ХIII Звычайная нядзеля
26 чэрвеня – каментарый да літургіі слова
(Лк 9, 51–62)
Езус Хрыстус падчас свайго навучання на зямлі неаднаразова звяртаўся да сустрэчных людзей з заклікам: “Ідзі за Мною”. Некаторыя самі, зачараваныя Яго Асобай, пад уплывам хвіліннага энтузіязму заяўлялі: “Я пайду за Табой”. Здавалася б, менавіта такога спантаннага стаўлення Езус і чакаў. Тым часам св. евангеліст Лука запісаў незвычайны адказ, які атрымаў ад Збаўцы такі захоплены вучань. Езус выразна папярэдзіў яго аб наступствах прынятага рашэння, падкрэсліваючы цяжкасці і нязручнасці, звязаныя з выбарам шляху, які сёння свет называе хрысціянствам: “Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя – гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву” (Лк 9, 58). Гэта яскравы напамін аб тым, што вучань Хрыста на зямлі – усяго толькі пілігрым на шляху да вечнай радзімы ў Нябёсах.