ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Крыж ёсць, але сэнсу смуткаваць няма. Хрыстос паказаў нам радасць!

З жыцця Касцёла

Вернікі ідуць у працэсіі Крыжовага шляху, Гродна, 2009 г.

Больш за 10 гадоў таму цэнтральнымі вуліцамі Гродна прайшоў Хрыстос, спыняючыся каля мясцовых славутасцей і менш значных забудоў. За ім следавала калона ўзрушаных вернікаў, якія час ад часу плакалі, назіраючы за акрываўленым Збаўцам.
У 2009 годзе ў горадзе над Нёманам упершыню зладзілі тэатралізаваны Крыжовы шлях, галоўную ролю ў якім сыграў тады яшчэ школьнік, а цяпер вядомы ва ўсёй Беларусі Instragram-блогер Фёдар Астаповіч.
   
    Калі наследаваць, то па максімуму
    Касцюміраванае шэсце арганізаваў парафіяльны тэатр імя св. Яна Паўла (парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне). Акцёры адлюстроўвалі біблійны эпізод кожнай з 14-ці стацый: былі разважанні, апранутыя ў чорнае і з пафарбаванымі ў чорны вачыма салдаты, крыж і Езус.
“Думаю, на ролю Хрыста мяне абралі таму, што ў той час я насіў доўгія валасы, што дадавала знешняга падабенства з Езусам. Мне зрабілі «крывавы» грым, надзелі робу, насцегнавую павязку і вянок. Апошні, дарэчы, быў сапраўдным, з церня. Я нават спецыяльна не абразаў іголкі на ім, каб хоць крыху адчуць тое, што перажываў Збаўца. Драўляны крыж для інсцэніроўскі мы з бацькам зрабілі самі. Між іншым, па прафесіі ён цясляр, і завуць яго Юзаф”, – адзначае з задуменнем Фёдар.
    Да ўдзелу ў шэсці хлопец ставіўся з трапятаннем. Акрамя рэпетыцый, пачаў пасціцца за некалькі дзён да Крыжовага шляху і шмат маліўся. Падаецца, малітвы прынеслі свой плён. “Добра ўзгадваецца адна сімвалічная сітуацыя. Калі мы перайшлі на плошчу Савецкую, нам насустрач з аднаго з двароў выйшаў п’яны ўшчэнт мужык. Я ішоў наперадзе калоны, і, заўвыжыўшы мяне, усяго ў «крыві» ды з крыжам на плячах, мужык аслупянеў, а пасля рынуўся да мяне са словамі: «Дружа, ты чаго?! Давай я табе дапамагу!». Да яго падышлі арганізатары, запэўніўшы, што ўсё ў парадку, а гэта інсцэніроўка пакут Хрыста. Памятаю, я адразу накіраваўся да наступнай стацыі, бо трэба было працягваць прадстаўленне, але чамусьці застаўся пры меркаванні, што гарэлку ў рот мужчына больш не браў…”.
   
    Хрыстос, распяты на ліхтарным слупе
    Акрамя таго, што сёння Фёдар з’яўляецца паспяховым блогерам, ён працуе фельчарам у хуткай дапамозе, дзе заўсёды сутыкаецца з болем і крыжам бліжняга. Аднак, каб адкрыць сваё медыцынскае пакліканне, хлопцу неаднаразова прыходзілася пачынаць усё спачатку, нягледзячы на асуджэнне ад людзей навокал. Фёдар скончыў курсы повара, затым уступіў у кляштар айцоў рэдэмптарыстаў, але, не давучыўшыся, вырашыў далучыцца да Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў. І менавіта сярод капуцынаў, у харызму якіх упісаны клопат пра немачных, Фёдар распазнаў, што хоча дапамагаць хворым.
    “Падчас фармацыі мы часта наведвалі хоспісы, а ў вольны час мяне цягнула ў дом састарэлых, даглядаць бабуль і дзядуль. Памятаю адтуль пэўную жанчыну, якая перажыла Асвенцім. У яе на тумбачцы стаяў абразок з выявай Хрыста, распятага на крыжы ў выглядзе лагернага ліхтарнага слупа, з вянком з калючага дроту і ў насцегнавай павязцы з робы зняволенага з адпаведным нумарам. Бабуля шмат распавядала пра той час. Калі была падлеткам, нацыстам яе здала суседка. Трапіўшы ў Асвенцім, дзяўчына перажыла там усе жахі, якімі поўніцца гісторыя канцэнтрацыйных лагераў. Аднойчы, калі атрымала траўму, яе павінны былі перавесці ў іншае месца, а падчас транспарціроўкі як раз пачаўся абстрэл з боку савецкіх салдат. Падчас мітусні дзяўчыне цудам удалося ўцячы, і яна вярнулася дадому. Пастукаўшыся, у адчыненых дзвярах убачыла сваю маці, але тая не пазнала дачку і сказала: «У нас няма паесці, сыходзьце»”.
    У скарбонцы Фёдара гэтая гісторыя стала адной з першых, што адлюстроўваюць Крыжовы шлях чалавека. Пакінуўшы кляштар і стаўшы медыцынскім супрацоўнікам, хлопец сустрэў шмат пакутуючых, працягваючы рэалізаваць заклік св. Францішка з Асізі “радасна прабываць сярод хворых”. “Мы часта выязджаем на выклікі да анкахворых, каб увесці ім дозу абязбольваючага. І я заўсёды імкнуся пагаварыць з імі, данесці, што пакуты маюць сэнс, бо могуць прыпадобніць да Хрыста, стаць шляхам да зразумення сапраўднай, вечнай радасці і быць адкупленнем у адносінах да грахоў іншых людзей. Зразумела, растлумачыць падобнае чалавеку ў цярпенні вельмі складана, таму заўсёды малюся, каб Езус прамаўляў праз мяне. Здараецца, словы трапляюць у самае сэрца, і тады разумею: Хрыстос дзейнічае побач са мной. І ведаеце, заўважыў, што той, хто здольны ўсвядоміць і прыняць свой Крыжовы шлях у пазітыўным ключы, здольны таксама захаваць радасць і нават супрацьстаяць хваробе”, – дзеліцца фельчар.
    Фёдар часта сутыкаецца і з тымі, хто здзейсніў спробу самагубства. Са слоў медыка, часцей за ўсё, гэта людзі, якім проста не хапае любові – бацькоўскай ці партнёрскай. Сваім адчайным жэстам яны хочуць прыцягнуць увагу людзей побач.
    “Кожны раз з няўдалымі суіцыднікамі я размаўляю вельмі жорстка, але ў гэтым праяўляецца мая міласэрнасць. Разумею крыж чалавека, але хачу яго страсянуць і паказаць, што ў жыцці ёсць шмат таго, чаму можна радавацца, – разважае Фёдар. – Назіраючы за людзьмі, я зразумеў, што кожны мае ўласную цярністую сцежку.
    У чым мой Крыжовы шлях – пакуль не ўсвядоміў да канца. Магчыма, у тым, што працую ў гэтым «балоце» – складаных і напружаных умовах за жабрацкую зарплату. Аднак упэўнены: у гэтым ёсць Божы Провід. Я на сваім месцы, бо адчуваю ўнутраны супакой і добра выконваю свае абавязкі. Калі чалавек займаецца тым, што яму накавана, ён справіцца з любымі абставінамі. Калі зразумее сэнс свайго крыжа – усё выраўняецца”.
   
У 2015 годзе Фёдар Астаповіч распачаў працу фельчарам у гродзенскай БХМД. Праз год стварыў акаунт у Instagram, у якім пачаў дзяліцца цікавымі момантамі са сваёй службы і думкамі адносна таго, што адбываецца падчас яго працы. Трапны погляд на рэчы стаў паступова прыцягваць падпісчыкаў, і, як прызнаецца сам хлопец, сёння яго ўжо пазнаюць мінакі на вуліцах.

    Фельчар ці блогер – трымаць адказнасць за свае словы
  За брутальнай знешнасцю мяккае сэрца  У жыцці Фёдар прадстае амаль такім, як у сваім Instagram-акаунце: стылёвы, з мноствам тату і пірсінга, смачным слэнгам і бранзалетам “Go (ідзі – англ.) тварыць дабро”. Адрозніваецца толькі крыху зморанымі вачыма. Ды як тут без стомленасці, калі рабіць дабро ў любых акалічнасцях – гэта вымотвае, а часам нават пагражае наступствамі. Хрыста за годныя ўчынкі адправілі на Крыжовы шлях. Аднак ва ўсіх публікацыях Фёдара чытаецца настойлівы заклік любіць адзін аднаго і не чыніць узаемнай шкоды. “Мой акаунт налічвае цяпер 14 200 падпісчыкаў, і мы з імі разам знаходзімся ў школе жыцця, разам вучымся: я дзялюся сваім досведам і парадамі, а яны на гэта рэагуюць. І калі аўдыторыя расце, значыць кожны з іх выносіць штосьці карыснае з маіх публікацый. Неаднаразова здаралася, што знаёмы святар пытаўся, ці можа зачытаць мой пост або падзяліцца пэўным прыкладам з майго жыцця падчас пропаведзі. І я лічу, калі мае словы знаходзяць водгук і сярод духавенства, я напэўна штосьці раблю правільна”, – упэўнены Фёдар.
    Зрэдку здараецца, што з-за нефармальнага выгляду хлопец сустракае незразуменне, але гэта хутчэй выключэнне. Святло, што ідзе знутры – пераконвае. “Сярод каталіцкай супольнасці паглядзець з асуджэннем могуць толькі скрайне кансерватыўныя людзі. Іншыя глядзяць глыбей, і гэта правільна, гэта па-хрысціянску”, – дадае хлопец.
    З узрастаннем папулярнасці ў Instagram, адпаведна пачаў узрастаць і паказчык дабрачыннасці ўладальніка акаунта. Стала крыху прасцей ладзіць розныя акцыі падтрымкі. “Часам здараюцца такія сітуацыі, што нельга ў чарговы раз не пераканацца ў тым, што Бог побач. Апошнім разам наткнуўся на аб’яву, што «Цэнтр дапомогі жыццю» (арганізацыя, якая клапоціцца пра пацыентаў хоспіса – заўв. аўт.) збірае падарункі для сваіх падапечных. Я кінуў кліч у Instagram, і, зразумела, адразу адгукнуліся людзі, якія гатовы былі дапамагчы і ахвяраваннямі, і патрэбнымі рэчамі. Маючы на руках апошнія з нявыдадзеных грошай, паехаў у магазін, каб набыць тэрмакубкі. Адметна, што маёй сумы да апошняй капейкі хапіла на 10 штук. Ужо спазняючыся, прывёз іх валанцёрам «Цэнтра». Якім жа было і маё, і іх здзіўленне, калі аказалася, што ім не хапала менавіта 10-ці тэрмакубкаў, каб кожны з пацыенаў атрымаў па поўным наборы падарункаў. Як жа тут не верыць, што Найвышэйшы Бог клапоціцца пра нас не толькі ў маштабных, але і ў самых дробных рэчах, – разважае Фёдар. – Тое самае і адносна майго ўласнага жыцця. Напрыклад, праца не дазваляе мне зарабіць столькі, каб абзавесціся нейкай маёмасцю, але я ніколі не адчуваў ніякай нястачы. Арымліваю асалоду ад сваёй працы, з пакорай прымаючы шматлікія мінусы ў медслужбе.
    І адчуваю, што Бог чувае. Ні разу ў жыцці мне не прыйшло ў галаву змяніць працу на больш прыбытковую, хоць гэта цалкам у маіх магчымасцях. І што я зразумеў пра сутнасць жыцця – яна ў тым, каб асэнсаваць свой шлях, асэнсаваць свой крыж, любіць і не рабіць дрэннага”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.