Урачыстасці ў Браславе

Беларусь

22 жніўня 2010 г. браслаўскі санктуарый адзначыў вялікую падзею: першую гадавіну каранацыі цудоўнага абраза Божай Маці, Валадаркі Азёраў папскімі каронамі. Сёлета святкавалася 10-годдзе ўтварэння Віцебскай дыяцэзіі. Урачыстаць супала таксама з V Дыяцэзіяльнай сустрэчай моладзі ў Браславе, IV Міждыяцэзіяльнай пілігрымкай сем’яў, аднаўленнем сужэнскіх абяцанняў, сакрамэнтам Канфірмацыі.
    Праграма ўрачыстых мерапрыемстваў у санктуарыі была вельмі насычанай. З 19 жніўня працягвалася маладзёжная сустрэча. 21 жніўня распачалася праграма для ўдзельнікаў IV Міждыяцэзіяльнай пілігрымкі сем’яў, якая ўключала ружанцовую малітву ў інтэнцыі сем’яў, удзел у святой Імшы з аднаўленнем сужэнскіх абяцанняў, канферэнцыю, Вяночак да Божай Міласэрнасці і сведчанні аб сваім жыцці сужэнцаў. Завяршылася праграма благаслаўленнем біскупа Антонія Дзям’янкі. Галоўныя ўрачыстасці распачаліся вечарам 21 жніўня. Увесь вечар, ноч і раніцу духавенства і вернікі маліліся перад цудоўным абразом Божай Маці, Валадаркі Азёраў. Святыя Імшы а 18-й, 24-й, 8-й і 11-й гадзінах цэлебравалі іерархі, якія прыбылі на ўрачыстаць: біскуп Антоній Коша з Малдавіі, арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі і біскуп Пётр Мальчук з Украіны, біскуп Войцех Поляк з Польшчы, біскуп Кірыл Клімовіч з Расіі, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоній Дзям’янка і біскуп Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслаў Блін. Падчас нядзельнай літургіі а 11-й гадзіне вернікі з розных парафій, якія прайшлі спецыяльную падрыхтоўку, атрымалі сакрамэнт Канфірмацыі.