крылцамі матылькоў любавацца, і птушыныя галасы слухаць, але не магло яно кінуць у бядзе савяня, што пакорна прасіла ўсім сэрцам аб дапамозе. Неўзабаве сонца зноў выглянула з-за месяца і навокал стала светла, як і раней. Усе хутка забыліся пра гэтае сонечнае зацменне, і ў цэлым свеце ніхто нават не здагадаўся пра тое, што прычынай яго была ледзь чутная, але вельмі моцная малітва савяняці.