ГРОДНА
Панядзелак,
06 снежня
2021 года
 

Радасць і яе крыніцы. Разважанне на восень

На шляху да святасці

“А цяпер іду да Цябе і кажу гэта ў свеце, каб яны мелі ў сабе поўную Маю радасць”. Ян 17, 13
Восенню, калі дні становяцца карацейшымі, а надвор’е больш халодным, хочацца паразважаць пра радасць. Радасць як штосьці большае, чым добры настрой, штосьці глыбейшае, чым пачуццё весялосці.
У адной папулярнай рэлігійнай песні на польскай мове спяваецца, што святы “ні ў чым не мае патрэбы, заўсёды радуецца”.
    На пропаведзях ці ў канферэнцыях розных духоўных асоб таксама можна пачуць, што хрысціянін павінен радавацца, альбо што хрысціяніна можна пазнаць па тым, што ён з’ўляецца радасным чалавекам. А як радавацца, калі ёсць у жыцці фінансавыя праблемы альбо цяжкасці ў зносінах з блізкімі людзьмі? Як захаваць радасць, калі губляю працу? Калі не спраўляюся з вучобай?
    Мы сапраўды можам прачытаць пра шматлікіх святых, што яны былі радаснымі людзьмі, хоць іх жыццё, як і нашае, не было бесклапотным. Момантамі (а можа, і часта) мы самі сустракаем людзей радасных. Гэта ўнутрана адчуваецца, калі размаўляеш з сапраўды радасным чалавекам. Разам з гэтым ён жыве у такім жа свеце, як і мы. Напрошваецца думка, што ўменне радавацца знаходзіцца ў нас унутры, а не звонку. У псіхалогіі таксама можна сустрэць меркаванне, што радасць і шчасце залежаць ад нашага падыходу да сітуацыі і жыцця ў цэлым.
    “Радасць заключаецца не ў рэчах, а ў глыбіні нашай душы”, – чытаем у св. Тэрэзы з Лізьё. У адным з тлумачальных слоўнікаў аўтар піша, што радасць – гэта “вясёлае пачуццё, адчуванне вялікага душэўнага задавальнення” (Тлумачальны слоўнік С.І. Ожэгава). Адкуль гэтае задавальненне ў нас з’яўляецца? Адкуль яно бярэцца ў душы і прымушае цела выпрацоўваць адпаведныя гармоны?
    У лісце да Галатаў св. Павел піша так: “А плод Духа – гэта любоў, радасць, спакой [...]” (Гал 5, 22). Мы, хрысціяне, верым, што крыніцай глыбокай, пастаяннай і незалежнай ад абставін радасці з’яўляецца Бог.
    Гэта не значыць, што людзі неверуючыя ці агностыкі не маюць нагод для радасці. Гасподзь дзейнічае ў жыцці кожнага чалавека, мае ўнікальны шлях да нашых сэрцаў. Шчырае праяўленне радасці, асновай якой не з’яўляецца чыёсьці няшчасце альбо несправядлівасць, можна назваць праяўленнем дзейнасці Бога ў сэрцы чалавека. Хрысціяне назавуць гэта дарам Святога Духа.
    Нагодай для радасці могуць быць поспехі ў навуцы ці ў працы, абдымкі кахаючай асобы альбо сустрэча з сябрам ці сяброўкай, таксама шопінг ці добрая кава ў кавярні. Радавацца такім рэчам – гэта аб’ектыўна добра і нармальна для эмацыянальна здаровай асобы.
    Што тады не так?
    Тут можна паставіць пытанні з пачатку разважання: а што, калі няма грошай на каву ці новую вопратку, калі пасварыўся з блізкім чалавекам ці на працы не атрымалася добра выканаць заданне, калі дыпломную не паспеў напісаць ці не здаў тэсціраванне? У такія моманты таксама можна адчуваць радасць, але не праяўляць яе на эмацыянальным узроўні альбо рабіць гэта не так гучна. Можна яе мець на ўзроўні духоўным. Гэтая думка пераклікаецца з узгаданым вышэй слоўнікавым тлумачэннем радасці як “адчування вялікага душэўнага задавальнення”.
    Розныя аспекты жыцця маюць вялікае значэнне для нас. Гэта зразумела і нармальна. Разам з тым у іх ёсць агульная рыса – зменлівасць. Таму і крыніцай радасці яны з’яўляюцца непастаяннай. Абапірацца толькі на іх рызыкоўна.
    У Бібліі мы чытаем, што нязменным з’яўляецца Бог: “Усялякае дараванне добрае і ўсялякі дасканалы дар паходзіць звыш ад Айца святла, у якога няма зменлівасці або ценю змены” (Як 1, 17). Зыходзячы з гэтага, лагічна зрабіць Госпада крыніцай радасці.
    Калі мы ўспрымаем Бога як Таго, хто нас любіць, хто жадае нам дабра і шчасця, здзяйснення нашых мар, хто верны ў сваім добрым стаўленні да нас, тады пачынаем адчуваць радасць. Калі Бога бачым больш як таго, хто ацэньвае нас і кантралюе, хто хоча караць, а не адорваць дарамі, то і радавацца складана.
    Як гэта часта ў пытаннях веры бывае, мы дакранаемся да канцэпцыі вобраза Бога ў нашым розуме і сэрцы, а ў выніку даверу – да Яго і радасці ад адносін з Ім. Такія рэчы, як радасць, унутраны спакой і шчасце, маюць вялікае значэнне ў кантэксце якасці нашай паўсядзённасці. Зыходзячы з гэтага, варта не спыняць іх пошукаў, калі адчуваем нястачу.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2021

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2021 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  25

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.