ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Віцебск. Хрыстус чакае ў новай святыні

З жыцця Касцёла

10 кастрычніка б.г. у рамках святкавання 10-ці годдзя ўтварэння Віцебскай дыяцэзіі мы былі сведкамі кансэкрацыі касцёла імя Міласэрнага Езуса ў Віцебску. Гэта першая каталіцкая святыня, пабудаваная ў гэтым горадзе праз 125 гадоў.

22 кастрычніка 2000 г. для вернікаў віцебскай парафіі імя Міласэрнага Езуса ў касцёле імя св. Барбары была ажыццёўлена першая св. Імша. 3 снежня гэтага ж года была цэлебравана першая св. Імша ў пабудаванай капліцы, якую 25 снежня асвяціў біскуп Уладзіслаў Блін. 12 верасня 2004 г. ардынарый Віцебскай дыяцэзіі асвяціў пляцоўку пад будаўніцтва новага касцёла, а ў палове кастрычніка гарадскія ўлады далі дазвол на будаўніцтва новай святыні. Разам з ёй паўстаў пастаральны цэнтр, які будзе служыць стварэнню касцёльнай супольнасці і развіццю парафіяльнага жыцця.
    Перад пачаткам кансэкрацыйных святкаванняў прадстаўнік Святога Айца адкрыў урачыста брамы святыні для вернікаў. Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відовіч, які асвяціў вуглавы камень для будаўніцтва гэтага Божага дома, быў галоўным цэлебрантам св. Імшы і кансэкраваў касцёл.

    У цэлебрацыі першай Эўхарыстыі ў новай святыні ўдзельнічала 14 іерархаў і шматлікія святары. На ўрачыстасці прысутнічалі наступныя асобы: кардынал Казімір Свёнтэк, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мінска-магілёўскі Мітрапаліт; адэска-сімферопальскі біскуп Браніслаў Бярнацкі і біскуп Станіслаў Шырокарадзюк з Жытомірска-кіеўскай дыяцэзіі і іншыя. Прысутнічалі таксама прадстаўнікі духавенства і вернікі з Украіны, Польшчы, Літвы, Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША, Індыі і Чэхіі.

    Біскуп Аляксандр Кашкевіч, гродзенскі ардынарый, заклікаў у сваёй гаміліі вернікаў сардэчна падзякаваць Богу за святыню. “Тут Хрыстус будзе нас карміць эўхарыстычным хлебам, тут мы будзем адраджацца да новага жыцця, дзякуючы сакрамэнту Хросту” – зазначыў біскуп Аляксандр. Ён нагадаў, што Хрыстус чакае заўжды вернікаў у гэтай святыні і дзякуючы Яму ніколі яны не будуць самотныя”.

    Падчас урачыстасці ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Уладзіслаў Блін падзякаваў Богу і людзям, вернікам і няверуючым, вернікам іншых хрысціянскіх Касцёлаў і перш за ўсё праваслаўным, якія дапамагалі будаваць святыню. Ён праінфармаваў, што дзякуючы благаславенню Папы Бэнэдыкта XVI юбілейныя ўрачыстасці ў Віцебскай дыяцэзіі закончацца 22 жніўня 2010 г. у дыяцэзіяльным санктуарыі Божай Маці ў Браславе. Згодна з пачатковымі планамі юбілей павінен быў закончыцца 10 кастрычніка гэтага года кансэкрацыяй новага касцёла імя Міласэрнага Езуса.

    Мінска-магілёўскі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заахвоціў прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх Касцёлаў прыйсці ў пабудаваную святыню на сустрэчу з Богам. “Сённяшні свет патрабуе Евангелля, патрабуе тых, хто жыве праўдай Евангелля і нясе іншым Яго святло” – падкрэсліў мітрапаліт. Дапаўненнем да словаў пра супольную сустрэчу з Богам стала інфармацыя, што св. Імшы будуць цэлебравацца ў новым касцёле на англійскай, польскай і беларускай мовах.

    9 кастрычніка б.г. у будынку новага касцёла адбыўся навуковы сімпозіум на тэму “Божая Міласэрнасць і новая евангелізацыя”, у якім прынялі ўдзел студэнты і выкладчыкі духоўных семінарыяў з Гродна, з Пінска і прадстаўнікі грэка-каталіцкага Касцёла на чале з архімандрытам Сяргеем Гайкам. Дакладчыкі заахвочвалі прысутных паразважаць над прызваннем кожнага хрысціяніна, чым ёсць апостальства. Было падкрэслена, што сучаснаму свету патрэбна жывое апостальства: учынак, слова, малітва. У рамках сімпозіума былі абвешчаны вынікі рэлігійнага паэтычнага конкурса, які адбыўся ў Віцебскай дыяцэзіі з нагоды яе 10-ці годдзя.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.