ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Адпустовыя ўрачыстасці ў Гудагаі

З жыцця Касцёла

Бог сам выбірае месцы, дзе ўзбагачае чалавека сваёй прысутнасцю. Яны маюць асаблівае значэнне для вернікаў па рэлігійных прычынах. У многіх з іх ёсць праслаўленыя ласкамі абразы ці фігуры Хрыста, Найсвяцейшай Маці або каго-небудзь са святых, якія з’яўляюцца таксама творамі мастацтва. Несумненна, важную ролю адыгрываюць таксама святыні, дзе знаходзяцца рэліквіі. Часам гэта - цудоўныя базылікі з багатай архітэктурай, мастацкай ляпной аздобай, узяць хоць бы санктуарый у Будславе ці гродзенская катэдра, але іншы раз Бог выбірае звычайны і просты касцёлік, як напрыклад у Гудагаі, дзе на працягу многіх стагоддзяў вялікай пашанай вернікаў быў акружаны абраз Уладзімірскай Божай Маці, які з цягам часу атрымаў назву абраза Гудагайскай Божай Маці або Шкаплернай Божай Маці.
    Невялікі касцёлік, які размяшчаецца на гудагайскай горцы, не вельмі кідаецца ў вочы архітэктурным выкананнем, хоць менавіта сваёй прастатой ён можа зачараваць. На асаблівую ўвагу заслугоўвае яго размяшчэнне, бо горкаў, падобных да той, на якой узносіцца касцёл, ёсць шмат у ваколіцах Гудагая. Як вокам глянуць, відаць складкаватыя палі, асабліва прыгожыя вясной і летам, калі залацяцца і серабрацца палеткі збажыны, захапляюць зелянінай лугі, а ў даль запрашае шумлівы лес, дзе ўюцца сцяжынкі сярод парослых імхом дрэваў, камянёў і буйнай расліннасці. Вернікі, як і турысты, што прыязджаюць у Гудагай, могуць адпачыць ў цені Божай Маці ў Яе парку, дзе ёсць усё, што садзейнічае сканцэнтраванню і рэгенерацыі сілаў.
16 – 18 ліпеня б.г. у Гудагаі адбыліся ўрачыстасці дзеля ўшанавання Шкаплернай Божай Маці. У самы дзень успаміну Найсвяцейшай Марыі Панны з гары Кармэль у санктуарый прыбыла моладзь з Астравецкага дэканата і іншых часткаў Беларусі на рэкалекцыі, спалучаныя з адпустам.
    Сустрэчу маладых пачаў пастыр Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч, кіруючы ўрачыстымі Нешпарамі дзеля ўшанавання НПМ з гары Кармэль. Біскуп заахвоціў дзяўчатаў і хлопцаў трываць ля Хрыста і сведчыць аб сваёй веры. На заканчэнне супольнай малітвы ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі асвяціў крыжы на Кальварыі, якая павінна паўстаць у Гудагаі, і паблагаславіў удзельнікаў літургіі. Пасля супольнага пасілку моладзь і душпастыры развіталіся з біскупам і адправіліся да палявога алтара, дзе малітву радасці пачала група “Небосклон” з парафіі імя св. Яна Хрысціцеля з Мінска.
    У наступны дзень моладзь і прыбыўшыя зранку пілігрымы ўдзельнічалі ў супольных малітвах, спевах і канферэнцыях, якія абвясціў духоўны айцец Міждыяцэзіяльнай Вышэйшай Духоўнай семінарыі ў Пінску. Галоўнай тэмай сустрэчы маладых была любоў - фундаментальная аснова ў жыцці хрысціяніна, а дэвізам сталі словы верша Божага слугі Яна Паўла II: “Любоў растлумачыла мне ўсё, яна вырашыла ўсё. Таму я схіляю галаву перад ёю, дзе б яна ні была”.
    У той жа самы дзень у пятніцу ў 17.00 была цэлебравана св. Імша на заканчэнне навэнны дзеля ўшанавання Шкаплернай Божай Маці і пачатка адпустовых ўрачыстасцяў. Пасля набажэнства адбыўся Крыжовы шлях па-за касцёлам. Маючы на ўвазе патрэбы сучаснага чалавека, які шукае супакою, цішыні і гармоніі з прыродай, босыя кармеліты, якія працуюць у Гудагаі, выкарысталі Богам дадзеную прыгажосць навакольнай прыроды і арганізавалі на навакольных палях, пагорках і ў лесе Кальварыю ці Крыжовы шлях Езуса Хрыста. Ідэю падалі самі вернікі, якія раней наведвалі віленскую Кальварыю. Манахі з Гудагаю спадзяюцца, што гудагайская Кальварыя не толькі выйдзе насуперак чаканням ранейшых віленскіх пілігрымаў, але стане для многіх людзей прасторам, дзе яны знойдуць адказ на многія пытанні, вырашаць свае праблемы, а таксама проста адпачнуць у фізічным і духоўным планах.
    Напэўна, найбольш вядомая ў Еўропе - Кальварыя Зэбжыдоўская ў мясцовасці з такой жа самай назвай у Польшчы, якая ахоплівае 42 капліцы, касцёлікі і домікі, раскінутыя па абшары ў 6 квадратных кіламетраў. Кальварыю ўтвараюць сцяжынкі Езуса і асобна – Божай Маці, якія ілюструюць смутак, пахаванне і трыумф. А каб прайсці ўвесь шлях, не затрымліваючыся даўжэй пры чарговых стацыях, неабходна звыш дзвюх гадзінаў. Неаднойчы на гэтым шляху Ян Павел II маліўся і разважаў аб муках Хрыста.
    Для жыхароў Беларусі вядома больш віленская Кальварыя: 35 стацый, параскіданых па ўзгорках і далінах на даўжыні 7 кіламетраў. Яе гісторыя бярэ вытокі ў 1662 года, калі віленскі біскуп Юрый Белазор пачаў яе будаўніцтва. На працягу чарговых дзесяткаў гадоў незлічоныя натоўпы вернікаў наведалі гэтае месца. На жаль, у 1962 г. капліцы і брамы Крыжовага шляху былі разбураны, а праз год – іх зраўнялі з зямлёй. Толькі з пачатку 90-ых гадоў мінулага стагоддзя было пачата аднаўленне капліцаў. Рэстаўрацыйныя працы працягваліся 12 гадоў. Цяперашняя віленская Кальварыя стала ізноў мэтай пілігрымаў з Літвы і з-за мяжы.
    У апошнія гады адраджаецца таксама мядзельская Кальварыя, пабудаваная ў другой палове XVIII ст., якую знішчалі два разы: пасля ліквідавання кляштару і парафіі ў першай палове XIX ст. і як закрылі касцёл пасля II Сусветнай вайны. Яна налічвае 25 стацый і вядзе ад касцёла цераз горад і маляўнічыя палі на высокі ўзгорак, з якога відаць азёры і навакольныя лясы.
    Гудагайская Кальварыя – сціплейшая. Яе даўжыня - 3,5 кіламетры. Крыжы з касцёла, асвечаныя гродзенскім біскупам Аляксандрам Кашкевічам, былі занесены ў працэсіі на будучую Кальварыю. Усіх стацый ёсць 16, а крыжоў было прынесена 18. Гэта выглядала так прыгожа і сімвалічна: першым у працэсіі ішоў пробашч гудагайскай парафіі а. Казімір Мараўскі OCD, які нёс найбольшы з крыжоў, за ім неслі астатнія знакі мукі Езуса Хрыста. Варта згадаць, што адпуст дзеля ўшанавання Шкаплернай Божай Маці запланавалі так, каб у пятніцу ажыццявілася набажэнства Крыжовага шляху. Працэсія вырушыла ўбок вёскі, каб потым падняцца на найбольшы пагорак у Гудагаі, адкуль адкрываецца прыгожая панарама касцёла і ваколіцаў. На гэтым узвышэнні быў пастаўлены адзін з крыжоў, а сабраныя вакол яго вернікі разважалі аб таямніцы з мукі Пана. Далей кальварыйскі шлях праводзіў іх у лес, дзе было пастаўлена восем стацый, раскіданых па пагорках. Кожны з удзельнікаў набажэнства хацеў хоць на хвіліну сімвалічна дапамагчы Хрысту несці крыж, прымаючы ад іншых невялікія драўляныя крыжы. Пасля Крыжовы шлях вёў у поле, на горку, адкуль былі відны могілкі – тут паставілі тры крыжы, якія ўвекавечвалі смерць Езуса і двух лотраў. Апошняя стацыя была размешчана на могілках, каб успомніць, як паклалі Езуса ў магілу. У будучым гудагайская Кальварыя закончыцца стацыяй Змёртвыхпаўстання Хрыста і будзе размешчана паміж могілкамі, недалёка ад касцёла.
    Босыя кармеліты, апекуны санктуарыя Гудагайскай Божай Маці, спадзяюцца, што Кальварыя створыць непаўторны ўнутраны клімат і будзе садзейнічаць умацаванню духа,дапаможа знайсці сэнс жыцця ўсім, хто наведвае гэтае месца, незалежна ад таго, ці гэта будзе арганізаванае паломніцтва, ці індывідуальнае на кальварыйскіх сцяжынках.
    Пасля заканчэння разважання мукі Пана ў касцёле перад абразам Гудагайскай Божай Маці грэка-католікі правялі Марыйную малітву. Пасля 23.00, калі касцёл не змяшчаў вернікаў, былі праспяваны Нешпары аб НПМ з гары Кармэль, а затым усе сабраныя са свечкамі ўдзельнічалі ў працэсіі, у якой неслі праслаўлены ласкамі абраз Гудагайскай Божай Маці. Пасля поўначы а. Юрый Кулай OCD, які ў гэтым годзе закончыў Міждыяцэзіяльную Вышэйшую духоўную семінарыю ў Пінску, дзе вучацца босыя кармеліты, цэлебраваў св. Імшу, дзякуючы Богу і Найсвяцейшай Маці за вялікі дар манаскага жыцця і святарства. У сваіх словах, якія былі звернуты да сабраных, а. Юрый засведчыў аб сваёй веры ў Божую моц і апеку Марыі і заахвоціў усіх да шчырай надзеі, якая мае вытокі ў Богу.
    Усю ноч вернікі пад кіраўніцтвам моладзі маліліся, як у Вячэрніку - апосталы разам з Марыяй. З раніцы маленькі Гудагай запаўняўся пілігрымамі, якіх было ў некалькі разоў больш, чым яго жыхароў. Айцец Бэрнард Радзік OCD, правінцыяльны дэлегат босых кармелітаў Беларусі цэлебраваў у 9.30 першую св. Імшу. Пасля яе супольнасць грэка-католікаў з Брэста праспявала Акафіст дзеля ўшанавання Божай Маці і прадставіла музычны дыск з тэкстамі вялікіх містыкаў Кармэлю “Песні духа”.
    Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец быў галоўным цэлебрантам св. Імшы ў 12.00 гадзінаў. У ёй прынялі ўдзел ксяндзы-дзеканы і святары з розных парафій, прадстаўнік апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі ераманах Лявонціў Тумоўскі з Рыму, іншыя грэка-каталіцкія святары, сёстры і браты з розных манаскіх ордэнаў, клерыкі і шматлікія вернікі. У сваім казанні біскуп Казімір прызваў сабраных да настойлівай малітвы і вернасці Богу, які заўжды застаецца верны чалавеку. Пастыр, успамінаючы пра мысліцеляў, пісьменнікаў і вучоных розных эпохаў, падкрэсліў, што сапраўдную мудрасць можна знайсці толькі ў Богу. Біскуп паказаў таксама Марыю як прыклад давера да Бога і пэўную абарону для кожнага хрысціяніна ў штодзённым жыцці. “Аддавайце сябе пад Яе апеку, бо як піша св. Бэрнард, ніколі не чулі, каб Яна пакінула таго, хто да Яе ўцякае, кліча Яе на дапамогу”. На заканчэнне св. Імшы сабраныя павіншавалі біскупа з 25-ці годдзем святарства і 10-ці годдзем біскупскай паслугі.
    Пробашч парафіі а. Казімір Мараўскі OCD падзякаваў сабраным. Ён запрасіў ўсіх наведваць Гудагай не толькі падчас адпуста, спадзеючыся, што пачатая справа стварэння Кальварыі, абраз Божай Маці, які тут даўно ўжо знаходзіцца, і ружанцовыя сцяжынкі ля касцёла будуць служыць духоўнаму развіццю сучасных жыхароў Беларусі. Яны стануць яшчэ адным месцам, вартым наведвання, на паломніцкай і турыстычнай карце нашай краіны.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.