ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Юбілей 30-годдзя дзейнасці сясцёр салезіянак у Беларусі

З жыцця Касцёла

“Сёстры – часцінка нашай душы!” – вернікі аб тым, як салезіянкі ўплываюць на духоўнае фарміраванне іх асоб.
Дочкі Марыі Успамогі, вядомыя як сёстры салезіянкі, прыбылі ў Беларусь з Польшчы 19 верасня 1991 года. Першым месцам іх працы стала парафія св. Міхала Арханёла ў Смаргоні. Афіцыйна супольнасць сясцёр была закладзена 29 верасня і складалася з трох сясцёр. У іх абавязкі ўваходзіла катэхізацыя дзяцей і моладзі ў Смаргоні, Ашмянах, Жупранах і Варнянах, кіраванне хорам у Смаргоні і Ашмянах, а таксама дапамога кс. пробашчу ў парафіяльнай працы. Сёстры працавалі з энтузіязмам і адданасцю, і Пан Бог бласлаўляў іх паслугу новымі пакліканнямі ў Кангрэгацыю сярод мясцовых верніц.
Неўзабаве Кангрэгацыя Дачок Марыі Успамогі пачала распаўсюджвацца ў нашай краіне. У жніўні 1999 года была афіцыйна зацверджана супольнасць сясцёр салезіянак у Мінску. Манахіні катэхізавалі, ладзілі сустрэчы і праводзілі канікулы з дзецьмі ды моладдзю, распачалі працу Моладзевага цэнтра, дапамагалі ў парафіяльных справах. З 2005 года пад сваю апеку сёстры ўзялі Бараўляны, дзе хутка пачаў дзейнічаць араторый. З жніўня 1998 года распачала сваю дзейнасць новая супольнасць сясцёр у Бабруйску.
    На жаль, на пачатку 2000-ых гадоў з-за недахопу сясцёр вымушаны былі закрыцца пляцоўкі Кангрэгацыі ў Смаргоні і Бабруйску. У сваю першую парафію салезіянкі вярнуліся толькі ў 2012 годзе. Такім чынам, сёння ў Беларусі Дочкі Марыі Успамогі маюць дзве пляцоўкі: супольнасць у Смаргоні, якая мае свой дом і Моладзевы цэнтр, а таксама супольнасць у Мінску, з якой адна сястра працуе ў Бараўлянах.
    Адзначаючы 30 гадоў сваёй прысутнасці ў нашай краіне, сёстры салезіянкі вельмі ўдзячныя Богу за ўсе дары, якія ад Яго атрымалі і надалей атрымліваць: за пакліканне сямі мясцовых сясцёр, за дзяцей, моладзь, дарослых, якіх Пан паставіў на іх шляху, за новыя магчымасці, якія адкрывае перад імі. А сведчанні вернікаў кажуць самі за сябе.
   Біскуп Аляксандр Кашкевіч наведвае супольнасць сясцёр салезіянак у Смаргоні, красавік 2021 г.
    Вераніка Рогач,
    Смаргонь
    Дзіцячыя ўспаміны самыя моцныя і трывалыя. Менавіта на іх грунтуюцца будучыя адносіны з людзьмі і Богам. З ранніх гадоў памятаю вобразы сясцёр, якія працавалі ў маёй роднай парафіі: з гітарай і шчырай усмешкай, з займальнымі гульнямі і зацікаўленасцю да мяне, са смачнымі цукеркамі і незвычайнымі гісторыямі. Менавіта радасць і адкрытасць, прыняцце і любоў адчувала я ад іх, будучы маленькай дзяўчынкай. Разам з імі перажывала першыя сустрэчы з Богам праз катэхезы, канікулы, выезды.
    Час ішоў, здараліся розныя моманты ў станаўленні веры, у тым ліку і крызісы, але першыя дзіцячыя перажыванні вярталі зноў на шлях веры. Сустрэўшы свайго будучага мужа Эдуарда, які не меў такога ранняга досведу веры, захацела таксама і яго пазнаёміць з салезіянскім асяроддзем, якое не навязвае веру, але далікатна суправаджае і напраўляе.
    Нашай сям’і ўжо 6 гадоў, маем дзве дачкі, якія вельмі любяць сясцёр салезіянак, як і я ў дзяцінстве, бачаць іх жывую веру і шчырасць. Для дзяцей свята, калі ідзём у госці да сясцёр ці сустракаемся ў араторыі. Яны ведаюць, што да іх будуць адносіцца з цеплынёй і любоўю. Менавіта праз такія простыя рэчы і пачуцці яны знаёмяцца з Богам – міласэрным Айцом.
   
    Ганна Плахотнікава,
    Мінск
    Упершыню я пазнаёмілася з сёстрамі салезіянкамі, калі мела 13 гадоў. Менавіта ў гэты час у маё жыццё ўвайшлі першыя свядомыя катэхезы, якія праводзіла с. Уладзіслава Цесля – мудрая і разважлівая. Пазней я стала аніматарам. Разам з сёстрамі мы ўдзельнічалі ў рэкалекцыях, фармацыйных сустрэчах, ладзілі вакацыі і іншыя мерапрыемствы. Гэта быў вельмі цікавы і прыемны час – час духоўнага фарміравання маёй асобы.
    Пасля ад’езду с. Уладзіславы ў іншую краіну, маім духоўным настаўнікам стала с. Маргарыта Пятрушчак. Яе я заўсёды называла энерджайзерам. Яна ж рыхтавала мяне з маім мужам да шлюбу. А зараз ужо нашы дзеткі ходзяць на катэхезу да сясцёр салезіянак.
    Хачу падзякаваць кожнай сястры з Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі за любоў, увагу, настаўніцтва і малітву. І дзякую Богу за тое, што сёстры ёсць у маім жыцці.
   
    Ала Грахава,
    Бабруйск
    З чаго складаецца чалавечая душа? Гэта складанае пытанне, на якое кожны адкажа па-свойму, але абавязкова будуць кропкі судакранання, бо не бывае душы без любові, жадання зразумець адзін аднаго, без літасці, хараства, якое можна ўбачыць навокал і ў кожным з нас.
    Гэта ўсё тое, што адразу ўсплывае ў свядомасці, калі заходзіць гаворка пра сясцёр салезіянак, якія сталі часцінкай душы ўсіх нас, а для некаторых нават тым штуршком, дзякуючы якому адчулася прысутнасць душы. Датычыцца тое не толькі моладзі, якая дзякуючы сёстрам стала іншай, нешта зразумела ў гэтым складаным жыцці, але і нас, шмат старэйшых за саміх сясцёр.
    Дзякуючы ахвярнай працы сясцёр салезіянак, старэйшае пакаленне адчула неабходнасць зносін, паразумення, адкрытасці сэрца, жадання навучыцца радавацца жыццю, дзякаваць за яго. Мы зразумелі, што Бог – гэта не проста бясконцыя малітвы, а Нешта Іншае, што робіць жыццё не бессэнсоўным, а радуючым нас. Усвядомілі, што побач ёсць тыя, да каго можна звярнуцца ў любы момант і ў любой патрэбе. А гэта і ёсць тое, што складае душу, робіць яе адчувальнай і ўсё больш дзейснай.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.