Касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Галынцы
У 1714 г. у Галынцы на ахвяраванні графа Хрэптовіча была заснавана ўніяцкая парафія і будуецца касцёл. Яна дзейнічала тут аж да 1875 г., калі ў Польскім Каралеўстве была ліквідавана ўнія. У 1875 – 1915 гг. святыня была перададзена праваслаўным. У 1915 г. нямецкія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Гродзеншчыны. Праваслаўны святар разам з расійскімі ўстановамі эвакуіраваліся. Да 1918 г. у касцёле не ажыццяўляліся набажэнствы з-за адсутнасці там ксяндза. У студзені 1919 г. у Галынку прыбывае рыма-каталіцкі святар - ксёндз Мацвей Плаўшчынайціс, які асвячае касцёл і ў Галынцы паўстае рыма-каталіцкая парафія. Летам 1919 г. кс. Мацвей разам з майстрамі і вернікамі з усёй парафіі рамантуе касцёл. У 1921 г. кс. Пётр Бжузка быў прызначаны новым пробашчам. У 1921 – 1922 гг. да святыні былі дабудаваны дзве драўляныя сакрыстыі, якія пазней былі атынкаваны і пабелены. Царкоўны купал быў зняты, а на яго месцы была збудавана вежа. Касцёл у парафіі Галынка стаў наступных памераў: 23,5 м даўжыні і 8,5 м шырыні. У пачатку 1922 г. у святыні з’явіліся тры новыя алтары, якія былі зроблены на ахвяраванні пана Баляслава Кульмачэўскага, пана маёнтка ў вёсцы Галынка – галоўны алтар, трэцяга ордэна св. Францішка – алтар па правым баку, пана Юзафа Казлоўскага з вёскі Камісажэва і пані Кунды з вёскі Калакоўшчызна – алтар па левым баку. У касцёле знаходзяцца фігуры св. Тэрэзы, св. Войцеха і св. Станіслава. †