ГРОДНА
Панядзелак,
29 красавіка
2024 года
 

Разважанні з Божым Словам

XXIX нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Фарысеі пайшлі і раіліся, як бы падлавіць Езуса на словах.
    I пасылаюць да Яго вучняў сваіх разам з прыхільнікамі Ірада, каб сказалі: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і Божаму шляху праўдзіва навучаеш, і не зважаеш ні на каго, бо не глядзіш на асобу чалавека. Таму скажы нам: як Табе здаецца, ці належыць даваць падатак цэзару, ці не?»
    Але Езус, ведаючы іх зласлівасць, сказаў: «Чаму выпрабоўваеце Мяне, крывадушныя? Пакажыце Мне падатковую манету». Яны прынеслі Яму дынар. I кажа ім: «Чыя гэта выява і надпіс?» Кажуць Яму: «Цэзара». Тады кажа ім: «Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае - Богу».

Мц 22, 15-21

 

XXVIII нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Езус у прыпавесцях гаварыў першасвятарам і старэйшынам народа: “Валадарства Нябеснае падобнае каралю, які справіў вяселле для свайго сына. I паслаў слуг сваіх паклікаць запрошаных на вяселле, але яны не хацелі прыйсці.
    Зноў паслаў іншых слуг, кажучы: “Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормлена жыўнасць, і ўсё падрыхтавана. Прыходзьце на вяселле!”
    Але яны пагардзілі і адышлі: хто на сваё поле, а хто на свой гандаль. Астатнія ж, схапіўшы слуг ягоных, зняважылі і забілі іх. Кароль жа разгневаўся. Ён паслаў сваё войска і загадаў знішчыць гэтых забойцаў, а іх горад спаліць. Тады ён сказаў сваім слугам: “Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі. Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле”. I слугі тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і кепскіх, і добрых. I вяселле напоўнілася гасцямі.
    Кароль, увайшоўшы паглядзець на гасцей, убачыў там чалавека, не апранутага ў вясельную вопратку, і кажа яму: “Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі?” Ён прамаўчаў. Тады кароль сказаў слугам: “Звяжыце яму ногі і рукі і выкіньце яго вон, у цемру! Там будзе плач і скрыгатанне зубоў”. Бо шмат пакліканых, але мала выбраных”.

Мц 22, 1-14

 

XXVII нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Езус сказаў першасвятарам і старэйшынам народа: “Паслухайце іншую прыпавесць! Быў адзін гаспадар, які пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджай, выкапаў у ім давіла, пабудаваў вежу і, аддаўшы яго вінаградарам, адышоў. Калі ж наблізіўся час збіраць ураджай, ён паслаў сваіх слуг да вінаградараў, каб забраць свае плады. А вінаградары, схапіўшы яго слуг, аднаго пабілі, другога забілі, а трэцяга закідалі камянямі. Ён зноў паслаў яшчэ больш слуг, і з імі ўчынілі тое ж самае. Урэшце ён паслаў да іх свайго сына, кажучы: “Пасаромеюцца сына майго”. Але вінаградары, убачыўшы яго сына, сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца. Хадзем, заб’ём яго і завалодаем ягонай спадчынай”. Схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніку і забілі. Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што ён зробіць з гэтымі вінаградарамі?” Кажуць Яму: “Злодзеяў гэтых пакарае ліхою смерцю, а вінагараднік аддасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў адпаведны час”. Езус кажа ім: “Няўжо ж вы ніколі не чыталі ў Пісанні: “Той камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла; праз Пана гэта сталася і дзіўнае ў нашых вачах”.

Мц 21, 33-43

   

XXVI нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Езус сказаў першасвятарам і старэйшынам народу: «Як вам здаецца? У аднаго чалавека былі два сыны. Прыйшоўшы да першага, ён сказаў: «Сыне, ідзі і працуй сёння ў вінаградніку». Але той адказаў: «Не хачу!» А пасля, апамятаўшыся, пайшоў. Тады ён падышоў да другога і сказаў тое самае. Той жа сказаў у адказ: «Ужо іду, спадару». I не пайшоў. Каторы з двух выканаў волю бацькі?» Кажуць Яму: «Першы».
    Тады Езус кажа ім: «Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусніцы наперадзе вас ідуць у Валадарства Божае. Бо прыйшоў да вас Ян шляхам справядлівасці, і вы не паверылі яму. А мытнікі і распусніцы паверылі яму. Вы ж, убачыўшы, не апамяталіся пасля, каб паверыць яму».

Мц 21, 28-32

   

XXV нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Езус расказаў сваім вучням гэтую прыпавесць: «Валадарства Нябеснае падобнае да гаспадара дому, які выйшаў на світанні наняць работнікаў у вінаграднік свой. Дамовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, ён паслаў іх у вінаграднік свой.
    Пасля ён выйшаў каля трэцяй гадзіны і, убачыўшы іншых, якія стаялі на рынку без працы, сказаў ім: «Ідзіце і вы ў вінаграднік мой, і я справядліва заплачу вам». Яны пайшлі. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзевятай гадзіны, зрабіў тое самае.
    Выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і сказаў ім: «Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы?» Яны сказалі яму: «Нас ніхто не наняў». Ён кажа ім: «Ідзіце і вы ў вінаграднік».
    Калі ж настаў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў свайму эканому: «Пакліч работнікаў і заплаці, пачаўшы з апошніх да першых». I тыя, хто прыйшоў каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары. Тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што атрымаюць больш, але яны таксама атрымалі па дынары. Узяўшы, яны пачалі наракаць на гаспадара».

Мц 20, 1-16а

   

XXIV нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Пётр падышоў да Езуса і сказаў Яму: «Пане, калі мой брат будзе грашыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў?» Езус адказвае яму: «Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў.
    Таму Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які захацеў разлічыцца са сваімі слугамі. Калі ён пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў яму дзесяць тысячаў талантаў. Паколькі той не меў чым заплаціць, то гаспадар загадаў прадаць яго, і жонку, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць. Тады, упаўшы, слуга кланяўся перад ім і казаў: «Будзь велікадушны да мяне, і ўсё табе аддам». Гаспадар, злітаваўшыся над гэтым слугою, адпусціў яго і дараваў яму доўг. А калі гэты слуга выйшаў, знайшоў аднаго з сабратоў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: «Аддай мне, што вінен». Тады сабрат яго ўпаў да ног ягоных і маліў яго, кажучы: «Будзь велікадушны да мяне, і аддам табе». Але той не захацеў, а пайшоў і пасадзіў яго ў вязніцу, пакуль не аддасць доўгу.
    Сабраты яго, убачыўшы, што здарылася, засмуціліся і, прыйшоўшы, расказалі гаспадару свайму ўсё, што сталася. Тады гаспадар ягоны паклікаў яго і сказаў: «Нягодны слуга! Увесь твой доўг я дараваў табе, таму што ты папрасіў мяне; ці ж не належала і табе змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою? I, разгневаўшыся, гаспадар ягоны аддаў яго мучыцелям, пакуль не верне яму ўсяго доўгу. Так і Айцец Мой Нябесны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца вашага не даруе брату свайму».

Мц 18, 21-35

   

XXIII нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Езус сказаў сваім вучням: «Калі зграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго сам-насам. Калі паслухаецца цябе, то ты здабыў брата свайго. Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сведкаў пацвердзілася ўсялякае слова. Калі ж не паслухаецца іх, скажы Касцёлу. А калі і Касцёла не паслухаецца, то няхай ён будзе для цябе як язычнік і мытнік. Сапраўды кажу вам: «Што вы звяжаце на зямлі, тое будзе звязана ў небе, і што развяжаце на зямлі, тое будзе развязана ў небе».
    Сапраўды таксама кажу вам, што, калі б двое з вас на зямлі згодна прасілі б нейкай рэчы, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах. Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх».

Мц 18, 15-20

   

XVІII нядз. звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Калі Езус пачуў пра смерць Яна Хрысціцеля, Ён асобна адплыў адтуль на чоўне ў пустыннае месца, а натоўпы людзей, пачуўшы гэта, пайшлі за Ім пехатою з гарадоў. Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў вялікі натоўп людзей, і злітаваўся над імі, і аздаравіў хворых іхніх.
    Калі ж настаў вечар, Ягоныя вучні падышлі да Яго і сказалі: “Пустыннае месца гэтае і гадзіна ўжо позняя; адпусці народ, каб яны пайшлі ў вёскі і купілі ежы сабе”.
    Езус сказаў ім: “Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці”. Яны ж кажуць яму: “У нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбы”. Ён сказаў: “Прынясіце іх Мне сюды”.
    Пасля Ён загадаў народу сесці на траву, узяў пяць хлябоў і дзве рыбы, паглядзеў на неба, блаславіў і, паламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні - народу. I елі ўсе і насыціліся, і з кавалкаў, што засталіся, сабралі дванаццаць поўных кашоў. А тых, хто еў, было каля пяці тысяч чалавек, не лічачы жанчын і дзяцей.

Мц 14, 13-21

   

XVII нядз. звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Езус сказаў народу: “Валадарства Нябеснае падобна да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоў чалавек і ўтаіў. У радасці ад гэтага ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэтае поле.
    Яшчэ Валадарства Нябеснае падобна да купца, які шукае прыгожых пярлін. Знайшоўшы адну каштоўную пярліну, ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе яе.
    Валадарства Нябеснае падобна таксама да нерата, закінутага ў мора, што збірае рыбу ўсялякага кшталту. Калі ён напоўніўся, яго выцягнулі на бераг і, сеўшы, добрае сабралі ў посуд, а благое выкінулі вон.
    Так будзе пры сканчэнні свету: выйдуць Анёлы і аддзеляць ад праведнікаў благіх, і кінуць іх у вогненную печ. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў”.
    Езус спытаўся ў іх: “Ці зразумелі вы ўсё гэта?” Яны адказалі Яму: “Так”. Ён жа сказаў ім: “Вось чаму ўсялякі кніжнік, навучаны пра Валадарства Нябеснае, падобны да гаспадара, які выносіць са скарбніцы сваёй новае і старое”.

Мц 13, 44-52

   

XVІ нядз. звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Езус прапанаваў людзям іншую прыпавесць, кажучы: «Валадарства Нябеснае падобна да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік і пайшоў. Калі ж збажына ўзышла і дала плод, тады паказаўся каласоўнік. ГІрыйшоўшы ж, слугі гаспадара дому сказалі яму: «Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на полі сваім? Адкуль жа на ім каласоўнік». Ён жа сказаў ім: «Вораг зрабіў гэта». А слугі сказалі яму: «Хочаш мы пойдзем выпалаць яго?» Але ён сказаў: «Не, каб, выбіраючы каласоўнік, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы. Пакіньце расці разам тое і другое да жніва; і ў час жніва я скажу жняцам: «Збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць; а пшаніцу збярыце ў гумно маё». (...) Тады Езус, адпусціўшы народ, увайшоў у дом. I падышлі да Яго вучні Яго, і сказалі: Растлумач нам прыпавесць пра каласоўнік на полі. Ён жа сказаў ім у адказ: Сейбіт добрага насення ёсць Сын Чалавечы. Поле ёсць свет, добрае насенне - гэта сыны Валадарства, а каласоўнік - сыны злога; вораг, які пасеяў іх, - гэта злы дух; жніво - сканчэнне свету, а жняцы - гэта Анёлы. Таму, калі збіраюць каласоўнік, агнём паляць; так будзе пры сканчэнні свету гэтага. Пашле Сын Чалавучы Анёлаў сваіх, і збяруць з Валадарства Яго ўсё, што спакушае, і ўсіх, хто робіць беззаконне. I ўкінуць іх у печ вогненную: там будзе плач і скрыгатанне зубоў. Тады праведнікі заззяюць, як сонца, у валадарстве Айца іх. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.

Мц 13, 24-43

   

XV нядз. звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
У той дзень Езус выйшаў з дому і сеў каля мора. (...) I шмат гаварыў ім ў прыпавесцях, кажучы: «Вось выйшаў сейбіт сеяць. I калі ён сеяў, адны зярняты ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі, і паклявалі іх. Другія ўпалі на камяністае месца, дзе не было шмат глебы, і адразу прараслі, бо зямля была неглыбокай. Калі ж узышло сонца, яны завялі і з-за таго, што не мелі каранёў, засохлі. Іншыя зярняты ўпалі ў церні, і выраслі церні, і заглушылі іх. А яшчэ іншыя ўпалі на добрую зямлю і прынеслі плён: адно ў сто разоў, другое ў шэсцьдзесят, а іншае ў трыццаць. Хто мае вушы, няхай слухае!» I, падыйшоўшы, вучні сказалі Яму: «Навошта Ты гаворыш ім у прыпавесцях?» Ён сказаў ім ў адказ: «Таму што вам дадзена ведаць таямніцы Валадарства Нябеснага, а ім не дадзена. Бо таму, хто мае, дадзена будзе, і атрымае ў дастатку, а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае. Таму Я гавару ім у прыпавесцях, бо яны глядзяць, а не бачаць, слухаюць, а не чуюць і не разумеюць. I спаўняецца на іх прароцтва Ісаі, якое кажа: Слухаць будзеце і не зразумееце, і вачыма глядзець будзеце і не ўбачыце. Бо зацвярдзелае сэрца народа гэтага, і вушамі з цяжкасцю чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб не ўбачыць вачыма, і не пачуць вушамі, і не зразумець сэрцам, і не навярнуцца, I каб Я аздаравіў іх».

Мц 13, 1-17

   

XIV нядз. звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
У той час, адказваючы, Езус сказаў: «Праслаўляю Цябе, Ойча, Пан неба і зямлі, што Ты схаваў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо такая была Твая добрая воля. Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае Сына апроч Айца; і ніхто не ведае Айца, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць.
    Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для душаў вашых. Бо ярмо Маё любае і цяжар Мой лёгкі».

Мц 11, 25-30

   

Старонка 43 з 51:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  247

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.