ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Яна стала прыкладам звычайнага чалавека, нашага мясцовага селяніна

Інтэрв'ю

Побач з помнікам забітым жыхарам Гродна і Ліпска ў Навумавіцкім лесе13 чэрвеня 1999 года папа Ян Павел ІІ абвясціў бласлаўлёнымі цэлы шэраг ахвяр ІІ Сусветнай вайны з Беларусі: марыянаў з Росіцы, францысканцаў з Івянца, Мар’яну Бярнацкую і іншых. Іх гісторыі вельмі падобныя – усе вызваліся быць забітымі замест іншых людзей.
Гісторык пра расстрэл бл. Мар’яны Бярнацкай: "Яна стала прыкладам звычайнага чалавека, нашага мясцовага селяніна"
   
    Разам з гісторыкам Дзмітрыем Люцікам прыглядаемся да акалічнасцей расстрэлу адзінай свецкай асобы са спісу мучанікаў ІІ Сусветнай вайны – бл. Мар’яны Бярнацкай.
Дзмітрый Люцік – гісторык, настаўнік гісторыі ў гродзенскай гімназіі №4, аўтар  8-мі кніг і некалькіх дзесяткаў навукова- папулярных артыкулаў. Спецыялізуецца ў ва- еннай гісторыі. Бацька дваіх дзяцей, практыкуючы праваслаўны вернік.   – У сваіх працах Вы ўзгадваеце гісторыю шматдзетнай сям’і Юзафа Вэвюрскага з Гродна. Яго таксама меліся расстраляць у 1942 годзе, але гродзенец Ян Каханоўскі папрасіў, каб яго расстралялі замест Юзафа. І так сталася. Як Вам думаецца, чаму менавіта ўчынак бл. Мар’яны Бярнацкай прыцягнуў увагу Касцёла?
    – Я таксама разважаў пра гэта. Па-першае, яна жанчына. Па-другое, падаецца, што Каханоўскаму было крыху лягчэй: усё-такі ён быў адзін і яго жыццё належала толькі яму. Да таго ж Мар’яна, хутчэй за ўсё, была рэлігійнай жанчынай. Гэты ўчынак у хрысціянскай традыцыі вельмі накладаецца на каноны. А Каханоўскі, як па мне, быў чалавекам навукі. Ён паступіў паводле сумлення, як сапраўдны мужчына. Я заўсёды кажу, што салдату прасцей зрабіць штосьці падобнае – кінуцца на амбразуру, аддаць жыццё. Таксама прасцей гэта рабіць на вачах у іншых: ты адчуваеш сябе героем хаця б у апошнія хвіліны свайго жыцця. І нашмат цяжэй рашыцца на падобнае сам-насам, калі напэўна ніхто пра гэта не ўзгадае і не даведаецца (бл. Бярнацкая папрасіла расстраляць яе замест нявесткі практычна без сведкаў – заўв. аўт.).
    Таму Мар’яна Бярнацкая стала прыкладам звычайнага чалавека, нашага мясцовага селяніна, для якога былі вельмі важнымі словы Святога Пісання. На маю думку, яна была маральна гатовая да такога ўчынку. Каханоўскі быў крыху ў іншым становішчы. Але гэта ўсё, канешне, толькі мае інтэрпрэтацыі.
   
    – Ці правільна я разумею, што гэтыя гісторыі – толькі вяршыня айсберга? Напэўна, іх у разы больш. Шмат губляецца з-за адсутнасці дакументаў і з-за таго, што, у асноўным, мы ведаем пра іх з аповедаў сведкаў. Нават пра Бярнацкую мы даведаліся, перш за ўсё, з расповедаў нявесткі, замест якой яна папрасілася ісці на расстрэл?
    – Так, Вы маеце рацыю.
   
    – Гэтыя гісторыі падобныя, але менавіта выпадак бл. Мар’яны ўрэзаўся ў свядомасць і памяць людзей. Яе гісторыю не забылі за шмат гадоў, і яна дажыла да 90-ых, калі і адбылася беатыфікацыя. А з іншымі выпадкамі, у тым ліку і з гісторыяй Яна Каханоўскага, так не адбылося. Чаму?
    – Магчыма, справа ў тым, што Каханоўскі быў чалавекам горада. А Гродна ў тыя часы перажывала вялікія пертурбацыі: змену парадыгмы, ідэалогіі. Фактычна гэта была Польшча, пазней паўтары гады савецкай улады, потым акупацыя, затым зноў савецкая ўлада. Таму горад вельмі моцна змяніўся. То-бок, Гродна 1950-ых гадоў – гэта зусім іншае Гродна, чым тое, што было ў 1930-ых. Зусім іншы свет. Мне здаецца, асяроддзе Каханоўскага проста знікла. Яго расстралялі, а астатнія... Хтосьці не перажыў вайны, хтосьці выехаў, хтосьці трапіў у лагеры.
    Мар’яна Бярнацкая была чалавекам вясковым, больш традыцыйным. Яе свет застаўся, традыцыі захоўваліся і перадаваліся, у пэўнай ступені выпешчваліся. Магчыма, гэта падтрымлівалася святарамі, Касцёлам. Аднак адназначна ўсё замацавалася ў памяці людзей.
   
    – На расстрэл людзей вывозілі на другі форт. Як адзін з аргументаў Вы ўзгадваеце зручнасць даезду. Аднак падаецца, што гэта ўсё ж дастаткова далёка ад горада. Да таго ж па дарозе да другога форта шмат лясоў. Чаму выбралі менавіта гэтае месца?
    – Адлегласць да форта насамрэч невялікая. Гэта 15-20 хвілін на машынах у адзін бок. Агулам усё займала каля гадзіны. Мясцовасць бязлюдная, можна было пад’ехаць фактычна да самага месца расстрэлу – і ніхто не ўбачыць, ніхто не пачуе. Горад адпадаў, бо тут шмат людзей. На Фолюшы знаходзіўся шталаг (лагер для ваеннапалонных) – там не расстрэльвалі. Лес таксама быў нязручным варыянтам: там трэба капаць, хаваць, засыпаць. На фартах жа ёсць вялікі роў, дзе лягчэй схаваць злачынствы: дастаткова прысыпаць зямлёй – і ўсё. Напэўна, карнікі пасля экзекуцый пакідалі караул. У лесе за ўсім гэтым прасачыць складаней. Таму, як па мне, другі форт быў цалкам лагічным месцам для гэтых мэт.
   
    – Гісторыкі кажуць, што Бярнацкую расстралялі не адразу. Яшчэ тыдзень ці два яе разам з іншымі арыштаванымі пратрымалі ў гродзенскай турме. Чаму?
    – Цяжка сказаць. Наколькі разумею, мела месца забойства нейкага немца, і людзей забралі як закладнікаў. Абвясцілі, што калі здасца забойца, усіх адпусцяць. Праўдападобна, на гэта меў быць адведзены нейкі тэрмін. Таму некалькі дзён яны мусілі пачакаць. Зразумела, што не вялося ніякіх юрыдычных працэсаў.
   
    – Гаворка ж ідзе пра будынак турмы, які і сёння знаходзіцца ў цэнтры Гродна?
    – Хутчэй за ўсё, так.
   
    – Атрымліваецца, што людзей вывозілі на расстрэл вуліцай Баторыя, паўзкатэдральны касцёл, па Старым мосце?
    – Так. І вуліцай Савецкіх Пагранічнікаў, якая далей ідзе ў тым напрамку.
   
    – Гэта дарога з вельмі сумнай гісторыяй, своеасаблівы апошні шлях.
    – У чымсьці гэта дарога смерці. Мы ж нават не ведаем, колькі чалавек ёй маглі правезці на расстрэл. Ёсць лічба 3 тысячы, але яна вельмі абстрактная. А дакладна вядома, што другі форт быў месцам, дзе праводзіліся адны з найбольш масавых казняў акупацыйнага перыяду ў раёне Гродна.
   
    – Як людзі жылі ў тыя часы? Напэўна ж, жыхары ведалі пра расстрэлы. Забівалі цэлыя сем’і.
    – Усё гэта вельмі індывідуальна. Думаю, Вы знаёмы з творчасцю Руслана Кулевіча. Ён знайшоў даволі шмат людзей, якія пакінулі дастаткова ўспамінаў пра Гродна. Камусьці жылося вельмі дрэнна, камусьці больш-менш, можа, нават лепш, чым пры савецкай уладзе.
   
    – Карацей кажучы, жыццё працягвалася. Міма вазілі людзей расстрэльваць, а многія змаглі да гэтага неяк прыстасавацца.
    – Ведаеце, акупацыя ва Усходняй Беларусі і ў Мінску вельмі адрознівалася ад акупацыі на захадзе краіны. Гэта звязана з дзейнасцю партызан (іх наяўнасцю ці адсутнасцю), мясцовых улад, асоб немцаў, якія тут кіравалі. Дзесьці палілі вёскі, а дзесьці не. У Гродне таксама ўсё індывідуальна.
    І тым не менш, нацысцкая акупацыя для большасці насельніцтва была цяжкай парой. Чалавек мог быць ні ў чым не вінаваты, але яго маглі затрымаць у якасці заложніка, а потым расстраляць. Гэта не давала людзям спакойна жыць. Паўсюль панаваў пастаянны страх – кожны дзень і кожную ноч.
   
    – Адразу пасля вайны савецкія ўлады не паставілі помнік на другім форце. Ён з’явіўся там нашмат пазней. У чым справа, на Ваш погляд?
    – Наколькі я сутыкаўся з фактамі, адразу пасля вайны ў нашай мясцовасці помнікі мала дзе з’яўляліся. Нават гераічныя заставы Віктара Усава, Аляксандра Кіжаватава не ўвекавечваліся. Прайшоў дастаткова вялікі перыяд, перш чым сталі вяртацца да памяці пра вайну, а ўшанаванні пачаліся дзесьці ў канцы 1950-ых – пачатку 60-ых гадоў. У нашым выпадку гэта ж не вайсковы подзвіг і не савецкая армія, а проста мясцовыя жыхары, да таго ж не зусім беларусы – незразумела, хто і што. Каханоўскі і астатнія ўвогуле былі палякамі. Для савецкай улады гэта было трошкі не сваё, як я разумею. Нават калі помнік на другім форце ставілі, яго ўспрымалі як ушанаванне памяці загінулых ваеннапалонных, савецкіх грамадзян. Не з тым пасылам, як гэта было на самой справе.
   
    – У савецкія часы на другім форце праводзіліся сустрэчы польскай і беларускай моладзі.
    – Так, у 1980-ыя гады.
   
    – Рэлігійны і нацыянальны чыннік падзей ліпеня 1943 года замоўчваўся, я правільна разумею? Там жа таксама былі расстраляны каталіцкія святары…
    – Так, канешне. Рэлігійны кантэкст і не мог уздымацца. Гэта ўжо з’явілася пасля 1990 года. Аднак, ізноў жа, я раблю высновы толькі на падставе інфармацыі, якой валодаю. Я ўлічваю, што, хутчэй за ўсё, шмат чаго не ведаю.
   
    – Другі форт літаральна “паліты” крывёй. Там вяліся актыўныя баі падчас першай сусветнай, савецка-польскай, другой сусветнай войнаў, там расстрэльвалі ў акупацыйны перыяд. Падаецца, што прызнанне Мар’яны Бярнацкай бласлаўлёнай – гэта пазітыўны крок для мясцовай гістарычнай памяці ў цэлым. За яе гісторыяй адразу высоўваюцца тысячы іншых…
    – Я падтрымліваю любыя ініцыятывы, звязаныя з ушанаваннем людзей, якія загінулі ў вайне. Любых людзей. Проста нонсенс, што на нашым другім форце было забіта столькі чалавек, а ў савецкія часы аб гэтым не выдалі нават ніводнай брашуры, не правялі ніводнага даследавання. Такая няўвага вельмі дзіўная для мяне. Калі б не гэты савецкі помнік, то фактычна там нічога не было б.
    У літаратуры і кнігах пра другі форт ніхто нічога не ўзгадваў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.