Крочыць слядамі Святой Сям’і
Іаанна Немчыноўская
23 снежня 2009
|
27 снежня – свята Святой Сям’і
Калі кожны з нас раздумвае пра сучасную сям’ю, то заўважае ў ёй шматлікія цяжкасці і праблемы. Адначасова ідзе пошук магчымых выхадаў для яе, а таксама розных узораў для пераймання. У гэтым пошуку на першым месцы павінна быць Святая Сям’я, якая з’яўляецца прыкладам для кожнай хрысціянскай сям’і.
Ксёндз Ян Бэртхер, заснавальнік супольнасці Місіянераў Святой Сям’і, зазначыў у сваёй працы “Культ і перайманне Святой Сям’і”, што Езус, Марыя, Юзаф – гэта тры нераўназначныя вяршыні, якія любілі адзін аднаго. На іх прыкладзе здзяйсняецца такая ўзнёслая гармонія няроўнасці, што аналагічнай не было і ніколі не будзе ва ўсім створаным свеце. Рэалізаваць любоў у сужэнстве – нялёгкая справа. І Святой Сям’і не былі аблегчаны высілкі ў гэтым плане. Іх супольнае жыццё не было лёгкім, але нягледзячы на гэта дзякуючы сваёй вернасці і цнотам іх прыклад сямейнага жыцця і далей служыць узорам для пераймання. Ксёндз падкрэсліў, што кожная хрысціянская сям’я – гэта дамашні Касцёл, узмоцнены прысутнасцю Хрыста, так як Святая Сям’я, узмоцненая прысутнасцю Дзіцятка Езус, пілігрымуе ў часе да канца вякоў, ідучы на сустрэчу з Богам-Айцом. На гэтым шляху сучасныя сем’і крочаць слядамі вандроўкі Святой Сям’і, якая ішла першай у гэтай пілігрымцы веры, чым з’яўляецца жыццё.†