ГРОДНА
Панядзелак,
06 снежня
2021 года
 

Кс. Віталь Цыбульскі: “Фэсты – трамплін да духоўнага палёту”

Інтэрв'ю

“Novafest” праходзіў пад дэвізам “Праслаўляць Бога ў Духу і праўдзе” (Ян 4, 23)

У Беларусі немагчыма не заўважыць рост колькасці рознага кшталту хрысціянскіх мерапрыемстваў. Найчасцей яны ладзяцца вакол парафій аднак іх аўдыторыя выходзіць нашмат далей за гэтыя межы. Лавінападобнасць з’явы пацвярджае яе запатрабаванасць і адпаведнасць часу. Пра гэта сёння размаўляем з арганізатарам “Novafest” ва Уселюбе.
– Кс. Віталь, у 2019 годзе Вы ўпершныю арганізавалі Казіміраўскі фэст ва Уселюбе. Праходзіць два гады – і ладзіце новае мерапрыемства – “Novafest”. Чаму змянілася назва і, як разумею, ідэя фэсту?
    – Усё пачалося з таго, што калі я прыехаў у гэтую парафію і пачаў знаёміцца з людзьмі, з мясцовымі ўладамі, то сустрэўся з сітуацыяй, калі мне наўпрост сказалі, што католікі служаць вось тут, а праваслаўныя – тут. Гэта мяне ўзрушыла: чаму ёсць нейкі падзел?
Я шукаў падыход да людзей, хацеў паказаць, што мы можам рабіць штосьці ўсе разам. Пачаў з дапамогі мясцовым патрабуючым. Мы арганізоўвалі г. зв. “кошык дабрыні” – збіралі прадукты і развозілі іх, напрыклад, шматдзетным сем’ям перад Божым Нараджэннем. Агулам сабралі тады каля 300 кг. Пазней наладзілася супраца са школай, домам-інтэрнатам.Кс. Віталь Цыбульскі – пробашч парафіі ва Уселюбе, душпастыр у мясцовым ЛПП. Мае 18 гадоў  святарства. Галоўны арганізатар “Novafest”.
    З гэтага ўсяго нарадзіўся Казіміраўскі фэст. Хацелася сабраць усіх мясцовых жыхароў разам. Праз гісторыю святыні (касцёл ва Уселюбе з’яўляецца адным з найстарэйшых у Беларусі – заўв. аўт.) мы імкнуліся паказаць багацце нашай зямлі, што тут жылі розныя людзі: католікі, праваслаўныя, пратэстанты, якія адзін аднаму дапамагалі. Я звярнуўся ў сельсавет, да раённых улад, і мы разам гэтае мерапрыемства зладзілі.
    Спадзяваліся, што першы фэст будзе невялічкі – на чалавек 100. Сабралася ж каля 400 асоб, атрымалася вялікая падзея. Аднак адразу прапанаваць духоўнае вельмі цяжка.
    Чалавека трэба адкрываць паступова: праз любоў да гісторыі, песень, танцаў. Асоба пачынае давяраць, і тады ўжо можна прапанаваць духоўнае. Таму ўжо ў гэтым годзе Казіміраўскага фэсту не было, а з’явіўся “Novafest”. Па шчырасці, пра сёлетні фэст мы не думалі і не разважалі. Гэта чысты плён рэкалекцый, якія распачаліся ва Уселюбе год таму. Я веру, што Святы Дух падштурхнуў нас да духоўнага ўзбагачэння гэтага месца.
   
    – Я правільна разумею, што Казіміраўскі фэст быў спробай выйсці па-за касцёл і зацікавіць мясцовых людзей…
    – Так. Нават, хутчэй, аб’яднаць іх.
   
    – А “Novafest” стаў лагічным працягам – духоўнай прапановай мясцовым жыхарам?
    – Так. І людзі прыходзілі, давалі сведчанні. Гэта ўжо асобная тэма.
   
    – А ці было такое, што людзі ішлі на “Novafest”, а насамрэч думалі, што ідуць на Казіміраўскі?
    – Яны пыталіся, ці будзе так, як мінулым разам. Хоць “Novafest” быў у большай ступені закрытым, некаторыя мясцовыя прыходзілі з цікавасці. Увогуле я добра памятаю, як гэтыя людзі выглядалі два гады таму. І бачу, як выглядаюць цяпер: не баяцца прыйсці, загаварыць. Раней я ў іх вачах быў нейкім дзіваком, які прыехаў, захацеў нешта рабіць, а гэта нікому не патрэбна. Сёння тыя, хто некалі казаў “ваша месца там, а наша – тут”, здзіўляюцца, чаму некаторыя іх суседзі працягваюць так лічыць і не прыходзяць.
   
    – То-бок, фэст быў спосабам змены стэрэатыпу, што ксёндз і вера выходзяць па-за касцёл?
    – Так, яны крыху інакш убачылі святара, які можа з імі працаваць, можа мець нейкія ідэі, прыдумваць штосьці нестандартнае. Увогуле ўсё, што тут робіцца для іх, выклікае вялікае здзіўленне: мы стварылі кавярню, галерэю, краму, музей. Але ўсе ўжо паступова прызвычайваюцца.
    Самае галоўнае – адкрыць людзей на асабістае сведчанне прысутнасці Бога ў жыцці. Каб яны ведалі Усемагутнага не толькі ў касцёле ці царкве, але і, напрыклад, п’ючы зёлкавую каву з кс. Віталем ці з людзьмі, якія працуюць тут у камандзе. Каб убачылі жывога Бога сярод іх.
   
    – А Вы адчуваеце абнаўленне парафіі за гэтыя гады? Пачало, напрыклад, болей людзей прыходзіць у касцёл?..
    – Я не гляджу катэгорыямі “прыходзіць”. Я гляджу, што мы сталі парафіяй, у якую прыязджае шмат людзей па розных прычынах. Напрыклад, яны хочуць паглядзець касцёл, а мы дзелімся з імі сведчаннем жыцця з Богам. Трэба накарміць гэтых людзей, даць ім месца для сну – гэта такое наша простае служэнне.
    Хоць ва Уселюбе парафія і старэнькая, маладых вельмі мала, але людзі перажываюць метаною, нейкую перамену мыслення. Нягледзячы на тое, што ім часам складана, шматлікія рэчы ў сэрцах і галовах людзей ламаюцца. Бо Бог заўсёды новы! Культура каталіцкіх фэстаў у Беларусі развіваецца.
    У апошнія гады іх становіцца ўсё больш, і, каб не каранавірус, дынаміка была б больш адчувальнай. Сёлета адбыліся першыя фэсты ў Удзеле, Мінску, Бялынічах, Шаркаўшчыне. Я спадзяюся, што Касцёл нарэшце абуджаецца. Увогуле, у нашай краіне пачынаецца рух адраджэння. Асабліва я бачу прамяні абуджэння ў святарскім коле: святары пачынаюць разумець, што іх місія не можа ляжаць у шафе, як такое прыгожае адзенне. Яна павінна жыць! Але паглядзім, бо гэта не стометроўка, гэта марафон да канца жыцця.
    Дзесяцігоддзямі парафіяльныя фэсты абмяжоўваліся св. Імшой, працэсіяй, супольным абедам мясцовых святароў. Сучасныя ж ідуць насустрач парафіянам. Усё гэта было добра, і варта яго падтрымліваць. Аднак мы не ведаем, у які момант Бог дакранецца да чалавека. Можа падчас св. Імшы, адарацыі ці працэсіі. А можа і падчас фэсту. Бог мае шмат граняў. У святах і фэстах таксама ёсць свой шлях.
    Бог дзейнічае праз наша захапленне і цягу да чагосьці. Асабіста я люблю прымаць людзей, размаўляць з імі, знаёміцца. Калісьці для мяне гэта было цяжка, а цяпер наадварот. Калі хтосьці прыязджае, у нашай камандзе так прынята, што ўсе адразу кідаюць свае справы і ідуць да чалавека. Гэта спосаб сведчання.
    Трэба нам – святарам і парафіянам – выходзіць з сядзення і захавання традыцыі. Трэба, каб біла сэрца і быў прыток крыві. Свежай і новай. Не можа быць, як раней. Гэта таксама мае сваё месца. Я так адчуваю.
   Важным момантам праграмы фэсту сталі сведчанні людзей  аб іх навяртанні да Бога
    – Разам з фэстамі ўзнікаюць цэлыя каманды. Святару яны неабходны для арганізацыі. Гэтыя каманды, у сваю чаргу, рухаюцца ў бок стварэння супольнасці. Атрымліваецца, што разам з развіццём фэстаў развіваюцца таксама супольнасці. Гэта так?
    – Так, гэта вельмі цікавы момант. Разам з арганізацыяй фэстаў ты бачыш рэальную карціну нашага Касцёла – ёсць нішы, якія патрабуюць шмат працы. Напрыклад, валанцёрскі рух. Людзі хочуць служыць і музычна, і малітоўна, і проста як валанцёры. Таму варта займацца гэтым.
    Таксама трэба памятаць, што ўсё робіць Бог. А нам трэба з Ім супрацоўнічаць. Ён пасылае адпаведных людзей для адпаведных заданняў. Я асабіста магу засведчыць, як у пачатку арганізацыі “Novafest” нас было ўсяго некалькі асоб, а за колькі тыдняў мелі ўжо вялікую каманду.
    Праз фэст некаторыя шукаюць сабе мужа ці жонку, хочуць ствараць сем’і. Вядома, заўсёды хочацца сабраць людзей і штосьці ім паказаць. Але мэтай нашага фэсту было перажыванне духоўнай сустрэчы з Хрыстом у супольнасці. Як першыя апосталы. Вось так я ўяўляю сабе Касцёл. Больш таго, у нас збіраюцца людзі з розных Касцёлаў – католікі і пратэстанты. Ніхто не кажа, што ён той ці і
   ншы, а кожны кажа: “Я люблю Хрыста”. Пры гэтым усе з павагай ставяцца да Каталіцкага Касцёла, да сакрамантаў. Таксама на сваёй тэрыторыі мы праводзім хрысціянскія вяселлі. Весела і без алкаголю. Да нас прыязджаюць пратэстанты і кажуць, што хочуць у гэтым месцы адзначыць дзень нараджэння, вяселле ці штосьці іншае. Бо тут ёсць Дух Божы, ёсць малітва.
    У гэтым адкрываеш вялікую шматграннасць.
   
    – Існуюць розныя фэсты: з ухілам на духоўнасць, культуру, нейкія традыцыі і г. д. Як Вы ставіцеся да менш духоўных мерапрыемстваў, арганізаваных вакол парафій? Для прыкладу, да вядомай нямецкай традыцыі выпіць піва з пробашчам пасля нядзельнай св. Імшы?
    – Першае – якая мэта, для чаго я штосьці хачу рабіць? Адказаць на гэта дапамагае малітва. Па сабе магу сказаць, што часта раблю штосьці і адчуваю, што не кладзецца на сэрца. Яшчэ малюся, але нічога не змяняецца. Тады пакідаю такую ініцыятыву. Гэта не тое, чаго хоча Бог, я не адчуваю супакою.
    Другое – вынік, якога хочаш дасягнуць. Напрыклад, Казіміраўскі фэст быў трамплінам да духоўнага палёту, які будзе працягвацца ўжо падчас “Novafest”. Таму такія мерапрыемствы маюць сэнс. Можна сабраць людзей, каб проста пасядзець, пасвяткаваць, але павінен быць працяг і кармленне духоўнай ежай. Каб гэта прыводзіла да аднаго – да сустрэчы з Хрыстом. Інтымных адносін з Ім.
   
    – На будучыню плануеце, што ў парафіі будзе адначасова два фэсты – культурны Казіміраўскі і духоўны “Novafest”?
    – Можа быць. Канешне, я адчуваю сябе як рыба ў вадзе ў “Novafest”. Аднак Казіміраўскі таксама мае месца быць, бо ён адкрывае сэрцы людзей на духоўны свет. Трэба падыходзіць далікатна, каб таксама не замяніць духоўны свет мастацтвам. Для прыкладу, падчас Казіміраўскага фэсту мы хацелі, каб таксама гучалі хрысціянскія спевы. У пэўны момант, калі гурт заспяваў песню пра Езуса, адна жанчына пачала казаць: “Фу, чаму яны спяваюць пра Езуса?”. Цікавая рэакцыя проста на імя Езус. Таму хацелася б, каб момант веры падчас фэсту таксама прысутнічаў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2021

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2021 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  26

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.