ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Супрацоўнік дыяцэзіяльнага выдавецтва Аляксандр Кузняцоў: “Трэба абуджаць у людзях кніжны голад”

Інтэрв'ю

Чытанне для хрысціян заўсёды было пунктам асаблівай увагі. Наўрад ці ёсць арганізацыя, якая б за сваю гісторыю выдала больш кніг, чым Касцёл.
Разважаем пра чытанне і беларускіх католікаў з Аляксандрам Кузняцовым – шматгадовым перакладчыкам і супрацоўнікам выдавецтва Гродзенскай дыяцэзіі. Аляксандр Кузняўцоў: перакладчык і супрацоўнік выдавецтва Гродзенскай дыяцэзіі з 2001 года. Удзельнічаў у выданні больш за 100 кніг. Муж і бацька траіх дзяцей, член групы “Мужчыны св. Юзафа”.

   Я проста не бачу цяпер перашкод, каб не чытаць
    – Што значыць для веруючага чалавека чытанне? Ці можна спазнаваць Бога без кніг?
    – Тэарэтычна – можна. Мы ж ведаем, што, напрыклад, у старажытныя часы было некалькі пакаленняў непісьменных хрысціян. Але з іх шэрагаў выйшла столькі святых! Яны сэрцам чулі Добрую Навіну. Добрая воля і добрае сэрца – вось, што лічыцца ў першую чаргу. Мне падабаецца цытата айца Піо, які казаў: “Бога шукаюць у кніжках, а знаходзяць у малітве”. Таму думаю, можна Бога спаткаць і без кніг.
    На практыцы ж “вера нараджаецца са слухання”. Таму чалавек павінен слухаць пра веру: альбо праз пропаведзі, альбо праз чытанне.
   
    – То-бок неабходна знайсці пэўны баланс: не згубіцца ў кнігах, але і не згубіць кнігу?
    – Так. Калі проста сядзіш у кнігах, але не рэалізуеш атрыманыя веды ў жыцці, не молішся, не размаўляеш з Богам – гэта нейкая анамалія. Усё, што чытаеш, трэба “прамольваць”. Павінен быць баланс чытання, слухання і малітвы, дыялогу з Богам, каб “заглытванне” кніжак не стала нейкім інтэлектуальным назапашваннем ведаў.
    Існуе такая спакуса: калі я нешта ведаю, пазнаў больш – значыць духоўна ўзрос. Але гэта не заўсёды так працуе. Можна мець шмат ведаў, аднак не мець элементарных цнотаў – пакоры, цярплівасці, умеранасці.
   
    – Я рызыкнуў калісьці думкай, што ў ХХІ стагоддзі нечытанне для хрысціяніна – грэх. Пагодзіцеся?
   Набыць адмысловыя кнігі можна ў магазіне пры дыяцэзіяльнай курыі або ўзяць пачытаць  у семінарыйнай бібліятэцы ў Гродне (яна адкрыта для кожнага) – Пагаджуся. А што можа замінаць чытаць? Непісьменнасць? Думаю, святыя, пра якіх узгадваў, не чыталі кніг найперш з-за таго, што тыя былі для іх недаступныя, а таксама з-за звыклай неадукаванасці. Мы ж усе граматныя, да таго ж кнігі сёння даступныя як ніколі. Няма часу? Можна зазірнуць у кнігу, пакуль едзеш на працу ў грамадскім транспарце, перад сном… Літаральна на 10-15 хвілін. Са свайго досведу ведаю, што можна знайсці гэты час. Я проста не бачу цяпер перашкод, каб не чытаць.
    Дарэчы, калі заглянем у старыя малітоўнікі з вялікім рахункам сумлення, знойдзем там пытанні накшталт “Ці чытаю я літаратуру?”, “Ці маю час на духоўнае чытанне, на чытанне Святога Пісання?”. Цяпер не ведаю, ці ўвогуле хтосьці спавядаецца з таго, што не чытае духоўныя кнігі, не пашырае свае рэлігійныя веды.
   
    Кнігі з’яўляюцца важным інструментам евангелізацыі
    – У звязцы са словам „чытанне” ў Касцёле ідзе слова „фармацыя”. А ці магчыма фармацыя хрысціяніна без чытання?
    – Ізноў жа, тэарэтычна – так. Калі ў чалавека ёсць добрае духоўнае кіраўніцтва, ёсць начытаны і дасведчаны кіраўнік, які вядзе яго праз размовы і споведзь, гэта магчыма. Аднак у сучасным свеце такі паток інфармацыі, што, мне падаецца, без чытання добрай кнігі (а ёсць жа і нядобрыя, пустыя), цяжка зарыентавацца. Таму сёння гэта хутчэй выключэнне.
   
    – Кніга Вільгельма Хюнермана “Перамоглы д’ябла” пра св. Віянэя стала адной з найбольш папулярных пазіцый, выдадзеных дыяцэзіяльным выдавецтвам. Прызнаюся, у маім жыцці яна адыграла важную ролю – малым хлопцам я прачытаў яе і да сёння лічу, што шлях маёй веры пасля гэтага набыў новую траекторыю. Гэта частая гісторыя з кнігамі?
    – Бясспрэчна! Я сам дасведчыў гэта ў асабістым жыцці, прычым не з адной кнігай. А з досведу размоў з чытачамі на кірмашах у Будславе і Тракелях, магу сказаць, што людзі часта падыходзяць і хваляць гэтую кнігу, кажуць, што яна іх кранула, што перажылі нейкі інтымны дотык Бога праз яе.
    Па-мойму, кнігі з’яўляюцца важным інструментам евангелізацыі. Даволі рэдка бывае, што чалавек ідзе па дарозе, і раптам перад ім раскрываюцца нябёсы, як перад св. Паўлам, і аб’яўляецца Езус. Бог датыкаецца да нас праз штосьці альбо кагосьці: праз размову, нейкую падзею, праз казанне ці літаратуру... Падарыце чалавеку кнігу ці проста дайце пачытаць. Ён можа цяпер і не адкрыць яе ўвогуле, але гэта стварае прастору. Чалавек усё роўна калісьці прыйдзе да яе. І праз гэта Бог зможа дакрануцца да яго.
   
    – Падаецца, што ў плане евангелізацыі пратэстанты, напрыклад, на кнігі робяць большы націск, чым католікі. Пратэстантаў нашмат менш у Беларусі, а кніг выдаюць больш. У чым справа?
    – Гэта наша лакальная праблема, не сусветная. Чаму так у Беларусі? Маю пэўныя свае думкі наконт праблемы, але скажу толькі, што трэба прыкладаць намаганні, каб сітуацыя змянілася. Гэта задача для ўсіх: і для духавенства, і для свецкіх людзей.
   
    Тыя, каму мала быць раз на тыдзень у касцёле, чытаюць
    – Вы ўзгадалі, што бываеце з выдавецтвам на розных фэстах, куды прыходзяць людзі і цікавяцца кнігамі. Што пытаюць? Як выглядае стандартны дыялог?
    – Некаторыя прыходзяць з нейкімі канкрэтнымі патрэбамі, напрыклад: “Хацелася б пачытаць пра сям’ю”, “Дайце што-небудзь, каб мужу было цікава пачытаць”, “Парайце штосьці для падлетка” ці “Мне патрэбна нешта для мужа, які не ходзіць у касцёл”… Некаторыя просяць расказаць пра тое ці іншае выданне, глядзяць, перабіраюць. Бывае, проста кажуць: “А дайце мне што-небудзь пачытаць”. Я тады пытаюся: “Вам увогуле нейкую мастацкую літаратуру ці штосьці духоўнае?” – ну і пайшоў далей дыялог. А часам падыходзяць людзі, якіх уразіла нейкая кніга. І яны стаяць з намі 20-30 хвілін і ўсім, хто падыходзіць, расказваюць пра яе, раяць. Тады людзі ахвотней бяруць.
   
    – Атрымліваецца, што католікі таксама ўспрымаюць кнігу як інструмент, дапамогу ў нейкіх справах. Для іх чытанне – гэта чытанне дзеля чагосьці, а не чытанне дзеля чытання?
    – Так, гэта асаблівасць рэлігійнай кнігі. Для задавальнення чытаюць мастацкую літаратуру, каб адвесці думкі ад штодзённых праблем. Рэлігійная ж звязана з патрабаваннямі душы. Яна павінна наталяць унутраны голад. Нават калі чытаеш каталіцкую мастацкую літаратуру, усё роўна чакаеш, што кніга павядзе цябе нейкім шляхам. З добрай кнігай так і адбываецца.
   
    – Практыкуючыя католікі чытаюць больш за іншых беларусаў? Ці можна сказаць, што каталіцкі вернік больш начытаны, чым сярэднестатыстычны беларус?
    – Я ведаю няверуючых людзей, якія паглынаюць кнігу за кнігай: дэтэктывы, фэнтэзі, раманы… Аднак усё гэта пустое.
    Што ім дае прачытанае?
    Адназначна, што тыя, хто вядзе больш паглыбленае духоўнае жыццё, каму мала быць раз на тыдзень у касцёле, хочуць чытаць, шукаюць кнігі. І на жаль, наша прапанова не заўсёды можа наталіць іх літаратурны голад.
   
    Жанчыны адназначна чытаюць больш
    – У Касцёле жанчын відавочна больш, чым мужчын. Гэта, хіба, агульная рыса, і Беларусь не выключэнне. А ў чытанні гэты дысбаланс такі ж? Хто чытае больш – католікі ці каталічкі?
    – Па маіх назіраннях, адназначна каталічкі чытаюць больш. У Будславе ці Тракелях рэдка які мужчына падыдзе да нашага кіёска з літаратурай і скажа: “Я шмат вашых кніжак прачытаў, парайце мне што-небудзь яшчэ”. Не памятаю таксама, каб мужчыны падыходзілі і прасілі: “Дайце штосьці пачытаць для жонкі”. Думаю, гэта агульначалавечая праблема. Не магу патлумачыць, чаму так, але факт застаецца фактам: ва ўсім свеце жанчыны чытаюць больш. Можа, такая прыродная цікавасць?
   
    – А мужчыны ўсё ведаюць і без кніжак?
    – Не, вядома ж. Але, думаю, у кантэксце Касцёла і веры можна аднесці гэтае пытанне да агульнай праблемы: чаму ў Касцёле мужчын менш, чым жанчын? Чаму для мужчын вера менш цікавая? Трэба задавацца такімі пытаннямі і мэтанакіравана працаваць над імі. Неабходна адмысловае душпастырства мужчын. Але гэта ўжо іншая тэма.
   
    – А якія ўзроставыя групы, на Вашу думку, чытаюць больш: моладзь, сямейныя, сталыя, пенсіянеры?
    – Мне здаецца, што жанчыны сярэдняга ўзросту. Але баюся памыліцца.
   
    Пра малалікасць беларускіх каталіцкіх аўтараў
    – У нас амаль не друкуюцца лакальныя аўтары. Мы больш перакладаем, друкуем класіку.
    У чым справа?
    – Думаю, гэта адлюстраванне ўвогуле стану мясцовага Касцёла. У нас мала сур’ёзнай каталіцкай інтэлігенцыі, прафесараў, выкладчыкаў. Па-другое, усё-такі, напэўна, прасцей узяць нейкую гатовую кнігу, а не выдумляць штосьці самому.
   
ТОП 5 кніг Гродзенскага выдавецтва ад Аляксандра Кузняцова
    “Будь мужчиной” а. Лары Рычардса. Яе б адназначна раіў мужчынам. Прачытаеш – і быццам перажыў добрыя рэкалекцыі.
    “История одной души”, аўтабіяграфія св. Тэрэзы.
    “Руководство к благочестивой жизни” св. Францішка Сальскага і “О подражании Христу”, трактат Фамы Кемпійскага. Гэта такая класіка, якую кожны павінен мець, звяртацца да яе, разважаць над ёю. Першую я б нават параіў больш. “Руководство” больш практычнае і напісана для свецкіх людзей. “О подражании” было напісана хутчэй для манахаў, там духоўнасць больш аскетычная.
    “Веруешь ли ты в Сына Божия?”. Яе складаў кс. Тадэвуш Крыштопік. Ён выкарыстоўваў розныя крыніцы. Гэта добры катэхізіс. Кніга дае адказы на розныя пытанні веры.

    – Мы чытаем шмат амерыканскіх аўтараў, і яны ж не ўсе акадэмікі. Гэта часта простыя людзі, якія нешта ў жыцці перажылі і маюць што сказаць, таму сядаюць і апісваюць свае духоўныя перажыванні. Чытаеш такія рэчы і разумееш, што гэта неблагія кнігі і што не суперцяжка напісаць падобнае. Можа, у нас тыя, хто мог бы пісаць, недастаткова смелыя, каб узяцца за напісанне кнігі?
    – У нас ёсць вялікая падазронасць да свецкіх асоб. Дзе Вы тут бачылі, каб рэкалекцыі ці нейкую канферэнцыю праводзіла свецкая асоба? Хіба што толькі на тэму сям’і ці сексуальнасці – гэта ўсё ж такі вельмі свецкая сфера.
    Некаторыя святары спрабавалі прыцягваць свецкіх да дзялення духоўным вопытам у парафіях (і іх сведчанні былі сапраўды прыгожымі), але з боку слухачоў адчувалася насцярожанасць тыпу “а хто ты такі і чаму будзеш мяне вучыць?”. Да свецкай асобы заўсёды ёсць нейкая дыстанцыя: ты такі ж, як я, што ты мне будзеш казаць? У нашым Касцёле свецкія асобы яшчэ не маюць належнага статуса.
   
    – А што з аўтарамі-духоўнымі асобамі? Мне падаецца, святары і сёстры ў нас пішуць больш, але гэта ўсё роўна адзінкі.
    – Калі паглядзець на выданні мясцовых святароў, то нельга сказаць, каб іх не чыталі. Такія кнігі добра разыходзяцца. Але чаму не пішуць больш, не магу сказаць.
   
    – Часта можна пачуць такое выказванне: “Ніхто не чытае, усе ў тэлефонах”. А іншыя кажуць, што ў Беларусі няма праблем з чытаннем. Думаю, пэўная частка людзей (вядома ж, не ўсе!) заўсёды чытае. Як, дарэчы, усюды. А што з католікамі?
    – З аднаго боку, трэба прызнаць, што людзі сапраўды чытаюць няшмат. Але з іншага – ці ўся віна ляжыць на іх саміх? Я бачу, напрыклад, што калі ў парафію прыязджае ксёндз, праводзіць рэкалекцыі ці выступае з гаміліямі і раіць нейкую кнігу, вернікі натоўпамі ідуць і набываюць яе. Мне падаецца, што ў нас у Касцёле яшчэ не ўзнята пытанне адносна стымулявання і развіцця культуры чытання сярод людзей.
    Таксама здаецца, што тут няма атмасферы чытання, няма такога, каб абмяркоўвалі кнігі. Не існуе традыцыі, што вось ёсць нейкае папулярнае выданне, і ўсе пра яго гавораць. Да таго ж людзям часта проста не хапае штуршка, своеасаблівай рэкламы. Напрыклад, няма прыкасцёльных кніжных лавак. Чалавек не заўсёды можа даехаць у Гродна ці Мінск і набыць літаратуру. На кірмашах у Будславе і Тракелях якраз бачу, што за кнігамі прыходзяць, перадусім, людзі з правінцыі.
    Важна распавядаць вернікам пра кнігі. Добра было б нават казанне па якіх-небудзь выданнях рабіць. Людзі б чыталі больш ахвотна. Як кажуць, “апетыт прыходзіць падчас ежы”. Так і з літаратурай. Чалавек на працягу месяца-двух штосьці чытаў, і жыццё было напоўнена ведамі, святлом кнігі, а потым адклаў яе – і з’явілася пустка. Ён пасмакаваў адну кнігу, другую – і пачынае фарміравацца голад. Таму я лічу, што трэба дапамагаць людзям. Не ўсё так безнадзейна. Праблемы ёсць, але трэба толькі прыкласці намаганні.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.