ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Пытанні пра Ружанец

На шляху да святасці

На фота буцінанка Надзеі БукіЯкія асацыяцыі ў нас узнікаюць, калі чуем слова “Ружанец”? Ці ахвотна молімся Ружанцам? Ці застаёмся на адарацыю ў кастрычніку? Як “раскусіць” Ружанец – малітву, якой прысвечаны цэлы месяц літургічнага года?
Хуткі рытм штодзённасці не з’яўляецца чымсьці дрэнным (пакуль не каштуе нам занадта шмат). Рух – гэта жыццё ў любой сферы. Між тым ён часам з’яўляецца вынікам празмернай трывожнасці, як і празмернае выкарыстанне гаджэтаў, і празмерная ўвага да сацыяльных сетак.
    На апошнія два пункты таксама можа ўплываць патрэба бесперапынных эмацыянальных стымулаў.
Гэты кантэкст нашай паўсядзённасці можа часткова растлумачыць, чаму нам цяжка на працягу некалькіх або некалькіх дзесяткаў хвілін засяродзіцца на паўтарэнні аднолькавых слоў Ружанцовай малітвы. Карацей кажучы, Ружанец для нас нудны. Такое ўспрыняцце ўплывае на жаданне ўзяцца за Ружанцовую малітву.
    Другі важны фактар – успрыняцце Бога. У залежнасці ад таго, звяртаемся мы да блізкага, любімага чалавека ці да незнаёмца, ужываем розныя словы і інтанацыі. Так адбываецца і з Ружанцам – наш вобраз Бога ўплывае на тое, як молімся. “Шматразова паўтараемыя словы малітвы «Вітай, Марыя» падобныя на прызнанне ў каханні, якое ніколі не надакучыць людзям, закаханым адзін у аднаго”, – такую думку з Апостальскага ліста Яна Паўла II “Rosarium Virginis Mariae” прыводзіць а. Раман Шульц OP, дамініканец, які сёлета ў пяты раз кіруе арганізацыяй Ружанцовага кангрэсу ў Магілёве.
    На пытанне, на чым засяроджвацца падчас Ружанца – на разважанні таямніц ці на паўтарэнні слоў малітвы, – айцец адказвае, што асновай з’яўляецца ўсведамленне таго, што “я стаю перад Жывым Богам”. Вера ў тое, што з другога боку і адначасова побач з намі знаходзіцца Бог, які бачыць, як мы звяртаемся да Яго, і з’яўляецца Апекуном нашага жыцця, надае сэнс і нябачны змест нашай малітве.
    З такім дапушчэннем маліцца значна лягчэй. Тым не менш могуць узнікнуць пытанні наконт “тэхнічнага” боку Ружанца. Адным з іх можа быць згаданы аспект засяроджання: як сканцэнтравацца на разважаннях, калі паўтарэнне наводзіць на іншыя думкі? А. Раман адказвае так: “У чалавека ёсць цела, пачуцці, воля, розум і душа. [...] Ужо сам факт трымання ружанца ў руках з’яўляецца ўдзелам нашых рук у праслаўленні Бога. [...] Можна задзейнічаць свае пачуцці і цела, засяродзіўшы ўвагу, перш за ўсё, на старанным вымаўленні слоў малітваў «Ойча наш» і «Вітай, Марыя», не ўдаючыся ў біблейскі змест таямніц. Прыкладам гэтага можа быць малітва маленькіх дзяцей, якія з вялікім даверам, хоць і не разумеючы глыбіні прамаўляемых слоў, стаяць на каленях перад Богам”.
    З іншага боку, разважанне над таямніцамі адлюстроўвае ўдзел розуму ў Ружанцовай малітве. Тлумачачы гэта, дамініканец звяртаецца да пытання адпустаў (індульгенцый) у дакументах Касцёла: “[...] можна атрымаць поўны адпуст пры звычайных умовах за адгаворванне пяці таямніц Ружанца, найлепш у супольнасці. Аднак паказальна, што ўмовай з’яўляецца не толькі чытанне малітваў, але і тое, што гэтая малітва павінна суправаджацца разважаннем над таямніцамі. Над гэтай заўвагай варта задумацца”.
    А. Раман таксама згадвае важнасць знаходжання на малітве “ў стане ласкі, г. зн. з чыстым сэрцам”. Варта дадаць, што здзейсненыя грахі не змяняюць любові Бога да нас, і Ён рады нашай малітве. Справа ў тым, што без цяжкага граху нашаму сэрцу лягчэй пачуць натхненне Святога Духа, як і нашаму целу лягчэй рухацца без цяжкага заплечніка на плячах.
    У кантэксце разважанняў над таямніцамі Ружанца і пераадолення рассеянасці айцец заахвочвае практыкаваць на працягу пэўнага часу малітву з “дапаўненнямі”. “Напрыклад, падчас малітвы таямніцай «Уваскрасенне Пана Езуса» пасля слова «Езус» у кожным «Вітай, Марыя» дадаём коратка: 1) Езус, які сказаў апосталам: «Супакой вам»; 2) Езус, які далучыўся да вучняў, што ішлі ў Эмаус, і растлумачыў ім Святое Пісанне; 3) Езус, які сказаў Тамашу: «Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, але паверыў» і да т. п. Я прывёў тут прыклад трох дапаўненняў да паўторанага тройчы «Вітай, Марыя». Застаецца зрабіць яшчэ сем падобных дапаўненняў”. Такі Ружанец з дапаўненнямі можна знайсці ў кніжцы, выдадзенай падчас першага Ружанцовага кангрэсу ў Магілёве ў 2017 годзе. А што наконт часу, прысвечанага на Ружанец: 15 хвілін ці паўгадзіны? Адказваючы на гэтае пытанне, а. Раман прыводзіць прыклад людзей, якія рашаюцца на ўдзел у Духоўным усынаўленні і цягам 9-ці месяцаў кожны дзень моляцца адной таямніцай Ружанца або якія, выконваючы наказ Марыі Фацімскай, кожны дзень моляцца цэлым Ружанцам.
    Дамініканец таксама ўзгадвае св. айца Піо і яго штодзённае адгаворванне 30-40 частак Ружанца (“нешта неверагоднае!”). І дзеліцца сваім вопытам: “Мой «рэкорд» – 10 частак Ружанца на працягу дня, падчас пешага паломніцтва ў Іспаніі да санктуарыя св. Якуба. Таму «слухайма, што Дух кажа Касцёлу»”.
    Айцец таксама раіць прасіць дапамогі Святога Духа ў сітуацыях, калі цяжка ўзяцца за Ружанец. Заклікае спытаць парады ў таго, хто любіць маліцца гэтай малітвай. “Я сам буду рады пагаварыць (па тэлефоне або ў любой іншай форме) з кожным, хто гэтага захоча”. Яшчэ адзін спосаб – прачытаць кнігу аб Ружанцовай малітве.
    А. Раман асабліва рэкамендуе “выдатны апостальскі ліст папы Яна Паўла II пра Ружанец”.
    Перадаём сардэчнае прывітанне і бласлаўленне а. Рамана Шульца OP на кастрычнік усім аматарам Ружанцовай малітвы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.