ГРОДНА
Панядзелак,
06 снежня
2021 года
 

Евангелле, напісанае жыццём

Хрысціянскія традыцыі

lukasz118 кастрычніка ўспамінаем св. евангеліста Луку, заступніка ўрачоў і жывапісцаў.
Існуе сцверджэнне, што св. Лука таксама быў таленавітым жывапісцам. Некаторыя пералічваюць больш за сто карцін, аўтарам якіх ён можа быць. Да іх адносяць таксама Яснагорскі абраз.
Св. Лука, хутчэй за ўсё, паходзіў з Антыёхіі Сірыйскай. Ён нарадзіўся ў язычніцкай сям’і і быў па прафесіі ўрачом. Навярнуўся і прыняў хрост каля 40 года н.э. Неўзабаве ён стаў адным з самых блізкіх і руплівых супрацоўнікаў св. апостала Паўла. Як вучань суправаджаў яго ад другога апостальскага падарожжа і быў з ім да мучаніцкай смерці ў Рыме. Акрамя трэцяга Евангелля, Лука таксама напісаў кнігу Дзеяў Апосталаў, якая распавядае гісторыю ранняга Касцёла.
    Вернікі і раней, і цяпер часта захапляюцца прыгожым тэкстам Евангелля св. Лукі, які вельмі ўнікальна і маляўніча апісаў жыццё і дзейнасць Езуса Хрыста. Менавіта дзякуючы св. Луку мы можам даведацца так шмат пра жыццё Найсвяцейшай Панны Марыі, дзяцінства Езуса, а таксама пазнаёміцца з мноствам прыпавесцей, якіх не падаюць іншыя евангелісты, напрыклад, з прыпавесцю пра страчаную драхму і блуднага сына, пра добрага самараніна, згубленую авечку або з прыпавесцю пра багача і Лазара.
    Лука паставіў перад сабой мэту прадставіць сваім чытачам Бога як любячага Айца, поўнага міласэрнасці, які шукае сваіх згубленых сыноў і дачок ды запрашае да супольнасці з Сабой усіх, хто прагне блізкасці Бога ў сваім жыцці. Дантэ Аліг’еры назваў св. Луку, “песняром Хрыстовай ласкі”. Сапраўды, Езус, якога ён паказаў, поўны дабрыні, асаблівай любоўю адорвае бедных, хворых і адкінутых грамадствам.
   
Варта ў дзень св. Лукі ўзгадаць заслугі і дабрадзействы медыцынскіх работнікаў, якія ахвотна спяшаюцца з ахвярнай дапамогай у любым месцы і ў любы час, асабліва ў перыяд пандэміі каранавіруса.

    Многія біблеісты лічаць, што Евангелле св. Лукі было напісана, між іншым, з думкай пра евангелізатараў – тых, хто з запалам хацеў бы несці радаснае пасланне аб збаўленні іншым людзям. Гэтае Евангелле павінна было стаць своеасаблівым дапаможнікам для евангелізатараў, рыхтуючы хрысціян да справы евангелізацыі.
    Св. Лука напісаў прыгожае Евангелле, якое мы чытаем па гэты дзень. Таму варта задаць сабе пытанне: ці маё жыццё з’яўляецца евангеллем, якім змогуць захапляцца іншыя, жадаючы, як я, жыць усёй сваёй істотай для Езуса?
    Кожны з нас павінен пісаць нешта накшталт уласнага евангелля. Пісаць не пяром і чарніламі, а сваім жыццём і сэрцам. Наша жыццё павінна быць Добрай Навінай пра Езуса Хрыста. Таму што сёння людзі, калі глядзяць на хрысціян, спачатку чытаюць евангелле нашага ўласнага жыцця. Калі яно ім спадабаецца, часта толькі тады цягнуцца да Евангелля, напісанага некалькі стагоддзяў таму на пергаментах. Перш чым бліжнія пачуюць наш голас, перш чым будзем іх пераконваць у тым, што Бог існуе, перш чым раскажам пра ўваскрослага Езуса, няхай яны ўбачаць нашы добрыя справы.
    Кожны чарговы дзень нашага жыцця – гэта новы раздзел таго евангелля, якое мы павінны пісаць сваімі ўчынкамі і любоўю да Бога і іншых людзей. Няхай яно захапляе іншых – не затрымліваючы іх на нас, а ведучы да Бога. Просьма у св. Лукі, каб кожны дзень дапамагаў нам пісаць і прапаведаваць евангелле ўласным жыццём!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2021

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2021 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  25

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.