ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

У пошуку свайго прызвання

З жыцця Касцёла

16 – 19 ліпеня б.г. некалькі дзесяткаў хлопцаў з розных куточкаў нашай дыяцэзіі згадзіліся ўдзельнічаць у сёлетніх рэкалекцыях (якія датычаць прызвання) у Вышэйшай Духоўнай семінарыі ў Гродне. Апрача малітваў і ўдзелу ў св. Імшах праграма рэкалекцый прадбачыла дзве важныя для маладых асобаў канферэнцыі: “Прызванне да святасці” і “Пакліканне да святарства”. Сутнасць першай зводзілася да разважанняў над тым, як рэалізаваць заданне, якое Бог ставіць перад чалавекам, а менавіта, як распазнаць сваё жыццёвае прызванне. Закранутыя падчас другой канферэнцыі праблемы павінны былі схіліць маладых людзей да роздуму, як пераканацца ў сваім прызванні да святарства. Лепшаму згуртаванню ўдзельнікаў рэкалекцыі і іхняму сутыкненню з гісторыяй паўстання 1863 г. на нашых тэрыторыях служыў выезд у Багатыровічы. У арганізацыі рэкалекцый прынялі актыўны ўдзел рэктар ВДС кс. Юзаф Станеўскі, ксёндз-прэфект Міхал Ластоўкі, ксёндз-эканом Аляксандр Сасноўскі і новапрэзбітэры: кс. Андрэй Лішко і кс. Аляксандр Багдановіч. Духоўны айцец ВДС кс. Андрэй Радзевіч клапаціўся духоўным аспектам сустрэчы.
Духоўны айцец кс. Андрэй Радзевіч 
     Сёлетнія рэкалекцыі (якія датычаць прызвання) былі арганізаваны ўжо шосты раз. З нашага вопыту вынікае, што яны служаць вялікай духоўнай дапамогай для распазнання маладымі людзьмі свайго жыццёвага прызвання. Іншая справа – гэта святарскія пакліканні. Іх можна акрэсліць як зерне, кінутае Богам, дар і таямніца, што не даецца выпадковаму чалавеку і западае ў сэрца. Па меркаванню выкладчыкаў падчас рэкалекцый трэба мудра падказаць маладым хлопцам, як правільна распазнаць свой жыццёвы шлях, на што звярнуць сваю ўвагу. Нашая роля будзе выканана, калі рэкалекцыі дапамогуць хлопцам стаць добрымі людзьмі, уражлівымі на патрэбы людзей. Я спадзяюся, што год Святарства засяродзіць увагу маладых людзей на неабходнасць святароў у нашай краіне. Я бачу, што ў сэрцах некаторых хлопцаў такое зерне Бог засеяў ужо. Цудоўна, каб менавіта ў год Святарства гэтае зерне прынесла плён: было выбрана рашэнне вучыцца ў нашай семінарыі. Для мяне асабіста вельмі важна, што маладыя людзі прыязджаюць на рэкалекцыі, бо гэта азначае, што яны ставяць перад сабой пытанні і шукаюць на іх адказы, стараючыся знайсці сябе.
Дзяніс Бразінскі (Смаргонь, парафія імя св. Міхала Арханёла)
    Я прыехаў на гэтыя рэкалекцыі ў Гродна ў ВДС, якія датычаць прызвання, чацвёрты раз. На працягу гэтага часу я добра пазнаёміўся з ладам жыцця семінарыі і клерыкаў. Мяне не ўражваюць патрабаванні выкладчыкаў і дысцыпліна. Ідзе размова пра тое, што ў свае 17 гадоў я зразумеў словы Езуса Хрыста: “Вазьмі свой крыж і ідзі за Мной”. Ужо чатыры гады таму назад у мяне з’явіўся намер пайсці вучыцца ў семінарыю ці ўступіць у манаскі ордэн. У 10 гадоў я стаў міністрантам, што мяне вельмі наблізіла да касцёла. Наш душпастыр, ксёндз Здзіслаў Вэдэр, параіў мне паехаць на рэкалекцыі. Праз некаторы час у мяне пачало складвацца такое ўражанне, што мой жыццёвы лёс – гэта служыць Богу і людзям. Выкладчыкі ВДС дапамаглі мне глыбей пачаць разумець навучанне Хрыста і пераканацца (калі на гэта Божая воля), што я павінен служыць людзям у якасці святара. Я памятаю адну св. Імшу ў нашым смаргонскім касцёле, пасля якой я сказаў сваёй маме, што буду старацца пайсці вучыцца ў гродзенскую семінарыю. Гэта была такая незабыўная хвіліна, калі я пачуў, што Бог запаліў у маім сэрцы іскру святарскага паклікання: як бы сказаў мне: “Пайдзі за Мной!”
Віталій Валюк (Крамяніца, Ваўкавыскі дэканат)
    Я радуюся, што паслухаў рады свайго пробашча, ксяндза Крыштофа Янаса: паехаць на рэкалекцыі па пакліканню. Пануючая там атмасфера зрабіла на мяне вялікае ўражанне. Я зразумеў, што тыя маладыя людзі мне вельмі блізкія ў духоўным плане, што я магу з імі і з выкладчыкамі семінарыі паразмаўляць на хвалюючыя мяне жыццёвыя тэмы. Пасля таго, як я пазнаёміўся з клерыкамі, то адчуў, што семінарыйная супольнасць – вельмі блізкая мне. Я ўсё больш думаю, што ў гэтай навучальнай установе знайду заспакаенне для сваёй душы і яна дасць мне ўсе магчымасці для падрыхтоўкі да святарства.
Юрый Пейхерт (Гродна, парафія імя Беззаганнага Зачацця НПМ)
    Я прыехаў на рэкалекцыі другі раз. Я ўдзячны сваім бацькам, што яны выхавалі мяне ў глыбокай веры. Можа менавіта гэта садзейнічала таму, што праз пэўны час неабходнасцю маёй душы стала бліжэйшае знаёмства з навучаннем Езуса Хрыста, каб такім спосабам атрымаць сілы для змаганняў са зменлівасцямі жыцця. Як кожны дваццацігадовы юнак у мяне ўжо ёсць свой пэўны жыццёвы вопыт і прадуманае. Мая мэта – знайсці адказ на вечную праўду. Я спадзяюся, што знайду яе ў семінарыі, дзе маю намер вучыцца. Мяне падтрымліваюць бацькі, раячы пераканацца тут у сваім жыццёвым пакліканні.
Павел Самардак (Ваўкавыск, парафія імя св. Вацлава)
    Я пабываў на гэтых рэкалекцыях ужо пяты раз. Я стараўся за гэты час распазнаць сваё жыццёвае пакліканне, слухаючы разважанні ксяндзоў-прафесараў і ўслухоўваючыся ў свой унутраны голас. Я пазнаёміўся тут з многімі цудоўнымі людзьмі і знайшоў адказ на многія хвалюючыя мяне пытанні. І толькі ў гэтым годзе зразумеў, што маё прызванне – свецкае жыццё: стварыць сям’ю, быць бацькам і выхоўваць свае дзеці ў Хрыстовай веры добрымі людзьмі. Перада мной – яшчэ доўгі шлях пошукаў сэнсу жыцця па-за мурамі семінарыі, але дзякуючы парадам і падтрымцы, якія я атрымаў падчас рэкалекцый, буду старацца заўжды імі карыстацца.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.