Жыць, вучыць і выхоўваць па-хрысціянску
Алена Садоўская
08 ліпеня 2012
|
23 чэрвеня ў касцёле Божай Міласэрнасці ў Лідзе адбылася ІІ Дыяцэзіяльная сустрэча настаўнікаў, на сённяшні дзень такая важная і неабходная. Мерапрыемства пацвердзіла, што яно запатрабавана, што знайшло водгук у сэрцах тых, хто імкнецца пачуць Божае слова, хто хоча жыць і працаваць па Божых законах. Тое, што настаўнікі і выхавацелі сабраліся другі раз, дае надзею і ўпэўненасць у тым, што такія сустрэчы стануць традыцыйнымі, будуць аб’ядноўваць кожны год усё больш і больш удзельнікаў і што ўсё большая колькасць педагогаў будзе звяртацца да Евангелля як да асноўнай крыніцы выхавання маладога пакалення.
На сустрэчу сабралася каля 200 настаўнікаў, выкладчыкаў і выхавацеляў, якія прыехалі абмяняцца вопытам і думкамі наконт таго, як выхоўваць дзяцей і весці іх да Хрыста, як перадаваць сваім выхаванцам глыбокую веру. Праграма мерапрыемства была насычанай і цікавай. З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Юзаф Станеўскі, які адзначыў, што сапраўдны настаўнік не толькі фарміруе веды, але і выхоўвае сваёй любоўю, шчырасцю, адказнасцю і, перш за ўсё, глыбокай верай, той, якая “зыходзіць з табэрнакулюма”. З вуснаў рэктара ўсім прысутным былі перададзены прывітальныя словы і пажаданні плённай працы ад біскупа дыяцэзіі Аляксандра Кашкевіча. †