ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Дарога выратавання, спакою і збаўлення

Хрысціянскія традыцыі

Месца жнівеньскага аб’яўлення Маці Божай у Валіньюс13 мая 1917 года Найсвяцейшая Панна Марыя спускаецца на зямлю ў сімвалічным месцы Кова да Ірыя, што азначае “Даліна Міру” (Фаціма, Партугалія), каб умяшацца ў лёс згубленага чалавецтва і прыгадаць дарогу спакою і выратавання ад разбурэнняў вайны. Гэта быў цяжкі час – бушавала І Сусветная вайна. Расія перажыла Лютаўскую рэвалюцыю супраць Божага памазаніка – цара Мікалая II Раманава – ды самадзяржаўя і знаходзілася ў стане двоеўладдзя. Бальшавікі набіралі ўсё большую моц, у краіне расла сацыяльная напружанасць і выспявала Кастрычніцкая рэвалюцыя.
Па Божай волі Найсвяцейшая Панна Марыя спяшаецца на дапамогу, бо ведае, што свет стаіць над безданню і абавязкова трапіць у яе, калі чалавецтва не зменіцца. У чарговы раз у гісторыі аб’яўленняў Маці Божая з’яўляецца перад дзецьмі. Гэта таму, што Божыя таямніцы могуць быць адкрыты толькі простым, пакорным, нявінным і чыстым сэрцам, такім, як дзевяцігадовы Францішак і сямігадовая Жасінта Марту, а таксама дзесяцігадовая Люцыя дос Сантас. Менавіта ім былі перададзены тры фацімскія таямніцы.

    Трыумф належыць Марыі
    Найсвяцейшая Маці сыходзіць з Неба і просіць дзяцей прыходзіць да месца аб’яўленняў у трынаццаты дзень кожнага месяца ў адзін і той жа час на працягу шасці месяцаў запар, а таксама штодня маліцца Ружанцам. Маці Божая хоча прысвяціць гэты дзень на славу ўсявышняга Бога. Марыя прагне ўціхамірыць сатану, адабраць у яго ўсю ўладу, сарваць яго планы і аднавіць Божы парадак. Таму што адзінай крыніцай трывалага міру, шчасця і справядлівасці ў свеце з’яўляецца Бог і падпарадкаванне Яго закону любові.
    Першы з фацімскіх наказаў датычыў закліку да руплівай ружанцовай малітвы. Маці Божая запрашае людзей да супрацоўніцтва і жадае, каб у трынаццаты дзень кожнага месяца вялікая колькасць вернікаў збіралася, каб памаліцца Ружанцам, і каб гэты дзень быў асаблівым чынам прысвечаны Ёй. У чарговы раз Найсвяцейшая Маці робіць Ружанец прадметам першараднага значэння. Малітва на ружанцы мае надзвычайную сілу перамяняць сэрцы людзей і звяртаць іх да адзінай крыніцы ўсяго дабра, любові, мудрасці, справядлівасці і радасці – да Бога. Ружанец паралізуе духаў пекла і д’ябальскія легіёны. З яго дапамогай Маці Езуса здольна распачаць вялікія маральныя і палітычныя змены ды навярнуць уладу. Без малітвы мы асуджаем сябе на знішчэнне, становячыся цацкай дэманічных сіл.
    Другая просьба Марыі датычыла неабходнасці строгай пакуты і кампенсацыі за грахі і абразы, нанесеныя Боскай Велічы і Яе Беззаганнаму Сэрцу. Затым Маці Божая паказала, што адраджэнне культу Беззаганнага Сэрца Марыі, набажэнства і даручэнне сябе яму мае сілу выратаваць шмат душ грэшнікаў з пекла і з’яўляецца гарантыяй спакою. Яна таксама прасіла аб прысвячэнні ўсяго свету Яе Беззаганнаму Сэрцу. “Калі тое, што Я кажу вам, будзе зроблена, многія душы будуць выратаваны і настане мір. Тым, хто прыме набажэнства да Майго Беззаганнага Сэрца, Я абяцаю выратаванне. Гэтыя душы будуць адораны асаблівымі Божымі ласкамі, як кветкі, пакладу іх перад Яго тронам”.
   
    Дарога ў Неба
    Марыя дае людзям рэцэпт не толькі для мірнага жыцця на зямлі, але і для шчаслівай вечнасці. Яна паказвае шлях да самага галоўнага чалавечага шчасця – Неба. Маці Божая не патрабуе ад нас цудаў. Просіць толькі, каб кожны дзень быў напоўнены ўсведамленнем Бога і нашага прызначэння ў вечнасці. Яна таксама хоча, каб мы насыцілі сваю паўсядзённасць Яе прысутнасцю і даверылі сябе Яе Беззаганнаму Сэрцу. Дарога ў Неба – гэта выкарыстанне таго, што прыносіць звычайнае жыццё. Усё з’яўляецца магчымасцю рабіць дабро і складваць ахвяры ў інтэнцыі ўзнагароджання сэрцам Езуса і Марыі за ўласныя і чужыя грахі. Толькі гэта.
    Моманты цярпення, адзіноты і смутку павінны набыць новы выратавальны сэнс. Кожны чарговы дзень мусіць стаць нагодай, каб зрабіць крок на дарозе да святасці – той шэрай, штодзённай, сапраўднай, вядомай толькі Богу. Нашаму жыццю павінна пастаянна спадарожнічаць перакананасць у Божай любові і ўсведамленне існавання Неба.
    Мусім усвядоміць, што дзякуючы настойлівай ружанцовай малітве, пакаянню і ахвяраванню свайго жыцця мы здольны змяніць ход гісторыі да лепшага. Сама візіянерка Люцыя пацвердзіла гэта ў лістах, дзе цытавала размовы з Марыяй і Езусам пра сучасны свет. “Гэты свет мог выглядаць зусім інакш. Магло не быць ІІ Сусветнай вайны, перыяду халоднай вайны, пераследу Касцёла, краху цывілізацыі”. Перад абліччам новых сацыяльных праблем і пагрозы вайны кожны хрысціянін павінен сур’ёзна паставіцца да фацімскіх заклікаў, бо яны актуальныя і сёння. Адказнасць ляжыць на кожным з нас.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.