ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Жывым – карысць, памерлым – суцяшэнне

Інтэрв'ю

Сёлета выдавецтва Гродзенскай дыяцэзіі выпусціла ў друк на рускай мове кнігу аўстрыйскай містычкі Марыі Сімы “Моё общение с душами из чистилища”. Жанчына дзеліцца каштоўным досведам кантакту з памерлымі, што прыходзілі да яе з просьбамі аб дапамозе, у адказ на якія Марыя ахвяравала малітву і фізічныя пакуты.
Часам душы былі настолькі рэалістычнымі, што ў вачах жанчыны цалкам сціралася мяжа паміж духам і чалавекам з плоці і крыві. Сутнасць прыватных аб’яўленняў Марыі Сімы і нашу ролю ў справе збаўлення набліжае дырэктар дыяцэзіяльнага выдавецтва кс. Тадэвуш Крыштопік.
– Ксёндз Тадэвуш, Марыя Сіма сцвярджала, што кожнай чыстцовай душы быў патрэбны дазвол Бога, каб магчы звярнуцца да яе. Часам жанчына прымала душы штодня і штоноч, выконваючы іх просьбы, і дапамагла шматлікім душам дасягнуць Неба. Калі гэтая практыка настолькі плённая, чаму Бог не дазваляе большай колькасці памерлых звяртацца да большай колькасці жывых?
    – Касцёл не абавязвае нас верыць у прыватныя аб’яўленні, але дазваляе імі карыстацца для ўзмацнення сваёй веры, калі яны не супярэчаць Божаму Аб’яўленню і вучэнню Касцёла. Марыя Сіма жыла ў Зонтаг у Аўстрыі ў 1915–2004 гадах. Яе візіі друкуюцца з дазволу касцёльных улад, пачынаючы з 1968 года. Многія католікі дзякуючы яе сведчанням пачалі больш маліцца за памерлых. Таму Выдавецтва Гродзенскай дыяцэзіі, жадаючы павялічыць свядомасць неабходнасці малітвы за памерлых сярод нашых вернікаў, надрукавала кнігу бачанняў візіянеркі. Аб’яўленні Марыі Сіме з’яўляюцца прыватнымі візіямі. Яна перажывала сустрэчы з чыстцовымі душамі згодна са сваімі магчымасцямі і чалавечымі абмежаваннямі. Дзякуючы яе веры і ахвярнай гатоўнасці дапамагаць душам хутчэй прайсці належнае ім ачышчэнне, Бог дазволіў канкрэтным асобам звяртацца да жанчыны з просьбамі аб дапамозе. Чаму менавіта гэтыя асобы, а не іншыя прыходзілі да яе – гэта справа Божага Провіду. Чаму сёння душы памерлых не прыходзяць з просьбамі да жывых? Відавочна, у сучасных людзей Бог не знаходзіць патрэбнай веры і гатоўнасці ахвяраваць свае цярпенні за памерлых.
   Марыя Сіма (1915–2004), якая мела ласку кантакту з чыстцовымі душамі
    – “Існуе столькі ж відаў чыстца, колькі чыстцовых душ”, – адзначае Марыя Сіма пасля кантакту з памерлымі. Як гэта растлумачыць?
    – Кожная душа ў чыстцы мае свой асабісты чысцец у тым сэнсе, што кожны чалавек – гэта непаўторная індывідуальнасць, якая мае свае добрыя ўчынкі і свае асабістыя грахі, пра цяжар якіх ведае толькі ён сам і Пан Бог. Таму кожная душа індывідуальна перажывае свой чысцец. Згодна з навукай Касцёла, чысцец – гэта не столькі месца ачышчэння, колькі стан ачышчэння. Бо нават у шпіталі, месцы выздараўлення, кожны хворы мае свой асабісты стан хваробы і болю, сваё асабістае стаўленне да немачы. Кожны свае пакуты перажывае індывідуальна (хтосьці з надзеяй і малітвай, хтосьці нецярпліва або нават са злосцю), і кожны мае сваё асабістае прагненне ацалення.
   
    – “Самай каштоўнай дапамогай з’яўляецца ахвяра св. Імшы. Але роўна настолькі, наколькі чалавек цаніў яе пры жыцці”, – чарговая цытата з кнігі. Атрымліваецца, кожная св. Імша, ахвяраваная ў інтэнцыі чыстцовай душы, якая не была веруючай або легкадумна ставілася да практыкі веры, з’яўляецца марнай дапамогай? Як тады набольш эфектыўна дапамагаць такім душам?
    – Св. Імша – гэта не нейкі магічны абрад, а асабістая сустрэча з уваскрослым Хрыстом у сакраманце веры, дзе Ён істотна прысутнічае. Гэта жывыя адносіны з нашым Збаўцам. Мы настолькі любім Хрыста, наколькі любім Яго у св. Камуніі. І гэтае сяброўства з Езусам на зямлі або адчужэнне ў адносінах да Яго мы пераносім у вечнасць, у чысцец. Душам у чыстцы дапамагае не “нешта”, а “Нехта” – Хрыстос, які ёсць Ахвяра за нашы грахі. А паколькі мы не можам ведаць, што адбываецца паміж нашымі памерлымі ў чыстцы і Хрыстом, павінны часта ахвяраваць за іх св. Імшу, св. Камунію і малітвы, а таксама спадзявацца на Божую міласэрнасць, а не займацца бясплоднымі даследаваннямі.
    Марыя Сіма перадала гэтую інфармацыю для нас, жывых, каб мы задумаліся, наколькі цэнім св. Імшу і св. Камунію.
   
    – Абапіраючыся на ўласны досвед, візіянерка запэўнівае, што ахвяраваныя пакуты дапамагаюць чыстцовым душам больш, чым малітва. Як гэта выглядае на практыцы? Напрыклад, калі нам штосьці пачало балець (нага, галава – што заўгодна), трэба лячыцца і можна адначасова ахвяраваць гэты боль у інтэнцыі чыстцовых душ?
    – Пакуты, ахвяраваныя Богу, маюць вялікую вартасць, бо яны больш нам каштуюць. Вусную малітву адгаварыць няцяжка – трэба толькі ахвяраваць час і ўважліва прамаўляць малітоўныя формулы. Пакуты, каб іх годна перанесці, патрабуюць ад нас цярплівасці, надзеі, лагоднасці сэрца. Пан Езус шмат маліўся ў сваім жыцці, але адкупленне чалавецтва пажадаў учыніць праз свае балесныя Пакуты і Смерць на крыжы. Мы можам ахвяраваць за душы ў чыстцы фізічныя пакуты, а таксама псіхічныя і духоўныя цярпенні (пачуццё крыўды, страх, пачуццё адзіноты і пакінутасці, духоўную сухасць). Вядома, што адначасова трэба лячыцца і шукаць выхад з цяжкага становішча.
   
Дапамога чыстцовым душам паводле Марыі Сімы:
   
    1) Святая Імша.
    2) Другім найбольш дзейсным сродкам дапамогі чыстцовым душам з’яўляецца малітва Ружанцам.
    3) Вялікую палёгку ім прыносіць ахвяра духоўных і фізічных пакут.
    4) Крыжовы шлях.
    5) Бясцэннымі з’яўляюцца індульгенцыі (адпусты). Хто пры жыцці часта ахвяруе адпусты за душы з чыстца, таксама ў момант сваёй смерці хутчэй атрымае поўнае адпушчэнне грахоў.
    6) Міласціна, добрыя ўчынкі і грашовыя ахвяраванні на святыя місіі.
    7) Запаленыя свечкі як акт увагі і любові. Таксама яны асвятляюць цемру душ у чыстцы.
    8) Акрапленне святой вадой адвольных месцаў у інтэнцыі чыстцовых душ.

    – Апісваючы досвед кантакту з памерлымі, Марыя Сіма ўзгадвае, што душа з самым “цяжкім” чыстцам была пры жыцці жанчынай, якая знаходзілася ў доўгім канфлікце са сваячкай і не хацела прымірыцца нават перад смерцю. У той жа час сярод прасіцеляў візіянеркі былі і злодзеі, і багахульнікі, і забойцы. Чаму, на Вашу думку, менавіта такая правіна патрабавала найбольшага адкуплення?
    – Езус наказаў так маліцца: “І адпусцi нам правіны нашы, як i мы адпускаем вiнаватым нашым”. Прыпомнім прыпaвесць Езуса пра бязлітаснага даўжніка, які быў дзіўна несправядлівы – сам быў вінен дзесяць тысяч талантаў (320 тон золата), а не хацеў прабачыць сябру сто дынараў (сто дзённых заробкаў). Калі мы не хочам прабачаць, то выключаем гэтага чалавека з нашай любові і тым самым закрываем сваё сэрца на Божае прабачэнне. Любоў да Бога і бліжняга – першая і галоўная запаведзь. Правіннасці супраць любові да чалавека найбольш для нас адчувальныя, таму што людзі заўсёды побач і пастаянна пра гэта адно аднаму прыпамінаюць: ці то словам, ці то іншым выразам пакрыўджанасці. Усе мы ўсведамляем, што з’яўляемся грэшнымі і мала любім людзей, якія знаходзяцца побач, таму самі патрабуем міласэрнасці.
    У гэтым кантэксце нежаданне прабачыць і прымірыцца з другім чалавекам з’яўляецца супрацьлегласцю любові і справядлівасці.
   
    – “Калі вы сутыкаецеся з вялікімі праблемамі, звярніцеся да душ з чыстца. Яны ўдзячныя і цудоўныя памагатыя”, – піша Марыя Сіма. Якім чынам яны могуць нам дапамагчы, калі не з’яўляюцца бласлаўлёнымі і святымі?
    – Згодна з навукай Касцёла, душы ў чыстцы – гэта душы збаўленыя. Яны любяць Бога і ўсімі сіламі імкнуцца да Яго. Яны абавязкова будуць у небе са святымі, толькі павінны прайсці ачышчэнне. Яны не могуць маліцца самі за сябе, але могуць маліцца за нас. Таму мы можам прасіць іх аб малітоўнай дапамозе, так як святых, якія ўжо знаходзяцца ў небе.
   
    Набыць кнігу можна ў магазіне пры курыі Гродзенскай дыяцэзіі па адрасе вул. К. Маркса, 4.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.